• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Instagram
  • Youtube
  • Telegram

Прававы статус

У Рэспубліцы Беларусь каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у галіне права, у тым ліку па пытаннях нарматворчай дзейнасці, правапрымяняльнай практыкі і распаўсюджання (прадастаўлення) прававой інфармацыі, ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2024 годзе з мэтай павышэння эфектыўнасці нарматворчай дзейнасці і ўдасканалення работы з прававой інфармацыяй створаны Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі (НЦЗПІ) на базе рэарганізаваных шляхам зліцця Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў і Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

Асноўнымі задачамі НЦЗПІ з’яўляюцца далейшае павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі праектаў прававых актаў, удасканаленне дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі, а таксама ўзмацненне ролі прававой навукі ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця рэспублікі.

НЦЗПІ з’яўляецца дзяржаўнай навукова-практычнай установай, якая забяспечвае падрыхтоўку праектаў прававых актаў, метадычнае кіраўніцтва нарматворчай дзейнасцю, правядзенне юрыдычнай экспертызы прававых актаў (іх праектаў), афіцыйнае апублікаванне прававых актаў, работу з прававой інфармацыяй, яе распаўсюджанне (прадастаўленне), правядзенне навуковых даследаванняў у галіне права і падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.

У сваёй дзейнасці НЦЗПІ кіруецца:

НЦЗПІ з’яўляецца юрыдычнай асобай, падначаленай Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, мае самастойны баланс, рахункі ў банках, пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і са сваім найменнем.

Агульнае кіраўніцтва НЦЗПІ ажыццяўляе Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Функцыі

У адпаведнасці з Палажэннем аб Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь асноўнымі функцыямі НЦЗПІ з’яўляюцца:

1. у сферы падрыхтоўкі праектаў прававых актаў і метадычнага кіраўніцтва нарматворчай дзейнасцю, правядзення юрыдычнай экспертызы прававых актаў (іх праектаў):

  • распрацоўка планаў падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў, унясенне іх ва ўстаноўленым парадку на зацвярджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ажыццяўленне кантролю за рэалізацыяй гэтых планаў, а таксама за падрыхтоўкай праектаў нарматыўных прававых актаў у адпаведнасці з заключнымі палажэннямі законаў;
  • непасрэдная распрацоўка законапраектаў (канцэпцый законапраектаў), за выключэннем законапраектаў (канцэпцый законапраектаў), падрыхтоўка якіх ускладзена на іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі), а таксама па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праектаў іншых прававых актаў (у тым ліку з прымяненнем пакетнага прынцыпу), распрацоўка міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў, падрыхтоўка якіх ускладзена на НЦЗПІ;
  • падрыхтоўка праектаў прававых актаў, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў на аснове заключаных дагавораў;
  • у межах кампетэнцыі метадычнае забеспячэнне прагназавання наступстваў прыняцця (выдання) нарматыўных прававых актаў, правядзення прававога маніторынгу;
  • правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы законапраектаў, якія ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, законапраектаў, падрыхтаваных для разгляду Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым і ў другім чытанні (у выпадку дапрацоўкі законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь);
  • правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія з’яўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь абавязковымі для выканання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
  • правядзенне па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь юрыдычнай экспертызы іншых прававых актаў (іх праектаў);
  • арганізацыйна-метадалагічнае забеспячэнне падрыхтоўкі праектаў прававых актаў, а таксама распрацоўка, абагульненне і ўвядзенне перадавых тэхналогій падрыхтоўкі праектаў прававых актаў;
  • растлумачэнне ва ўстаноўленым парадку пытанняў прымянення заканадаўства, якое рэгулюе нарматворчую дзейнасць, у тым ліку патрабаванняў нарматворчай тэхнікі;
  • правядзенне мерапрыемстваў па сістэматызацыі заканадаўства;
  • збор, абагульненне прапаноў па пытаннях удасканалення заканадаўства, ліквідацыі калізій і прававой нявызначанасці і накіраванне гэтых прапаноў у дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй;
  • правядзенне параўнальна-прававых даследаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў у адпаведнасці з зацверджанымі планамі, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці на аснове заключаных дагавораў;
  • забеспячэнне ва ўстаноўленым парадку правядзення публічнага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў на сайце «Прававы форум Беларусі»;
  • удзел у развіцці і ўдасканаленні юрыдычнай тэрміналогіі на рускай і беларускай мовах і яе перакладзе на замежныя мовы;

2. у сферы афіцыйнага апублікавання прававых актаў, работы з прававой інфармацыяй, яе распаўсюджання (прадастаўлення):

