Манкевич И.П.,
старший научный сотрудник Института правовых исследований Национального центра законодательства и правовых исследований Республики Беларусь, кандидат юридических наук, доцент
Харчовая бяспека – складаная і шматаспектная праблема, якая мае міжнародны і нацыянальны характар, закранае кожнага асобнага чалавека, кожную сацыяльную групу насельніцтва. У сферы забеспячэння харчовай бяспекі спалучаюцца ключавыя праблемы ажыццяўлення эканамічнай і аграрнай рэформ, тэндэнцыі развіцця вытворчасці сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі, змяненне ступені залежнасці рынку рэспублікі ад сусветнага харчовага рынку, сацыяльнага становішча, плацежаздольнасці насельніцтва краіны і дзяржавы ў цэлым. Харчовая бяспека з’яўляецца найважнейшай сферай дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў [1, с. 39], а так-сама разглядаецца як умова захавання суверэнітэту і незалежнасці, эканамічнай стабільнасці і сацыяльнай устойлівасці дзяржавы [2].
Праблема харчовай бяспекі з’яўляецца для Рэспублікі Беларусь актуальнай перш за ўсё ў сувязі з трансфармацыяй эканомікі і імкненнем уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА), што з’яўляецца адной са стратэгічных задач знешнеэканамічнай палітыкі нашай краіны і аб’ектыўна адпавядаве сусветнай тэндэнцыі глабалізацыі [3, с. 4]. Далучэнне Беларусі да СГА, з аднаго боку, гарантуе атрыманне неабходных інструментаў для абароны і прасоўвання інтарэсаў краіны ў рамках сістэмы міжнароднага гандлю, з другога – ставіць перад дзяржавай задачы абмежавання мер дзяржаўнага рэгулявання, забеспячэння адпаведнасці нацыянальнага заканадаўства нормам і правілам СГА. У гэтай сувязі ва ўмовах фарміравання сучаснай дактрыны харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь актуальнымі ўяўляюцца комплекснае даследаванне тэарэтыка–прававых аспектаў харчовай бяспекі, выяўленне складнікаў, ад якіх залежыць узровень забеспячэння харчовай бяспекі з мэтай фармулявання прапаноў і рэкамендацый, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці і прававога рэгулявання дадзеных адносін.
Упершыню тэрмін «харчовая бяспека» быў уведзены ў міжнародны ўжытак пасля збожжавага крызісу 1972–1973 гг. На Генеральнай Асамблеі ААН у 1974 г. была прынята рэзалюцыя «Міжнародныя абавязацельствы па забеспячэнні харчовай бяспекі ў свеце», згодна з якой пад сусветнай харчовай бяспекай разумелася «захаванне стабільнасці на рынках харчовых тавараў пры даступнасці базавых прадуктаў харчавання для ўсіх краін свету» [4, с. 9].
У далейшым сусветная харчовая праблема толькі абвастрылася. Штогадовае павелічэнне колькасці насельніцтва ў свеце, рост коштаў на сыравіну і прадукты харчавання ў сувязі з сусветным неўраджаем у краінах–экспарцёрах сельскагаспадарчай прадукцыі, дэградацыя пасяўных плошчаў, вычарпанне прыродных рэсурсаў, пагаршэнне экалагічнай сітуацыі ў цэлым – гэтыя і іншыя фактары сталі перашкаджаць далейшаму развіццю сусветнай вытворчасці сельскагаспадарчай сыравіны і харчовых тавараў. Пад уздзеяннем вышэйадзначаных працэсаў сфарміраваўся іншы падыход да праблемы харчовай бяспекі, згодна з якім дасягненне харчовай бяспекі ў сусветным маштабе магчыма толькі праз забеспячэнне яе ў кожнай асобнай дзяржаве.
Выдзяляюць некалькі ўзроўняў харчовай бяспекі: сусветную, нацыянальную і мясцовую харчовую бяспеку [5, с. 327]. Паводле думкі З.М. Ільіной, сусветная харчовая бяспека ўяўляе сабой такі стан сусветнай эканомікі, пры якім гарантуюцца фізічная і эканамічная даступнасць прадуктаў у колькасці, неабходнай для актыўнага і здаровага жыцця кожнага чалавека, які жыве на нашай планеце [6, с. 41]. Пры гэтым адным з найбольш важных крытэрыяў харчовай бяспекі ў свеце лічыцца ступень самазабяспечанасці асноўнымі відамі прадуктаў харчавання і ўзровень іх пераходных запасаў. Яны павінны складаць прыкладна 17% гадавога спажывання [7, с. 10]. Дзейнасць, звязаную з харчовай бяспекай, на сусветным узроўні ажыццяўляюць міжнародныя ўстановы, вядучымі сярод якіх з’яўляюцца спецыялізаваныя ўстановы ААН – Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН і Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця [8, с. 87]. Праблемы розных узроўняў узаемазвязаныя. Вырашаючы іх на сусветным узроўні, сусветная супольнасць аказвае садзейнічанне канкрэтным рэгіёнам і краінам у пераадоленні голаду.
