Метадычнае кіраўніцтва падрыхтоўкай праектаў прававых актаў

Метадычнае кіраўніцтва падрыхтоўкай праектаў прававых актаў ажыццяўляецца Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў у наступных формах:

распрацоўка праектаў прававых актаў у сферы нарматворчай дзейнасці;

арганізацыя мерапрыемстваў для работнікаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па актуальных праблемах у вобласці права, у тым ліку канферэнцый (сімпозіумаў, семінараў), у адпаведнасці з зацверджанымі планамі, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або на аснове дагавораў;

абагульненне не ўрэгуляваных правіл нарматворчай тэхнікі і іншых праблем, якія ўзнікаюць у нарматворчай дзейнасці, з мэтай вызначэння адзіных падыходаў да рашэння прызначаных праблем, у тым ліку шляхам правядзення ”круглых сталоў“ з удзелам зацікаўленых прадстаўнікоў дзяржаўных органаў (арганізацый) і далейшым накіраваннем рэкамендацый ”круглых сталоў“ зацікаўленым дзяржаўным органам (арганізацыям) для прымянення ў нарматворчай дзейнасці;

падрыхтоўка растлумачэнняў па пытаннях прымянення заканадаўства, якое рэгулюе нарматворчую дзейнасць, у тым ліку дзейнасць па прымяненні патрабаванняў нарматворчай тэхнікі;

падрыхтоўка навукова-практычных каментарыяў кодэксаў і іншых законаў;

кансультаванне спецыялістаў дзяржаўных органаў (арганізацый). Большасць кансультацый даецца па розных пытаннях нарматворчай тэхнікі;

правядзенне заняткаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці (удзел у іх правядзенні) у дзяржаўных органах (арганізацыях), Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

метадычнае суправаджэнне нарматыўных прававых актаў, падрыхтаваных Цэнтрам (напрыклад, Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-З ”Об обращениях граждан и юридических лиц“ і інш.);

арганізацыя стажыровак работнікаў дзяржаўных органаў (арганізацый) у Цэнтры. Так, у Цэнтры стажыроўку праходзілі работнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, абласных выканаўчых камітэтаў і інш.;

накіраванне у Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі матэрыялаў для ўключэння ў тэматычны банк даных ”Правапрымяняльная практыка“ інфармацыйна-пошукавай сістэмы ”Эталон“;

узаемадзеянне з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі па інфармацыйным напаўненні тэматычнага банка даных ”Нарматворчасць“ (шаблоны праектаў нарматыўных прававых актаў, метадычныя матэрыялы па пытанням нарматворчасці і інш.);

удзел у вядзенні і напаўненні Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Прававога форума Беларусі (у адпаведнасці з Пагадненнем аб супрацоўніцтве ў сферы арганізацыі функцыянавання Прававога форума Беларусі ад 2 верасня 2013 г.).

У Цэнтры распрацаваны і зацверджаны загадам дырэктара ад 10 жніўня 2006 г. наступныя метадычныя рэкамендацыі:

  • Метадычныя правілы падрыхтоўкі заключэнняў па выніках абавязковай юрыдычнай экспертызы законапраектаў;
  • Метадычныя рэкамендацыі па правядзенні аналітычных даследаванняў;
  • Метадычныя рэкамендацыі па вывучэнні практыкі прымянення нарматыўных прававых актаў;
  • Метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы дзяржаўных праграм падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў і ажыццяўленню кантролю за іх рэалізацыяй;
  • Метадычныя рэкамендацыі па ўжыванні ”пакетнага“ прынцыпу падрыхтоўкі і прыняцця (выдання) праектаў нарматыўных прававых актаў;
  • Метадычныя рэкамендацыі па аналізу нарматыўных прававых актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў;
  • Метадычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы абгрунтаванняў неабходнасці прыняцця законаў Рэспублікі Беларусь і прагназаванні вынікаў іх прыняцця.

Рэкамендацыі ”круглага стала“, які адбыўся ў мэтах вызначэння адзіных падыходаў да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у нарматворчай дзейнасці

У мэтах вызначэння адзіных падыходаў да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у нарматворчай дзейнасці, адбыўся ”круглы стол“ з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі і Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. Па выніках яго правядзення былі падрыхтаваныя рэкамендацыі ”круглага стала“ для выкарыстання іх у нарматворчай дзейнасці.