  • ажыццяўленне афіцыйнага апублікавання прававых актаў на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь;
  • вызначэнне патрабаванняў да афармлення і парадку прадстаўлення прававых актаў і дакументаў, якія накіроўваюцца для ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, эталонны і іншыя банкі даных прававой інфармацыі, дзяржаўныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы, калі такія патрабаванні не вызначаны заканадаўчымі актамі;
  • выкананне работ па фарміраванні, вядзенні і забеспячэнні функцыянавання Нацыянальнага прававога Інтэрнэт-партала Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, якія фарміруюцца НЦЗПІ і размяшчаюцца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт;
  • распрацоўка інфармацыйных тэхналогій, уключаючы праграмныя сродкі (праграмнае забеспячэнне), у галіне права, у тым ліку тых, якія забяспечваюць афіцыйнае апублікаванне прававых актаў, фарміраванне дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, правядзенне публічнага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў;
  • арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне   функцыянавання і развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, дзейнасці па распаўсюджанні (прадастаўленні) прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь;
  • збор прававой інфармацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, яе ўлік, апрацоўка, захоўванне, сістэматызацыя і актуалізацыя;
  • аналіз сістэмы заканадаўства і дынамікі прыняцця (выдання) прававых актаў;
  • вядзенне Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь;
  • фарміраванне і вядзенне эталоннага банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, у тым ліку ў іх складзе на аплатнай дагаворнай аснове для дзяржаўных органаў і іншых арганізацый банкаў даных, у якіх змешчаны прынятыя (выдадзеныя) гэтымі дзяржаўнымі органамі (службовымі асобамі) і іншымі арганізацыямі лакальныя прававыя акты і дакументы, звязаныя з выкарыстаннем і прымяненнем на практыцы такіх прававых актаў;
  • выкананне работ па вядзенні і суправаджэнні Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь, распрацоўка тэрміналагічных і іншых слоўнікаў, інфармацыйна-пошукавых моў прававой тэматыкі;
  • фарміраванне электроннай бібліятэкі, дзе змешчана  інфармацыя аб міжнародным праве і заканадаўстве замежных дзяржаў, забеспячэнне доступу да яе дзяржаўным органам і іншым дзяржаўным арганізацыям;
  • забеспячэнне міждзяржаўнага абмену прававой інфармацыяй;
  • ажыццяўленне і забеспячэнне распаўсюджання (прадастаўлення) эталоннай прававой інфармацыі, тэкстаў праектаў законаў, судовых пастаноў, а таксама інфармацыі правапрымяняльнага характару;
  • удзел у каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях збору, уліку, апрацоўкі, захоўвання, сістэматызацыі, актуалізацыі і распаўсюджання (прадастаўлення) прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь;
  • аналіз прававой інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку на аснове прадастаўленых арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі інфармацыйных рэсурсаў, друкаваных і электронных выданняў, дзе змешчана прававая інфармацыя, а таксама доступу да інфармацыйных рэсурсаў, у якіх змяшчаецца прававая інфармацыя і размяшчаецца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт;
  • у выпадках і парадку, вызначаных Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вядзенне і суправаджэнне інфармацыйных рэсурсаў, сетак і сістэм, усталяваных у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэдагаванне праектаў прававых актаў і іншых дакументаў, што ўносяцца на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама іх тыражаванне;

3. у сферы правядзення навуковых даследаванняў у галіне права, падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі:

  • вызначэнне прыярытэтных накірункаў навукова-прававых даследаванняў, а таксама самастойнае правядзенне ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, навуковых даследаванняў і распрацовак у галіне права;
  • правядзенне аналітычных і навуковых даследаванняў стану, тэндэнцый развіцця і практыкі прымянення заканадаўства, выпрацоўка прапаноў аб накірунках яго ўдасканалення ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці на аснове заключаных дагавораў;
  • садзейнічанне развіццю юрыдычнай навукі, унясенне зацікаўленым дзяржаўным органам і арганізацыям прапаноў па тэматыцы даследаванняў у галіне права;
  • распрацоўка рэкамендацый па выкарыстанні вынікаў навуковых даследаванняў і садзейнічанне іх практычнаму ўвядзенню;
  • рэалізацыя адукацыйнай праграмы аспірантуры (па юрыдычных спецыяльнасцях);
  • выступленне ва ўстаноўленым парадку ў якасці галаўной арганізацыі па дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў;
  • каардынацыя навуковых даследаванняў, якія праводзяцца з іншымі арганізацыямі, узаемадзеянне з навуковымі арганізацыямі і ўстановамі вышэйшай адукацыі ў развіцці навуковых даследаванняў і падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па юрыдычных спецыяльнасцях;
  • удзел у выкананні міждзяржаўных навуковых праграм і праектаў;
  • удзел у падрыхтоўцы навукова-практычных каментарыяў да кодэксаў і іншых законаў, навуковых друкаваных выданняў, у тым ліку на аснове заключаных дагавораў;

4. ажыццяўленне іншых функцый, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, даручэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

НЦЗПІ мае свае філіялы ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і ў г. Мінску.

Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
Детский правовой сайт
Подняться наверх