Нацыянальная харчовая бяспека разглядаецца як абароненасць сістэмы харчовага забеспячэння насельніцтва краіны, пры якой гарантуюцца захаванне і развіццё адпаведнай вытворчай базы, неабходных рэсурсаў і запасаў, бесперабойнае і дастатковае (па медыцынскіх нормах) забеспячэнне жыхароў асноўнымі прадуктамі харчавання. Спецыялістамі вызначана, што нацыянальная харчовая бяспека грунтуецца на канцэпцыі самазабеспячэння асноўнымі відамі харчавання як адной з складаючых эканамічнай бяспекі ў цэлым. Устанаўленне імпартнай залежнасці па прадуктах харчавання стварае пагрозу эканамічнай бяспецы краіны, небяспецы заваявання яе ўнутранага рынку замежнымі фірмамі [9, с. 46]. У сучасных умовах для забеспячэння нацыянальнай харчовай бяспекі неабходны падтрымка і развіццё ўласнай вытворчасці харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання, скарачэнне імпарту. Такой палітыкі прытрымліваюцца многія еўрапейскія краіны. Так, напрыклад, высокі ўзровень самазабеспячэння прадуктамі харчавання ўласцівы ЗША і Францыі – больш за 100%, Германіі – 93, Італіі – 78, для беднай на ўрадлівыя глебы Японіі ён складае 50% [10, с.7].
Забеспячэнне харчовай бяспекі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі і для Рэспублікі Беларусь. Прынятая ў 2001 годзе Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь паслужыла асновай для выпрацоўкі кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне нацыянальнай бяспекі, распрацоўкі адпаведных нарматыўных прававых актаў, удасканалення кіраўніцкіх структур і арганізацыі дзейнасці органаў забеспячэння нацыянальная бяспекі [11].
Новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 575 ад 9 лістапада 2010 г., захоўвае пераемнасць у адносінах да раней прынятых асноватворных дакументаў у сферы нацыянальнай бяспекі і зыходзіць з асноўных тэндэнцый развіцця Рэспублікі Беларусь, яе месца і ролі ў сучасным свеце [12, п. 3].
Важным складнікам нацыянальнай бяспекі з’яўляецца эканамічная бяспека, якая разглядаецца як стан эканомікі, пры якім гарантавана забяспечваецца абароненасць нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь ад унутраных і знешніх пагроз [12, п. 4]. Працэс забеспячэння эканамічнай бяспекі праяўляецца ў розных сферах эканамічнай сістэмы: вытворчай, знешнеэканамічнай, фінансавай, сацыяльнай, інфраструктурнай, а таксама харчовай. Падтрыманне гарантаванага ўзроўню харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь прызнана адным з асноўных нацыянальных інтарэсаў у эканамічнай сферы [12, п. 10].
З мэтай забеспячэння харчовай бяспекі на аснове тэарэтычных і прыкладных даследаванняў была распрацавана Канцэпцыя харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь [2]. З’яўляючыся часткай нацыянальнай эканамічнай бяспекі, харчовая бяспека – адна з гарантый у забеспячэнні права на належны ўзровень жыцця, замацаваны ў арт. 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь [13]. З указанага артыкула Канстытуцыі Рэспублікі вынікае права на дастатковае харчаванне чалавека, што і з’яўляецца адной з асноўных задач дзяржавы, якая заклікана забяспечыць харчовую бяспеку.
Разглядаючы тэарэтыка-прававыя аспекты забеспячэння харчовай бяспекі, уяўляецца неабходным спыніцца на паняццях «бяспека», «харчовая бяспека» і іх складніках.
Паняцце «бяспека» ўжываецца ў адносінах да многіх працэсаў. У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» паняцце «бяспека» тлумачыцца як адсутнасць небяспекі, становішча, пры якім каму ці чаму-небудзь ніхто і нішто не пагражае [14, с. 443]. Прававая прырода бяспекі заключаецца ў тым, што права з’яўляецца сродкам, які садзейнічае дасягненню, у тым ліку і харчовай бяспекі.
Паняцце «харчовая бяспека» (як падсістэма бяспекі), трактуецца альбо дастаткова шырока, і ў яго змест уключаюцца розныя аспекты дзейнасці, звязанай з развіццём сельскай гаспадаркі і аграпрамысловай вытворчасці, арганізацыяй харчовага забеспячэння, аказаннем адраснай сацыяльнай харчовай дапамогі насельніцтву і г.д., альбо гэты тэрмін разумеецца занадта вузка – як узровень залежнасці дзяржавы ад імпарту па асноўных відах прадуктаў харчавання [15, с. 5–6].
Так, паводле меркавання А.А. Кудрашовай, тэрмін харчовая бяспека выкарыстоўваецца пераважна для характарыстыкі ўзроўню развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці і харчовай незалежнасці асобных дзяржаў ад імпарту прадукцыі, даступнасці насельніцтва да якасных і разнастайных прадуктаў харчавання [16, с. 18]. Некаторыя аўтары пад харчовай бяспекай разумеюць адсутнасць рызыкі для жыцця і здароўя чалавека пры спажыванні тых ці іншых прадуктаў харчавання [17, с. 64].
