Мiжнароднае супрацоўнiцтва

У адпаведнасці з Палажэннем аб Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 кастрычніка 2007 г. № 630 ”Аб некаторых мерах па ўдасканаленні праватворчай дзейнасці і навуковых даследаванняў у галіне права“, Цэнтр мае права ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі, навуковымі арганізацыямі, іншымі юрыдычнымі, фізічнымі асобамі замежных дзяржаў, з міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Цэнтра, а таксама ўдзельнічаць у выкананні міждзяржаўных навуковых праграм і праектаў, ажыццяўляць міжнароднае супрацоўніцтва па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Цэнтра.

Для ажыццяўлення сваіх функцый Цэнтр мае права заключаць у межах сваёй кампетэнцыі дагаворы з органамі і арганізацыямі замежных дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі.

У мэтах рэалізацыі гэтай функцыі Цэнтрам заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве і абмене інфармацыяй з Інстытутам заканадаўства Рэспублікі Казахстан, Нацыянальным цэнтрам заканадаўства пры Прэзідэнце Рэспублікі Таджыкістан, Інстытутам заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, Эканамічным Судом Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама з шэрагам устаноў адукацыі Расійскай Федэрацыі, Украіны, Казахстана і іншых дзяржаў.

Цэнтрам створаны спрыяльныя ўмовы для абмену інфармацыяй, арганізацыі сумесных семінараў і канферэнцый, правядзення сумесных даследаванняў і распрацовак у рамках узгодненых прыярытэтных напрамкаў і праграм, устаноўлены і развіваюцца дзелавыя кантакты з міжнароднымі арганізацыямі, міждзяржаўнымі ўтварэннямі, дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі замежных дзяржаў.

На сённяшні дзень найбольш актыўна Цэнтр супрацоўнічае з органамі Саюзнай дзяржавы, Міжпарламенцкай Асамблеяй Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Праграмай развіцця ААН (ПРААН), Міністэрствам камерцыі КНР, Саветам Еўропы, ЮНФПА, ЮНІСЕФ.

У адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі з рэдакцыяй Афіцыйнага інфармацыйнага бюлетэня Швейцарскага таварыства па заканадаўстве LeGes у Цэнтр да 2018 года штогод паступалі экзэмпляры названага часопіса[1].

Акрамя таго, Цэнтр мае вопыт супрацоўніцтва:

з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі – у рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі;

з Офісам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ў Мінску – у форме ўдзелу супрацоўнікаў Цэнтра ў міжнародных семінарах і ў рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі;

з Германскім Фондам міжнароднага прававога супрацоўніцтва – у форме ўдзелу супрацоўнікаў Цэнтра ў міжнародных семінарах і канферэнцыях, у рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі;

з Інстытутам дзяржавы і права імя У.М. Карэцкага Нацыянальнай акадэміі навук Украіны – у рамках сумеснага выканання навукова-даследчых работ па грантах Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў у 2015 – 2018 гадах.

[1] З 2018 года часопіс перайшоў на электронны фармат і размяшчаецца ў сетцы Інтэрнэт.