Дзяржаўныя праграмы і планы

Падрыхтоўка праектаў нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца, як правіла, на планавай аснове. Планаванне падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў уключае распрацоўку нарматворчымі органамі (службовымі асобамі):

  • дзяржаўных праграм, якія ўтрымліваюць палажэнні аб падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў (далей – дзяржаўныя праграмы);
  • штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў і іншых планаў падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў.

Штогадовыя планы падрыхтоўкі законапраектаў распрацоўвае Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў і ўносіць іх у вызначаным парадку на зацвярджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Штогадовымі планамі падрыхтоўкі законапраектаў можа прадугледжвацца распрацоўка канцэпцый найбольш значных і складаных законапраектаў, якія ўносяцца на ўзгадненне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Нарматворчыя органы (службовыя асобы) на аснове дзяржаўных праграм і штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў могуць распрацоўваць і зацвярджаць свае планы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў.

Пры распрацоўцы планаў падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў разглядаюцца прапановы суб’ектаў права заканадаўчай ініцыятывы, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, у тым ліку навуковых, грамадскіх аб’яднанняў, грамадзян, а таксама ўлічваюцца вынікі навуковых даследаванняў у вобласці права і прававога маніторынгу.

Дзяржаўныя праграмы і планы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў зацвярджаюцца і публікуюцца ў парадку, прадугледжаным для нарматыўных прававых актаў зацвердзіўшага іх нарматворчага органа (службовай асобы).

Прапановы аб падрыхтоўцы законапраектаў (канцэпцый законапраектаў) на наступны каляндарны год накіроўваюцца ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, як правіла, не пазней 1 верасня. Прапановы аб падрыхтоўцы законапраектаў (канцэпцый законапраектаў), якія паступілі пазней 1 снежня, да разгляду не прымаюцца, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Кантроль за рэалізацыяй дзяржаўных праграм і планаў падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў ажыццяўляюць нарматворчыя органы (службовыя асобы), якія іх зацвердзілі, або ўпаўнаважаныя імі дзяржаўныя органы (арганізацыі).

Кантроль за рэалізацыяй штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў ажыццяўляе Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.