У адпаведнасці з Канцэпцыяй харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь яна разглядаецца як умова захавання суверэнітэту і незалежнасці дзяржаў, а таксама як фактар падтрымання кан’юнктуры нацыянальнага і рэгіянальных харчовых рынкаў, якія забяспечваюць дастатковы ўзровень збалансаванага харчавання насельніцтва і эфектыўнага развіцця знешнегандлёвых харчовых і сыравінных сувязей, узмацненне экспартнай арыентацыі аграпрамысловага комплексу. Харчовая бяспека патрабуе вырашэння наступных задач: стварэнне стабільных эканамічных умоў; правядзенне эфектыўнай аграрнай палітыкі; правядзенне сацыяльнай палітыкі, накіраванай на выкараненне беднасці і няроўнасці з боку даступнасці прадуктаў харчавання; забеспячэнне адэкватнасці харчовых паставак задавальненню патрэбнасцей насельніцтва і інш. [2].
Важнейшымі складнікамі харчовай бяспекі з’яўляюцца наступныя.
1. Забеспячэнне фізічнай даступнасці прадуктаў кожнаму жыхару. Дасягненне гэтай умовы забяспечваецца за кошт дзяржаўнага кантролю за знешнімі і ўнутранымі пастаўкамі, а таксама запасамі прадуктаў харчавання, якія ёсць у наяўнасці.
2. Забеспячэнне эканамічнай даступнасці прадуктаў, г.зн. магчымасці набывання прадуктаў усімі сацыяльнымі групамі насельніцтва, у тым ліку і маламаёмнымі, шляхам павышэння жыццёвага ўзроўню ці прыняцця неабходных мер сацыяльнай абароны. Дасягненне гэтай умовы забяспечваецца як за кошт падтрымання дастатковага ўзроўню даходаў насельніцтва, так і за кошт кантролю за ўзроўнем цэн на прадукты харчавання.
3. Забеспячэнне якасці і бяспекі спажываемых прадуктаў харчавання. Праблема якасці і бяспекі прадуктаў харчавання цесна звязана з праблемай харчовай бяспекі, ёй надаецца сур’ёзная ўвага. Якасць сыравіны і прадуктаў харчавання павінна адпавядаць устаноўленым патрабаванням і гарантаваць бяспечнае спажыванне ў колькасці, дастатковай для рацыянальнага харчавання па энергетычнай каштоўнасці і збалансаванай па важнейшых жыццезабеспячальных элементах [7, с. 10]. Асаблівай увагі патрабуе абарот сыравіны і прадуктаў, атрыманых з выкарыстаннем генетычна мадыфікаваных крыніц, у сувязі з чым мяркуецца ўводзіць меры па сертыфікацыі і стымуляванні вытворчасці экалагічна частай высакаякаснай прадукцыі [7, с. 13].
У Рэспубліцы Беларусь кантроль якасці прадукцыі вядзецца на ўсіх этапах, пачынаючы ад вытворчасці і канчаючы гандлем. З мэтай рэгулявання адносін у галіне забеспячэння якасці харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, а таксама іх бяспекі ў 2003 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання для жыцця і здароўя чалавека [18]. Асаблівая ўвага надаецца кантролю якасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў раёнах, забруджаных радыёнуклідамі, дзе побач з мерамі дазіметрычнага кантролю прымяняюцца меры па папярэджанні забруджвання шляхам дадатковага ўнясення мінеральных угнаенняў і вапнавання глеб, а таксама змянення спецыялізацыі сельскагаспадарчых арганізацый. Але дзяржаўную палітыку ў галіне здаровага харчавання насельніцтва неабходна ўдасканальваць з улікам змяненняў сацыяльна-эканамічнай, экалагічнай сітуацыі, дэмаграфічнага складу і з’яўлення новых навуковых уяўленняў аб здаровым і якасным харчаванні. Праблема вытворчасці якаснай прадукцыі, забеспячэнне харчовай бяспекі павінны стаць сістэмаўтвараючым фактарам [19, с. 62].
Важным складнікам у забеспячэнні харчовай бяспекі з’яўляецца сельская гаспадарка, якая адыгрывае істотную ролю ў эканоміцы Беларусі. З’яўляючыся складанай, спецыфічнай галіной эканомікі, менавіта сельская гаспадарка здольна забяспечыць вытворчасць дастатковай для фізічнага і сацыяльнага развіцця асобы колькасці сельскагаспадарчай сыравіны, забяспечыўшы, такім чынам, права на дастатковае харчаванне, і вырашыць праблему харчовай бяспекі дзяржавы, што выклікае неабходнасць шматбаковай дзяржаўнай падтрымкі і актыўнага ўкаранення інавацый у сферу сельскагаспадарчай вытворчасці. Як адзначаюць Г.Я. Быстроў, М.І. Козыр, «сусветны вопыт развіцця сельскай гаспадаркі ў замежных краінах сведчыць, што дзяржаўнае рэгуляванне развіцця сельскай гаспадаркі – гэта не толькі неабходнасць, але і заканамернасць развіцця для большасці замежных дзяржаў» [20, с. 102].
