Правядзенне юрыдычнай экспертызы з’яўляецца абавязковым у дачыненні да ўсіх праектаў нарматыўных прававых актаў, а таксама нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню.
Абавязковая юрыдычная экспертыза праектаў нарматыўных прававых актаў
Асноватворныя нормы ў галіне правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы праектаў нарматыўных прававых актаў замацаваны ў артыкулах 47 і 48 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. № 130-З «О нормативных правовых актах».
У адпаведнасці з часткай першай пункта 1 артыкула 47 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах» кожны праект нарматыўнага прававога акта падлягае абавязковай юрыдычнай экспертызе.
Абавязковая юрыдычная экспертыза ў залежнасці ад віду нарматыўнага прававога акта праводзіцца адносна да:
- праектаў нарматыўных прававых актаў, унесеных на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – галоўным дзяржаўна-прававым упраўленнем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
- законапраектаў, якія ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, законапраектаў, падрыхтаваных для разгляду Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым і ў другім чытанні (у выпадку дапрацоўкі законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь), – Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі;
- законапраектаў, унесеных у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, законапраектаў, падрыхтаваных для разгляду Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым і ў другім чытанні, праектаў пастаноў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – упаўнаважаным структурным падраздзяленнем Сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- законапраектаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і накіраваных на разгляд у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, праектаў пастаноў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – упаўнаважаным структурным падраздзяленнем Сакратарыяту Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- праектаў пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – Міністэрствам юстыцыі, упаўнаважаным структурным падраздзяленнем Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;
- праектаў нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых нарматворчых органаў (службовых асоб) – іх юрыдычнымі службамі, а праектаў нарматыўных прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў – юрыдычнымі службамі адпаведных мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў;
- праектаў тэхнічных нарматыўных прававых актаў, што не належаць да галіны тэхнічнага нармавання і стандартызацыі, ненарматыўных прававых актаў і лакальных прававых актаў, падрыхтаваных нарматворчымі органамі (службовымі асобамі), – іх юрыдычнымі службамі.
Акрамя таго, згодна з часткай другой пункта 1 артыкула 47 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах», а таксама падпунктам 6.1 пункта 6 Палажэння аб Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававой інфармацыі, зацверджданага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 сакавіка 2024 г. № 96, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі праводзіць юрыдычную экспертызу іншых прававых актаў (іх праектаў).
З мэтай забеспячэння якасці правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы, усебаковага і поўнага даследавання матэрыялаў вызначаны пералік дакументаў, якія ў абавязковым парадку далучаюцца да праекта нарматыўнага прававога акта, што накіроўваецца на абавязковую юрыдычную экспертызу (пункт 3 артыкула 47 Закона):
- суправаджальны ліст;
- абгрунтаванне неабходнасці прыняцця (выдання) нарматыўнага прававога акта;
- фінансава-эканамічнае абгрунтаванне да праекта нарматыўнага прававога акта;
- даведка аб узгадненні апошняй рэдакцыі праекта нарматыўнага прававога акта;
- экспертныя заключэнні па праекце нарматыўнага прававога акта, калі яны даваліся;
- табліца няўлічаных заўваг і (або) прапаноў па праекце нарматыўнага прававога акта з матываваным абгрунтаваннем па кожнай з іх (пры іх наяўнасці);
- дакументы, што маюць адносіны да міжнароднага дагавора, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. № 421-З «О международных договорах Республики Беларусь» (для праекта нарматыўнага прававога акта, што афармляе рашэнне ў дачыненні да міжнароднага дагавора).
Дзяржаўны орган (арганізацыя, структурнае падраздзяленне), што ажыццяўляе правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы праекта нарматыўнага прававога акта, мае права запытаць дадатковую інфармацыю, якая адносіцца да праекта нарматыўнага прававога акта і неабходная для правядзення гэтай экспертызы.
Па выніках абавязковай юрыдычнай экспертызы праекта нарматыўнага прававога акта падрыхтоўваецца заключэнне, у якім павінны быць змешчаны вынікі на падставе крытэрыяў ацэнкі праекта нарматыўнага прававога акта.
Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі праекта нарматыўнага прававога акта з’яўляюцца:
- адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нарматыўным прававым актам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, законам і іншым нарматыўным прававым актам большай юрыдычнай сілы, сумяшчальнасць з нарматыўнымі прававымі актамі аднолькавай юрыдычнай сілы ў адносінах да праекта нарматыўнага прававога акта;
- выкананне патрабаванняў нарматворчай тэхнікі;
- адпаведнасць міжнародным дагаворам і іншым міжнародна-прававым актам, у тым ліку патрабаванням уніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.
Пры правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы таксама ацэньваюцца:
- абгрунтаванасць выбару віду нарматыўнага прававога акта;
- неабходнасць і прыярытэтнасць прававога рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін;
- абгрунтаванасць прыняцця таго ці іншага рашэння ў дачыненні да міжнароднага дагавора ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» і міжнародным правам (пры правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы па праекце нарматыўнага прававога акта, які афармляе рашэнне ў дачыненні да міжнароднага дагавора).
Пры правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы праекта нарматыўнага прававога акта не падлягаюць ацэнцы ўстаноўленыя ў ім фінансавыя паказчыкі, індэксы, каэфіцыенты, нарматывы, ліміты і іншыя паказчыкі, а таксама формулы іх разліку, за выключэннем адзнакі іх адпаведнасці паказчыкам, устаноўленым нарматыўнымі прававымі актамі большай юрыдычнай сілы.
Нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў падлягаюць абавязковай юрыдычнай экспертызе, якая праводзіцца Міністэрствам юстыцыі, а нарматыўныя прававыя акты мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню – галоўным упраўленнем юстыцыі адпаведнага абласнога выканаўчага камітэта.
Па выніках правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўнага прававога акта Міністэрствам юстыцыі, галоўным упраўленнем юстыцыі адпаведнага абласнога выканаўчага камітэта выносіцца адно з наступных заключэнняў:
- заключэнне, у якім змешчаны абгрунтаваны вывад аб адпаведнасці нарматыўнага прававога акта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нарматыўным прававым актам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, законам, іншым нарматыўным прававым актам большай юрыдычнай сілы ў адносінах да таго нарматыўнага прававога акта, што ацэньваецца, у тым ліку актам, якія ўстанаўліваюць патрабаванні нарматворчай тэхнікі, і дапушчальнасці яго ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў;
- заключэнне, у якім змешчаны абгрунтаваны вывад аб неадпаведнасці нарматыўнага прававога акта пералічаным вышэй крытэрыям і недапушчальнасці яго ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў.
Абавязковая юрыдычная экспертыза нарматыўных прававых актаў праводзіцца Міністэрствам юстыцыі, галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі абласных выканаўчых камітэтаў у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах», Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 1998 г. № 369 «О Национальном реестре правовых актов Республики Беларусь», Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2010 г. № 711 «О некоторых вопросах осуществления обязательной юридической экспертизы нормативных правовых актов», пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 2006 г. № 1244 «Об обязательной юридической экспертизе нормативных правовых актов».




Падзяліцца ў сац. сетках