У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2010 г. № 712 «О совершенствовании государственной системы правовой информации Республики Беларусь» беларускія цэнтры доступу да прававой інфармацыі прадстаўлены публічнымі цэнтрамі прававой інфармацыі (ПЦПІ) і цэнтрамі эталоннай прававой інфармацыі (ЦЭПІ).
Найбольш пашыранай з’яўляецца сетка ПЦПІ – пунктаў свабоднага доступу грамадзян да эталоннай прававой інфармацыі, што ствараюцца Міністэрствам культуры сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі (НЦЗПІ) на базе дзяржаўных публічных бібліятэк.
Унікальнасць ПЦПІ як дзяржаўнага сацыяльнага праекту заключаецца ў стварэнні максімальна зручных умоў доступу насельніцтва да заканадаўства. Важна, што сістэма ПЦПІ з’яўляецца неад’емнай часткай дзяржаўна-грамадскіх працэсаў, накіраваных на фарміраванне ў насельніцтва прававых ведаў і навыкаў правамерных паводзін.
Дзейнасць ПЦПІ рэгулюецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2010 г. № 712 «О совершенствовании государственной системы правовой информации Республики Беларусь», Палажэннем аб публічным цэнтры прававой інфармацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2011 г. № 4 «Об утверждении Положения о публичном центре правовой информации», Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, іншымі актамі заканадаўства.
На рэспубліканскім узроўні каардынацыю і метадычнае забеспячэнне функцыянавання ПЦПІ ажыццяўляюць Міністэрства культуры, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, НЦЗПІ. На абласным узроўні – структурныя падраздзяленні абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, абласныя бібліятэкі, а таксама ўключаныя ў сістэму НЦЗПІ філіялы – рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі, на раённым (гарадскім) узроўні – структурныя падраздзяленні раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, раённыя (гарадскія) бібліятэкі.
На сучасным этапе ў Рэспубліцы Беларусь працуе 620 ПЦПІ, болей за палову з іх – у сельскай мясцовасці. У сярэднім у кожнай чацвёртай публічнай бібліятэцы краіны ёсць такі цэнтр.
Для работы з эталоннай прававой інфармацыяй, матэрыяламі судовай і іншай правапрымяняльнай практыкі, навуковымі і практычнымі артыкуламі па праве карыстальнікам ПЦПІ даступныя інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE», а таксама друкаваныя выданні НЦЗПІ прававой тэматыкі.
У залежнасці ад інтарэсаў наведвальнікаў цэнтраў, іх інфармацыйных патрэб ПЦПІ прадастаўляюць доступ і кваліфікаваную дапамогу ў рабоце з дзяржаўнымі інфармацыйна-прававымі інтэрнэт-рэсурсамі. Сярод іх:
Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь – адзіная крыніца афіцыйнага апублікавання прававых актаў;
Прававы форум Беларусі, які выступае электроннай пляцоўкай для публічнага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў;
Дзіцячы прававы сайт – спецыялізаваны рэсурс для дзяцей і падлеткаў, які дае прававую інфармацыю ў адаптаванай гульнёвай форме.
Кожны з названых рэсурсаў з’яўляецца неад’емнай і важнай часткай інфармацыйна-прававой прасторы краіны.
Па запытах работнікі ПЦПІ выконваюць даведкі, складаюць тэматычныя спісы прававых актаў, аказваюць іншыя інфармацыйна-бібліятэчныя і бібліяграфічныя паслугі.




Падзяліцца ў сац. сетках