Асаблівасці правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы Цэнтрам

Правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Цэнтра .

У адпаведнасці з Положением о Национальном центре законодательства и правовых исследований Республики Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 2007 г. № 630 “О некоторых мерах по совершенствованию правотворческой деятельности и научных исследований в области права“, Цэнтрам праводзіцца абавязковая юрыдычная экспертыза праектаў законаў, якія ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, змяненняў i (або) дапаўненняў, унесеных у законапраекты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы Цэнтрам рэгулюецца таксама:

Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года
“О нормативных правовых актах Республики Беларусь” (далей — Закон);

Положением о порядке взаимодействия Совета Министров Республики Беларусь и Национального центре законодательства и правовых исследований Республики Беларусь по подготовке проектов правовых актов, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1999 г. № 389;

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359
“О мерах по совершенствованию нормотворческой деятельности”.

Методыка правядзення юрыдычнай экспертызы спецыялістамі Цэнтра вызначана Метадычнымі правіламі падрыхтоўкі заключэнняў па выніках абавязковай юрыдычнай экспертызы законапраектаў, зацверджанымі загадам дырэктара Цэнтра ад 10 жніўня 2006 г. № 33.

Абавязковая юрыдычная экспертыза праектаў законаў, што ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Праекты законаў, што ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падлягаюць абавязковай юрыдычнай экспертызе, якая праводзіцца Цэнтрам (артыкул 49 Закона). Заключэнне Цэнтра, што выдаецца па выніках такой экспертызы, у адпаведнасці з артыкулам 50 Закона з’яўляецца адным з абавязковых дакументаў, якiя дадаюцца да праекта закона, што ўносіцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Заканадаўча ўстаноўлены тэрміны прадастаўлення на абавязковую юрыдычную экспертызу праектаў законаў, уключаных у план падрыхтоўкі законапраектаў на чарговы год, і тэрміны правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы Цэнтрам. Так, у адпаведнасці з пунктам 127 Правил подготовки проектов нормативных правовых актов, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 “О мерах по совершенствованию нормотворческой деятельности” (далей — Правілы), законапраекты прадстаўляюцца на заключэнне ў Цэнтр суб’ектам права заканадаўчай ініцыятывы ў тыднёвы тэрмін па завяршэнні іх падрыхтоўкі ў адпаведнасці з планам, а законапраекты, за падрыхтоўку якіх адказным вызначаны Цэнтр, — не пазней чым за месяц да ўнясення іх у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Тэрмін падрыхтоўкі Цэнтрам заключэнняў па праектах законаў, што ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, складае адзін месяц, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. Іншы тэрмін падрыхтоўкі заключэнняў Цэнтрам вызначаны ў Палажэнні аб парадку ўзаемадзеяння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы праектаў прававых актаў. Так, у выпадку, калі суб’ектам права заканадаўчай ініцыятывы з’яўляецца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, тэрмін падрыхтоўкі Цэнтрам заключэнняў складае два тыдні, а па праектах кодэксаў — адзін месяц; акрамя таго, прадугледжана магчымасць устанаўлення Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь іншага тэрміну.

Абавязковая юрыдычная экспертыза змяненняў і (або) дапаўненняў, унесеных у законапраекты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з артыкуламі 49 і 56 Закона абавязковай юрыдычнай экспертызе ў Цэнтры падлягаюць змяненні і (або) дапаўненні, унесеныя ў праект закона ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Неабходна адзначыць, што ў дадзеным выпадку абавязковай юрыдычнай экспертызе падлягае не ўвесь праект, а толькі змяненні і (або) дапаўненні, унесеныя ў законапраект у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 56 Закона заключэнне па змяненнях і (або) дапаўненнях, унесеных у законапраекты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, рыхтуецца Цэнтрам у чатырнаццацiдзенны тэрмiн з дня атрымання адпаведнага законапраекта, калі іншы тэрмін не абумоўлены правядзеннем крыміналагічнай экспертызы па гэтым законапраекце або аб’яўленнем разгляду законапраекта тэрміновым. Пры неабходнасці атрымання дадатковай інфармацыі, а таксама па асабліва складаным законапраектам Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або па ўзгадненню з ёй можа быць устаноўлены больш працяглы тэрмін для падрыхтоўкі заключэння.”