Эталонны банк даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (ЭБДПІ) – асноўны дзяржаўны інфармацыйна-прававы рэсурс, які фарміруецца і вядзецца НЦЗПІ і ўяўляе сабой сукупнасць банкаў даных «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь», «Рашэнні органаў мясцовага кіравання і самакіравання», «Міжнародныя дагаворы і акты міжнародных арганізацый (міждзяржаўных утварэнняў)», «Адзіны рэестр лічбавых паказчыкаў» (фарміруецца з 1 жніўня 2026 г.).
Фарміраванне ЭБДПІ ажыццяўляецца на падставе прававых актаў, што паступаюць у НЦЗПІ ад дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый. Інфармацыйнае напаўненне рэсурсу – гэта штодзённая апрацоўка і ўключэнне ў яго прававых актаў, якія паступілі на працягу дня ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Асновай сістэматызацыі пры гэтым з’яўляецца Адзіны прававы класіфікатар Рэспублікі Беларусь, распрацаваны НЦЗПІ і зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 1999 г. № 1 «Об утверждении Единого правового классификатора Республики Беларусь».
Усе прававыя акты ЭБДПІ падтрымліваюцца ў кантрольным стане ў адпаведнасці з унесенымі ў іх змяненнямі. Пры гэтым папярэднія рэдакцыі тэкстаў прававых актаў захоўваюцца, а змяненні афармляюцца адпаведнай спасылкай з указаннем рэквізітаў актаў, на падставе якіх уносіліся змяненні.
Прававыя акты, якія прызнаныя ва ўстаноўленым парадку страціўшымі сілу, афармляюцца адпаведнай спасылкай з указаннем рэквізітаў актаў, на падставе якіх яны страцілі сілу, з захаваннем у банку даных тэкстаў гэтых актаў.
Тэксты прававых актаў, змешчаныя ў ЭБДПІ, у тым ліку прыведзеныя ў кантрольны стан, з’яўляюцца афіцыйнымі. Пры падрыхтоўцы нарматворчымі органамі праектаў нарматыўных прававых актаў выкарыстоўваюцца эталонная прававая інфармацыя, змешчаная ў ЭБДПІ, тэксты нарматыўных прававых актаў у кантрольным стане.
Вядзенне ЭБДПІ мае істотнае значэнне для арганізацыі распаўсюджання поўнай, актуальнай і дакладнай прававой інфармацыі.
ЭБДПІ складаецца з наступных банкаў даных (БД):
БД «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь»:
- Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;
- рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам;
- рашэнні Усебеларускага народнага сходу (калі іншае не вызначана Усебеларускім народным сходам);
- дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- законы Рэспублікі Беларусь;
- пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;
- пастановы палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, пасланні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, Рэгламент Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
- пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь па пытаннях прымянення заканадаўства, узніклых пры разглядзе судовых спраў, Рэгламент Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
- нарматыўныя прававыя акты Генеральнай пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнага банка, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых дзяржаўных органаў (арганізацый), падпарадкаваных (падсправаздачных) Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь;
- нарматыўныя і тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
- іншыя прававыя акты Рэспублікі Беларусь.
БД «Рашэнні органаў мясцовага кіравання і самакіравання»:
- нарматыўныя і тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.
БД «Міжнародныя дагаворы і акты міжнародных арганізацый (міждзяржаўных утварэнняў)»:
- міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, уключаючы папраўкі, пратаколы, дадаткі да іх і іншыя дакументы, якія з’яўляюцца іх неад’емнай часткай;
- прававыя акты, прынятыя ў рамках Саюзнай дзяржавы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскага эканамічнага саюза і іншых міжнародных арганізацый, міждзяржаўных утварэнняў.
БД «Адзіны рэестр лічбавых паказчыкаў» (фарміруецца з 1 жніўня 2026 г.):
- нарматыўныя прававыя акты, у якіх змешчаны выключна лічбавыя паказчыкі, прынятыя міністэрствамі, іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў, абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.
Копія ЭБДПІ распаўсюджваецца ў складзе інфармацыйна-пошукавых сістэм «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE».
Банк даных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь быў створаны на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 ліпеня 1998 г. № 376 «О создании компьютерного банка данных проектов законов Республики Беларусь».
На сённяшні дзень фарміраванне і вядзенне банка даных ажыццяўляецца Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2012 г. № 105 «О банке данных проектов законов Республики Беларусь».
Банк даных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой арганізацыйна-тэхнічную сістэму, куды ўключана інфармацыя аб праектах законаў (законах) і сістэматызаваная сукупнасць звестак аб іх.
Інтэрнэт-версія банка даных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь забяспечвае доступ да тэкстаў праектаў законаў, унесеных суб’ектамі права заканадаўчай ініцыятывы ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да інфармацыі аб праходжанні імі адпаведных стадый заканатворчага працэсу.
Акрамя таго, НЦЗПІ ажыццяўляе фарміраванне і вядзенне банкаў даных «Судовая практыка», «Правапрымяняльная практыка», «Навуковая прававая бібліятэка», «Формы дакументаў», а таксама іншых банкаў даных прававой інфармацыі.




Падзяліцца ў сац. сетках