Сусветны вопыт сведчыць аб тым, што ажыццяўляць сельскагаспадарчую вытворчасць без дзяржаўнай падтрымкі складана, а ў большасці выпадкаў немагчыма. У якасці асноў падтрымкі сельскай гаспадаркі з боку дзяржавы могуць быць не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя, палітычныя, экалагічныя, дэмаграфічныя, навукова-тэхнічныя меры. «Калі дзяржава не будзе падтрымліваць сваю сельскую гаспадарку, то яна будзе вымушана падтрымліваць сельскую гаспадарку іншых краін» [21, с. 27].
Пытанні аналізу форм, напрамкаў, метадаў і аб’ёмаў дзяржаўнай падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі з’яўляюцца дыскусійнымі. Прычына заключаецца ў своеасаблівасці развіцця і сацыяльнай значнасці аграрнага сектара для эканомікі і бяспекі асобных дзяржаў. У Рэспубліцы Беларусь узровень падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі дастаткова высокі. Найбольш нізкі ўзровень сярод краін СНД ва Украіне. Напрыклад, адносіны бюджэтнай падтрымкі сельскай гаспадаркі да дабаўленай вартасці ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў два разы вышэй, чым ва Украіне. Удзельная вага сельскай гаспадаркі ў сукупных бюджэтных выдатках Беларусі значнай вышэй, чым, напрыклад, у Германіі (2,0%), ЗША (3, 7%), Расіі (2, 6%) [22, с. 34].
Перш за ўсё трэба адзначыць, што ў нацыянальным заканадаўстве адсутнічае адзінае азначэнне паняцця дзяржаўнай падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі (сельскагаспадарчых таваравытворцаў). У юрыдычнай і эканамічнай літаратуры таксама прапаноўваюцца розныя азначэнні дадзенага паняцця. Напрыклад, В.Н. Кульнеў пад дзяржаўнай падтрымкай сельскагаспадарчых таваравытворцаў разумее «сістэму мер, накіраваную на выплату за кошт дзяржаўнага бюджэту грашовых сродкаў непасрэдна сельскагаспадарчым таваравытворцам з мэтай прамога павелі чэння іх даходаў» [23, с. 9], што ўяўляецца дастаткова вузкім, бо «формы дзяржаўнай падтрымкі сельскагаспадарчых таваравытворцаў могуць і павінны напаўняцца розным зместам у залежнасці ад патрэбнасцей у тым ці іншым відзе гэтай падтрымкі» [24, с. 101–102]. Паводле меркавання В.С. Елісеева, «дзяржаўная падтрымка разумеецца як дастаткова шырокая з’ява, якая ўключае ў сябе зусім розныя паводле галіновай прыроды эканамічныя метады, якія пры такім падыходзе не дазваляюць унесці пэўнасць у праблему іх прававой рэгламентацыі на ўзроўні адпаведных інстытутаў эканамічных абавязацельстваў з прычыны таго, што ў дзяржаўнай падтрымцы знаходзяць прымяненне інстытуты абавязацельстваў, якія дапускаюць знаходжанне ў розных галінах права» [25, с. 37].
У апошнія гады ў Рэспубліцы Беларусь быў прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія ўнеслі змены ў змест інстытута дзяржаўнай падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Вызначальным фактарам у механізме дзяржаўнай падтрымкі сёння з’яўляецца бюджэтная падтрымка, якая рэалізуецца праз мэтавыя праграмы, г.зн. прымяняецца прынцып праграмна-мэтавага падыходу, у выніку чаго прымаюцца канкрэтныя мэтавыя праграмы, якія прадугледжваюць канкрэтныя мерапрыемствы падтрымкі сельскай гаспадаркі. Напрыклад, прынята Дзяржаўная праграма «Інавацыйныя біятэхналогіі» на 2010–2012 гады і на перыяд да 2015 года [26]. Фінансаванне заданняў дадзенай Дзяржаўнай праграмы, якія маюць сельскагаспадарчую накіраванасць, прадугледжваецца за кошт рэспубліканскага фонду падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, харчавання і аграрнай навукі, інавацыйных фондаў.
Змены адлюстроўваюцца і на азначэнні самога паняцця дзяржаўнай падтрымкі, якое прапаноўваецца разглядаць як сукупнасць мер, што здзяйсняюцца ў рамках канкрэтных мэтавых праграм і накіраваны на аказанне сельскай гаспадарцы за кошт бюджэтных сродкаў усіх узроўняў усебаковай дапамогі як праз прамую перадачу грашовых сродкаў непасрэдна сельскагаспадарчым таваравытворцам, так і шляхам фінансавання розных мерапрыемстваў па развіцці сельскай інфраструктуры, падрыхтоўцы кадраў, павышэнні занятасці і г.д. [27, с. 14].
Змест дзяржаўнай падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі складаюць меры ўздзеяння, якія выкарыстоўваюцца дзяржавай з мэтай падтрымкі. Меры дзяржаўнай падтрымкі ўяўляюць сабой складаны эканоміка-прававы механізм рэгулявання грамадскіх адносін, з дапамогай якога сельскагаспадарчым таваравытворцам аказваецца неабходная для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці розная матэрыяльная, фінансавая і кансультатыўная дапамога і падтрымка з боку дзяржавы [24, с. 101].
