Aб змяненнях у Закон Рэспублiкi Беларусь ”Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь“

Тышкевіч Аляксей Міхайлавіч
галоўны саветнік упраўлення сацыяльнага заканадаўства Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь

Закон Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 2012 года ”Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь ”Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь“ (далей – Закон 2012 года) быў распрацаваны Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і іншымі зацікаўленымі адпаведна пункту 32 плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2011 г. № 10.

Неабходнасць унясення дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ”Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь“ (далей – Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны) была выклікана ўдасканаленнем яго норм з улікам практыкі ўжывання, у тым ліку на падставе прапаноў, накіраваных ад зацікаўленых дзяржаўных органаў.

1. Закон 2012 года прадугледжвае, у прыватнасці, дапаўненне артыкула 1 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны азначэннямі тэрмінаў ”ансамбль” і ”комплекс”, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, у мэтах іх канкрэтызацыі і размежавання, а таксама карэкціроўку тэрміна “мемарыяльныя кватэры” і азначэнняў термінаў ”калекцыя” і ”культурны пласт” з улікам мадэльнага заканадаўства і навуковых распрацовак. Акрамя таго, у артыкул 13 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўнесены змяненні ў азначэнні тэрмінаў ”помнік археалогіі” і “помнікі гісторыі”.

2. З артыкулаў 1, 14, 15, 31, 34 і іншых Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны выключаны нормы, якія рэгулююць ахову нематэрыальных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Паняцце нематэрыяльнай культурнай спадчыны прыводзіцца ў адпаведнасць з асноўнымі палажэннямі Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая не прадугледжвае існаванне так званых ”фіксаваных нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей” і ”увасобленых нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей”. У прыватнасці, нематэрыяльная культурная спадчына павінна перадавацца ад пакалення да пакалення, пастаянна ўзнаўляцца яе носьбітамі і прызнавацца імі за сваю спадчыну, а не толькі быць зафіксаванай у дакументах.

3. З улікам практыкі прымянення Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўнесены змяненні ў абзац трэці артыкула 7, адпаведна з якім Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь будзе вызначаць гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія могуць быць прапанаваны для ўключэння ў Спiс сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны, Спiс сусветнай спадчыны, якая знаходзiцца пад пагрозай, або ў іншыя спісы. Уносiць у мiжнародныя арганiзацыi адпаведныя прапановы будзе Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь (абзац восьмы артыкула 9 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны).

4. З мэтай забеспячэння стабільнасці заканадаўства з артыкулаў 8, 9 і 35 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны выключаны нормы, звязаныя з вывазам за межы Рэспублiкi Беларусь рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, абмежаваных да перамяшчэння праз мытную мяжу пры вывазе на падставах неэканамiчнага характару. Адпаведныя палажэнні ў цяперашні час утрымоўваюцца ў Рашэнні Міждзяржаўнага Савету Еўразійскага эканамічнага супольніцтва ад 27 лістапада 2009 г. № 19 ”О едином нетарифном регулировании таможенного союза Республики Беларусь, Республики Казахстан и Российской Федерации“ (Положение о порядке ввоза на таможенную территорию государств-участников таможенного союза и вывоза с таможенной территории государств — участников таможенного союза культурных ценностей, документов национальных архивных фондов и оригиналов архивных документов).

5. З мэтай спрашчэння ўзгаднення пашпарта сродку вонкавай рэкламы, размешчанай на будынках, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, уносіцца дапаўненне ў кампетэнцыю мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (артыкул 10 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны).

6. Закон 2012 года прадагледжвае дапаўненне палажэннямі аб носьбітах нематэрыяльных праяўленнях творчасці чалавека пункта 2 артыкула 17 і пункта 1 артыкула 22 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

7. Практыка прымянення артыкула 25 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны паказала, што запаўненне двух уліковых дакументаў (уліковай карткі і пашпарта) на гісторыка-культурную каштоўнасць вядзе да дубліравання ўнесеных у іх звестак і бачыцца немэтазгодным. З мэтай аптымізацыі форм уліковых дакументаў, выключаецца адзін з дакументаў – уліковая картка гісторыка-культурнай каштоўнасці.

8. У мэтах павелічэння крыніц фінансавання Закон 2012 года прадугледжвае, што складанне пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці будзе ажыццяўляцца не толькі за кошт сродкаў яе ўласнiка, але і за кошт сродкаў уладальніка каштоўнасці або ўладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчана нерухомая гiсторыка-культурная каштоўнасць, а таксама iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам (пункт 6 артыкула 25 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны). Адпаведныя дапаўненні прадугледжаны ў дачыненні да ахоўных дошак, устанаўліваемых на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях (пункт 5 артыкула 28 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны), праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (пункт 2 артыкула 29 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны) і інш.

9. Артыкул 29 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны прадугледжвае вызначэнне межы тэрыторый нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей для забеспячэння захавання іх разам з навакольным асяроддзем (асабліва ў дачыненні да комплексных каштоўнасцей). Акрамя таго, агульныя зоны аховы будуць вызначацца для некалькіх нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, калі яны размешчаны побач або ўваходзяць у склад комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей (адпаведна распрацоўка праекта зоны аховы для кожнага аб’екта спадчыны з’яўляецца немэтазгоднай). Адначасова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь надзяляецца паўнамоцтвамі па ўстанаўленню складу, парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння дадзеных праектаў зон аховы.

10. Закон 2012 года ў новай рэдакцыі выкладае главу 7 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны (артыкулы 36-43).

У прыватнасці, у сувязі з тым, што разам з навукова-даследчымі і рэстаўрацыйна-аднаўленчымі работамі на гісторыка-культурных каштоўнасцях ажыццяўляюцца таксама і праектныя работы, артыкул 36 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны дапоўнены адпаведным відам работ. Таксама з улікам практыкі прымянення ўдакладняюцца асобныя віды навукова-даследчых і рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ.

Адпаведныя змяненні ўнесены ў кампетэнцыю Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь (артыкулы 11 і 43 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны).

11. Змены ў артыкул 37 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны накіраваны на скарачэнне адміністрацыйных працэдур і забеспячэнне ўзаемасувязі паміж выкананнем земляных работ і распрацоўкай навукова-даследчай дакументацыі: прапануецца выключыць дазвол на правядзенне архіўна-бібліяграфічных даследаванняў.

Паколькі неадпаведнае выкананне работ у зонах аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей можа прывесці да страты адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей аб’ектаў спадчыны, работы ў зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей будуць выконвацца толькi з дазволу Мiнiстэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

12. Закон 2012 года ўдакладняе абавязкі навуковага кіраўніка, звязаныя з выкананнем работ на гісторыка-культурых каштоўнасцях, і пазначае тэрмін ажыццяўлення яго паўнамоцтваў (артыкул 41 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны). У мэтах рэгулявання асобных пытанняў дзейнасці навуковых кіраўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь мае паўнамоцтвы па ўстанаўленню парадка назначэння навуковага кіраўніка, а таксама вызначэнню яго правоў, абавязкаў і функцый.

13. З мэтай безумоўнага выканання патрабаванняў па ўстаноўцы на матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці ахоўнай дошкі і складанню пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці дапоўнены адпаведныя абавязкі ўласніка (уладальніка) такой каштоўнасці (артыкул 53 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны).

14. У мэтах зацікаўлення ажыццяўлення мерапрыемстваў па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны ўдакладняюццца сродкі іх фінансавання (артыкул 56 Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны).

Дадзеныя змяненні і дапаўненні ў Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўступаюць у сілу з 17 жніўня 2012 года.