• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Instagram
  • Youtube
  • Telegram

Стадыі нарматворчага, заканатворчага працэсаў

У адпаведнасці з артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. № 130-З «О нормативных правовых актах»:

  • нарматворчая дзейнасць – дзяржаўна-ўладная дзейнасць па планаванні, рэалізацыі нарматворчай ініцыятывы, падрыхтоўцы, правядзенні экспертыз, прыняцці (выданні), афіцыйным апублікаванні, змяненні, афіцыйным тлумачэнні, прыпыненні, аднаўленні, працягненні і спыненні дзеяння нарматыўных прававых актаў;
  • заканатворчая дзейнасць – дзяржаўна-ўладная дзейнасць па планаванні, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы, падрыхтоўцы, правядзенні экспертыз, прыняцці, афіцыйным апублікаванні, змяненні, афіцыйным тлумачэнні, прыпыненні, аднаўленні, працягненні і спыненні дзеяння законаў.

Нарматворчая і заканатворчая дзейнасць уключаюць шэраг паслядоўных стадый, сукупнасць якіх называецца нарматворчым і заканатворчым працэсам.

Стадыямі нарматворчага працэсу з’яўляюцца:

  • планаванне нарматворчай дзейнасці;
  • нарматворчая ініцыятыва;
  • падрыхтоўка праекта нарматыўнага прававога акта, уключаючы правядзенне яго ўзгаднення і экспертыз;
  • прыняцце (выданне) нарматыўнага прававога акта;
  • правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы ў дачыненні да нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню;
  • уключэнне нарматыўнага прававога акта ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь;
  • афіцыйнае апублікаванне нарматыўнага прававога акта.

Стадыі заканатворчага працэсу і ўдзел Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі (НЦЗПІ)  у ім:

  • планаванне падрыхтоўкі законапраекта

НЦЗПІ распрацоўвае, узгадняе і ўносіць на зацвярджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь планы падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў, ажыццяўляе кантроль за іх рэалізацыяй.

  • падрыхтоўка законапраекта, уключаючы правядзенне яго ўзгаднення і экспертыз

НЦЗПІ непасрэдна распрацоўвае праекты законаў (канцэпцыі праектаў законаў), ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва падрыхтоўкай законапраектаў, праводзіць аналітычныя і навуковыя даследаванні.

НЦЗПІ праводзіць абавязковую юрыдычную экспертызу законапраектаў, якія ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў.

НЦЗПІ ажыццяўляе кантроль за выкананнем тэрмінаў унясення законапраектаў суб’екту права заканадаўчай ініцыятывы і ўносіць законапраекты ў выпадку іх падрыхтоўкі НЦЗПІ.

  • заканадаўчая ініцыятыва

НЦЗПІ ажыццяўляе кантроль за выкананнем тэрмінаў унясення законапраектаў у Палату прадстаўнікоў.

  • разгляд законапраекта палатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

НЦЗПІ праводзіць абавязковую юрыдычную экспертызу законапраектаў, падрыхтаваных для разгляду Палатай прадстаўнікоў у першым і ў другім чытанні (у выпадку іх дапрацоўкі ў Палаце прадстаўнікоў).

  • падпісанне закона Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь
  • уключэнне закона ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь

НЦЗПІ вядзе Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь на папяровых носьбітах і (або) у электроннай форме.

  • афіцыйнае апублікаванне закона

НЦЗПІ ажыццяўляе афіцыйнае апублікаванне законаў на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца ў сац. сетках

Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
Детский правовой сайт
Подняться наверх