З прычыны разнастайнасці мер дзяржаўнай падтрымкі ўзнікае праблема іх класіфікацыі. У літаратуры прапаноўваецца класіфікаваць меры падтрымкі на чатыры групы: меры, якія прадугледжваюць прамыя бюджэтныя выплаты непасрэдна сельскагаспадарчым таваравытворцам з мэтай падтрымкі іх даходаў (субсідыі, кампенсацыйныя плацяжы і г.д.); меры, накіраваныя на падтрымку інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве і набыцці асноўных фондаў, меліярацыі зямель (лізінг з удзелам дзяржавы); меры, накіраваныя на забеспячэнне ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый, павышэнне ўзроўню жыцця сельскага насельніцтва (упарадкаванне тэрыторыі, жыллёвае будаўніцтва і г.д.); меры, накіраваныя на фінансаванне паслуг, якія аказваюцца сельскагаспадарчым таваравытворцам (аказанне інфармацыйна-кансультатыўнай дапамогі, падрыхтоўка кадраў) [27, с. 14].
У Рэспубліцы Беларусь дзяржаўная падтрымка сельскагаспадарчых таваравытворцаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў і дапускае выкарыстанне механізмаў ільготнага падаткаабкладання, крэдытавання, лізінгу, коштаўтварэння, страхавання [28, с. 30]. Аналіз мер дзяржаўнай падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі дазваляе зрабіць высновы аб дастаткова высокім узроўні іх дзяржаўнай падтрымкі ў Рэспубліцы Беларусь. Але імкненне Рэспублікі Беларусь падчас забеспячэння харчовай бяспекі далучыцца да СГА актуалізуе разгляд пытанняў дзяржаўнай падтрымкі айчынных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі праз прызму норм гэтай міжнароднай арганізацыі. Пагадненне Сусветнай гандлёвай арганізацыі па сельскай гаспадарцы разглядае харчовую бяспеку ў якасці неабходнага негандлёвага пытання прававога рэгулявання міжнароднага гандлю, але ў той жа час указанае пагадненне накіравана на лібералізацыю гандлю прадуктамі харчавання, што супярэчыць мэтам забеспячэння харчовай бяспекі асобных дзяржаў-членаў СГА [29, с. 18].
Пры ўступленні ў СГА Рэспубліка Беларусь будзе вымушана фактычна адмяніць субсідыі і меры падтрымкі сваім таваравытворцам і адкрыць шырокі доступ замежным таварам і фірмам на ўнутраны рынак. З мэтай аслаблення негатыўнага ўздзеяння членства ў СГА на харчовую бяспеку мэтазгодна ўжо сёння распрацоўваць меры (мерапрыемствы) па адаптацыі сельскай гаспадаркі да ўмоў работы пасля далучэння да СГА. Неабходна распрацаваць і прыняць канцэпцыю (праграму) адаптацыі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці да ўмоў працы пры далучэнні да СГА, у якой магчыма прадугледзець: правядзенне эфектыўнай мытна-тарыфнай і нетарыфнай палітыкі; рэгуляванне коштаў на прадукцыю; удасканаленне сістэмы маніторынгу сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі; даступнасць рыначнай інфармацыі для ўсіх суб’ектаў аграхарчовага рынку [30, с. 24].
У цяперашні час дзве трэці бюджэтнай падтрымкі, якая выдзяляецца сельскай гаспадарцы, паступае ў выглядзе мер, якія лічуцца мерамі, што скажаюць умовы знешняга гандлю, г.зн. мерамі, якія адносяцца да «жоўтага кошыка» паводле тэрміналогіі СГА. Тыповымі прыкладамі «жоўтага кошыка» з’яўляюцца коштавая падтрымка і субсідзіраванне рэсурсаў. У рамках СГА ў адносінах да мер «жоўтага кошыка» прымаюцца абавязацельствы па іх скарачэнні. Што датычыцца мер «зялёнага кошыка» такімі лічуцца меры падтрымкі айчынных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, якія не выклікаюць скажэнняў у гандлі ці вытворчасці, сярод іх навуковыя даследаванні, захаванне дзяржаўных запасаў з мэтай забеспячэння харчовай бяспекі, уклад дзяржавы ў страхаванне даходаў і праграмы абароны даходаў; экалагічныя праграмы і г.д. У Беларусі ўдзельная вага мер «зялёнага кошыка» крыху скарацілася з 11 % у 2005 г. да 9 % у 2009 г. [22, с. 37].
Такім чынам, улічваючы, што меры «жоўтага кошыка» ў бюджэце Беларусі займаюць вялікую ўдзельную вагу, уяўляецца неабходным перагледзе характар і структуру дзяржаўнай падтрымкі сельскагаспадарчых таваравытворцаў, каб прывесці ў адпаведнасць з агульнапрынятай практыкай краін-членаў СГА. Дзяржаўная падтрымка павінна быць накіравана на павышэнне канкурэнтаздольнасці, стымуляванне росту сельскагаспадарчай вытворчасці і ў цэлым інавацыйнага развіцця сельскай гаспадаркі, а таксама стварэнне ўмоў для забеспячэння жыццяздольнасці сельскіх тэрыторый. Прыярытэтнымі напрамкамі павінны застацца рэгуляванне рынку сельскагаспадарчай палітыкі, падтрымка крэдытавання і развіццё страхавання.
