Пунктам 1 артыкула 49 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. № 130-З «О нормативных правовых актах» прадугледжана, што праекты нарматыўных прававых актаў (нарматыўныя прававыя акты) падлягаюць крыміналагічнай экспертызе ў выпадках і парадку, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Крыміналагічная экспертыза праводзіцца з мэтай выяўлення ў праектах нарматыўных прававых актаў (нарматыўных прававых актах) норм, прымяненне якіх можа выклікаць (выклікала) узнікненне негатыўных наступстваў у розных сферах грамадскіх адносін у сувязі з наяўнасцю рызыкі крымінагеннага характару.
Пад рызыкай крымінагеннага характару разумеюцца заключаныя ў праектах нарматыўных прававых актаў (нарматыўных прававых актах) дэструктыўныя фактары, якімі ствараюцца аб’ектыўныя перадумовы (умовы) матывацыі супрацьпраўных паводзін або злоўжывання правам (паўнамоцтвамі, праваахаванымі інтарэсамі) незалежна ад таго, ці з’яўляюцца такія паводзіны крымінальна каральным дзеяннем.
29 мая 2007 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 244 «О криминологической экспертизе», якім зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення крыміналагічнай экспертызы.
Крыміналагічная экспертыза праводзіцца дзяржаўнай установай «Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь».
Правядзенне крыміналагічнай экспертызы праекта нарматыўнага прававога акта ажыццяўляецца пасля правядзення яго абавязковай юрыдычнай экспертызы, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Па выніках абавязковай крыміналагічнай экспертызы праекта нарматыўнага прававога акта (нарматыўнага прававога акта) на падставе крытэрыяў ацэнкі, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, складаецца заключэнне, дзе змешчаны абгрунтаваныя вывады аб наяўнасці ў праекце нарматыўнага прававога акта (нарматыўным прававым акце) норм права, прымяненне якіх можа выклікаць (выклікала) узнікненне рызыкі крымінагеннага характару, або аб адсутнасці такіх норм права.
Пры наяўнасці ў праекце нарматыўнага прававога акта (нарматыўным прававым акце) норм права, прымяненне якіх можа выклікаць (выклікала) узнікненне рызыкі крымінагеннага характару, у заключэнні павінны быць вызначаны абгрунтаваныя прапановы аб устараненні выяўленых у праекце нарматыўнага прававога акта (нарматыўным прававым акце) недахопаў прававога рэгулявання грамадскіх адносін.




Падзяліцца ў сац. сетках