Выказанае дазваляе зрабіць выснову аб неабходнасці далейшага ўдасканалення прававога механізма дзяржаўнай падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, напрамкі ўдасканалення якога неабходна разглядаць з улікам тых вынікаў, якія могуць мець месца пры ўступленні Рэспублікі Беларусь у СГА. У гэтай сувязі трэба згадзіцца з думкай прафесара Б.А. Вароніна, які адзначае: «наколькі дзяржава зацікаўлена ў нармальным развіцці аграрных адносін, настолькі яна і будзе імкнуцца апасродкаваць іх юрыдычнымі нормамі. Таму ўзровень і якасць прававога рэгулявання сельскагаспадарчай дзейнасці ў значнай ступені вызначае эфектыўнасць аграрнай вытворчасці і, у канчатковым выніку, гарантаванасць харчовай бяспекі» [31, с. 6]. Асноўнай галіной заканадаўства, непасрэдна звязанай з забеспячэннем харчовай бяспекі, «з’яўляецца ўсё ж аграрнае заканадаўства, паколькі менавіта сельская гаспадарка забяспечвае краіну прадуктамі харчавання, і, значыць, ад узроўню яго развіцця залежыць стан харчовай бяспекі» [32, с. 49]. Паводле меркавання А.А. Галіноўскай, «прававое рэгуляванне ў сельскай гаспадарцы павінна вырашаць як мінімум дзве задачы:
— далейшае юрыдычнае замацаванне пераўтварэнняў і дзяржаўнае рэгуляванне гэтай галіны, у тым ліку карэкціроўка рэалізуемых метадаў і выпраўленне дапушчаных пралікаў;
— узмацненне прававой абароны сельскагаспадарчых таваравытворцаў. Для гэтага неабходна больш уважлівая суаднесенасць норм, якія рэгулююць адносіны ў сельскай гаспадарцы, з агульнымі палажэннямі базавых галін права; пастаянны аналіз удзелу аграрных таваравытворцаў у прававых адносінах для выяўлення сапраўднай спецыфікі аграрных праваадносін; павышэнне прававой дысцыпліны і пісьменнасці» [33, с. 65].
Да асноў прававога рэгулявання базавых складнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці неабходна аднесці: агульнае рэгуляванне напрамкаў развіцця сельскай гаспадаркі; рэгуляванне экалагічных аспектаў сельскагаспадарчага землекарыстання; рэгуляванне форм стварэння і дзейнасці вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі; рэгуляванне фінансавых, падатковых, страхавых адносін сельгасвытворцаў, аказанне ім фінансавай падтрымкі [1, с. 43]. У цяперашні час дадзеныя напрамкі ў значнай ступені рэалізуюцца праз Законы Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай дзейнасці», «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі», Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Пытанні абавязковага страхавання сельскагаспадарчых культур, жывёлы і птушкі» і шэраг іншых [34-36]. Але прымаючы пад увагу, што ва ўмовах абвастрэння сусветнай харчовай сітуацыі суверэнітэт краіны, яе харчовую бяспеку забяспечыць толькі ўстойлівая сельская гаспадарка, а таксама ўлічваючы, што мэта, задачы, працэсы забеспячэння харчовай бяспекі і развіцця сельскай гаспадаркі непарыўна звязаны паміж сабой, неабходным для далейшага развіцця забеспячэння харчовай бяспекі, а таксама для фарміравання асноў дзяржаўнага рэгулявання і падтрымкі сельскагаспадарчых таваравытворцаў трэба лічыць удасканаленне аграрнага заканадаўства. У прыватнасці, адчуваецца патрэба ва ўдасканаленні заканадаўства аб насенняводстве, жывёлагадоўлі, страхаванні сельскагаспадарчай вытворчасці і інш., што выклікае неабходнасць унясення змен і дапаўненняў у дзеючыя нарматыўныя прававыя акты, а таксама распрацоўку і прыняцце новых (напрыклад, аб селекцыйнай дзейнасці, аб страхаванні сельскагаспадарчай вытворчасці).
У перспектыве актуальным уяўляецца сістэматызацыя аграрнага заканадаўства, якая прадвызначана патрэбнасцю яго ўдасканалення, устараненне прабелаў і супярэчнасцей. Упарадкаванне і ўдасканаленне заканадаўства з’яўляецца характэрнай прыкметай працэсу развіцця цывілізаванай прававой дзяржавы [37, с. 40–41]. Акрамя таго, сістэматызацыя садзейнічае даступнасці заканадаўства. Найбольш прымальнай бачыцца кадыфікацыя як спосаб сістэматызацыі, якая прадугледжвае перагляд папярэдняга заканадаўчага матэрыялу, аналіз крыніц існуючага пазітыўнага права ў цэлым з мэтай прыстасавання дзеючага заканадаўства да новых умоў [38, с. 96]. У гэтай сувязі, з улікам вышэйсказанага, неабходна распрацоўка і прыняцце Аграрнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўка якога была прадугледжана яшчэ Канцэпцыяй удасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, адобраная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 10 красавіка 2002 г. № 205 [39].
Такім чынам, харчовая бяспека дзяржавы забяспечваецца сукупнасцю эканамічных, экалагічных, сацыяльных і іншых умоў, звязаных як з развіццём сельскай гаспадаркі і ўсяго харчовага комплексу, так і агульным устойлівым развіццём краіны. Сістэма прававых норм, якія рэгулююць сферу забеспячэння харчовай бяспекі, таксама носіць комплексны і шматаспектны характар, уключаючы нормы аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання для жыцця і здароўя чалавека, санітарных, фітасанітарных мерах у гандлі, ветэрынарнай дзейнасці, бяспецы генна-інжынернай дзейнасці і інш.
Але сёння ўлічаны яшчэ не ўсе бакі гэтай шматграннай праблемы. Нягледзячы на тое, што харчовая праблема разглядаецца як лёс перш за ўсё адсталых краін, свае праграмы, законы па забеспячэнні нацыянальнай харчовай бяспекі маюць усе развітыя краіны свету, уключаючы ЗША, Японію, дзяржавы ЕС [8, с. 87]. Таму ўяўляецца неабходным распрацаваць і прыняць сістэму нарматыўных прававых актаў у сферы забеспячэння харчовай бяспекі, аснову якіх можа скласці Закон Рэспублікі Беларусь «Аб харчовай бяспецы». Дадзены Закон закліканы стаць прававой асновай для далейшага развіцця існуючых і ўкаранення новых механізмаў забеспячэння харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь. У структуру такога закона павінны ўвайсці нормы, якія раскрываюць значэнне тэрміна «харчовая бяспека», вызначэнне паняцця харчовая бяспека, крытэрыі ацэнкі ўзроўню харчовай бяспекі, галоўнымі з якіх павінны стаць фізічная і эканамічная даступнасць прадуктаў харчавання для насельніцтва, а таксама якасць і бяспека прадуктаў харчавання, меры і механізмы забеспячэння харчовай бяспекі. У сувязі з разнастайнасцю задач, форм і метадаў забеспячэння харчовай бяспекі, вызначаных у цяперашні час у розных нарматыўных прававых актах, прыняцце Закона «Аб харчовай бяспецы» дазволіць упарадкаваць дадзеную галіну грамадскіх адносін праз комплекснае аднастайнае прававое рэгуляванне. Якаснае прававое рэгуляванне павінна стаць гарантыяй забеспячэння харчовай бяспекі.
ЛИТЕРАТУРА
- Кузнецов, С.А. Нормативно-правовые аспекты обеспечения продовольственной безопасности Российской Федерации / С.А. Кузнецов // Аграрное и земельное право. – 2009. – № 1 (49). – С. 39–43.
- О Концепции национальной продовольственной безопасности Республики Беларусь: Постановление Совета Министров Респ. Беларусь, 10 марта 2004 г., № 252 // Эталон-Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- Турбан, Г.В. Всемирная торговая организация и регулирование международной торговли : практ. пособие / Г.В. Турбан. – Минск: Белтаможсервис, 2000. – 56 с.
- Баганов, В.Ю. Продовольственная безопасность: сущность, проблемы, подходы и решения: автореф. дис. … канд. экон. наук / В.Ю. Баганов; Ирк. гос. экон. академия. – Иркутск, 2001. – 19 с.
- Национальная безопасность Республики Беларусь. Современное состояние и перспективы / Мясникович М.В. [и др.]. – Минск: ИООО «Право и экономика», 2003. – 562 с.
- Ильина, З.М. Научные основы продовольственной безопасности / З.М. Ильина. — Минск: ООО «Мисанта», 2001. – 228 с.
- Ушачев, И.Г. Обеспечение продовольственной безопасности России: проблемы и пути решения / И.Г. Ушачев // Аграрное и земельное право. — 2009. — № 1 (49). – С. 9–14.
- Файзуллин, Г.Г. Роль государства в обеспечении продовольственной безопасности: международно-правовой аспект / Г.Г. Файзулин // Аграрное и земельное право. — 2008. — № 10 (46). – С. 83-87.
- Масленникова, О.А. Экономические аспекты обеспечения продовольственной безопасности России / О.А. Масленникова // Аграрное и земельное право. — 2009. — № 1 (49). – С. 44-48.
- Ушачев, И.Г. Стратегические направления обеспечения продовольственной безопасности России / И.Г. Ушачев // Экономика сельскохозяйственных предприятий. – 2002. – № 5. – С. 7–11.
- Концепция национальной безопасности Республики Беларусь: утв. Указом Президента Респ. Беларусь, 17 июля 2001 г., № 390 // Эталон-Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- Концепция национальной безопасности Республики Беларусь: утв. Указом Президента Респ. Беларусь, 9 нояб. 2010 г., № 575 // Эталон-Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- Конституция Республики Беларусь 1994 года (с изменениями и дополнениями, принятыми на респ. референдумах 24 нояб. 1996 г. и 17 окт. 2004 г.). – Минск: Амалфея, 2005. – 48 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы : у 5 т., 6 кн. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства ; пад агул. рэд. К.К. Атраховіча (К. Крапівы). – Мінск : БелСЭ, 1977–1984. – Т. 1: А–В. / рэд. тома М.П. Лобан. – 1977. – 608 с.
- Маргулис, Е.И. Теоретические и методологические аспекты повышения устойчивости продовольственной безопасности страны: автореф. дис…. д-ра экон. наук / Е.И. Маргулис; Моск. гос. ун-т технологий и управления. – М., 2005. – 53 с.
- Кудряшева, А.А., Преснякова, О.П. Продовольственная безопасность: показатели, критерии, категории и масштабы / А.А. Кудряшева, О.П. Преснякова // Пищевая промышленность. – 2005. – № 8. –С. 18–21.
- Преснякова, О.П. Проблемы продовольственной безопасности /О.П. Преснякова // Аграрное и земельное право. – 2009. – № 1 (49). – С. 62–65.
- О качестве и безопасности продовольственного сырья и пищевых продуктов для жизни и здоровья человека: Закон Респ. Беларусь, 29 июня 2003 г., № 217-З: в ред. Закона Респ. Беларусь, 29 мая 2008г., № 343-З // Эталон – Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- Пашова, М.С. Проблемы производства качественной сельскохозяйственной продукции / М.С. Пашова // Аграрное и земельное право. – 2008. – № 9 (45). – С. 56–62.
- Аграрное право: Учебник для юридических вузов / Отв. ред. Г.Е. Быстров, М.И. Козырь. – М.: Юристъ, 1996. – 376 с.
- Саблук, П.Т. Формирование экономических основ продовольственнй безопасности Украины / П.Т. Саблук // Аграрное и земельное право. – 2009. – № 1 (49). – С. 66–71.
- Беларусь. Производительность и конкурентоспособность сельского хозяйства: влияние государственной поддержки и регулирования рынков: доклад № 48335–BY. – Документ Всемирного банка. – Минск: БГУ, 2009. – 114 с.
- Кульнев, В.Н. Правовое регулирование государственной поддержки сельскохозяйственных товаропроизводителей в Российской Федерации: дис. …канд. юрид. наук / В.Н. Кульнев. – М., 2002. – 248 с.
- Козырь, М.И. Государственное регулирование сельского хозяйства / М.И. Козырь // Аграрная реформа в Российской Федерации: правовые проблемы и решения. – М., 1998. – С. 91–119.
- Елисеев, В.С. О природе обязательств государственной поддержки (на примере сельскохозяйственного законодательства) / В.С. Елисеев // Государство и право. – 2008. – № 10. – С. 37–44.
- О Государственной программе «Инновационные биотехнологии» на 2010-2012 годы и на период до 2015 года: постановление Совета Министров Респ. Беларусь, 23 октября 2009 г., № 1386 // Эталон – Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- Глебова, О.В. Понятие и содержание государственной поддержки сельскохозяйственных товаропроизводителей в России / О.В. Глебова // Аграрное и земельное право. – 2010. – № 4 (64). – С. 12–17.
- Сторожев, Н.В. Аграрное право Республики Беларусь: Курс лекций: Общая часть / Н.В. Сторожев, И.П. Кузьмич. – Минск: БГУ, 2003. – 206 с.
- Тарасов, В.И. Основные положения концепции обеспечения продовольственной безопасности ЕврАзЭС / В.И. Тарасов, З.М. Ильина, Б.С. Оспанов // Аграрное и земельное право. — 2009. — № 1 (49). – С. 15-19.
- Алтухов, А.И Продовольственная безопасность как фактор внутренней и внешней стабильности России / А.И. Алтухов // Аграрное и земельное право. — 2009. — № 1 (49). – С. 20-25.
- Воронин, Б. А. Аграрно-правовая наука и ее роль в правовом регулировании сельскохозяйственной деятельности / Б.А. Воронин // Аграрное и земельное право. – 2010. – № 4 (64). – С. 6–11.
- Минина, Е.Л. Законодательное обеспечение аграрной политики в России / Е.Л. Минина // Журнал рос. права. — 2006. — № 5. – С. 46–52.
- Галиновская, Е.А. Основные правовые проблемы государственного регулирования агропромышленного комплекса России /Е.А. Галиновская // Журнал рос. права. – 2006. – № 4. – С. 62–70.
- О ветеринарной деятельности: Закон Респ. Беларусь, 2 июля 2010 г., № 161-3 // Эталон-Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- О племенном деле в животноводстве: Закон Респ. Беларусь, 28 сент. 1994 г., № 3244-XII: в ред. Закона Респ. Беларусь, 28 дек. 2009г., № 96-З // Эталон-Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- О страховой деятельности: Указ Президента Респ. Беларусь, 25 авг. 2006 г. № 530: с изм. и доп.: текст по состоянию на 22июля 2010 г. // Эталон-Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.
- Подковенко, Т. Система законодавства Украiни: стан та шляхи вдосконалення / Т. Подковенко // Право Украiни. – 2005. – № 9. – С. 40–44.
- Остапьюк, А.Ю. Развитие аграрного законодательства Украины и вопросы его соотношения с гражданским и земельным законодательством / А.Ю. Остапьюк // Аграрное и земельное право. – 2009. – № 4 (54). – С. 94–96.
- О Концепции совершенствования законодательства Республики Беларусь: Указ Президента Респ. Беларусь, 10 апр. 2002 г., № 205 // Эталон-Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. – Минск, 2010.