25 верасня дырэктар РЦПІ Віцебскай вобласці Ларыса Дарогава сустрэлася з выкладчыкамі і навучэнцамі Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа ў рамках адзінага дня інфармавання.
Тэма сустрэчы – «Мы разам назаўжды: да 85-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР». На мерапрыемстве таксама прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Святлана Шавялёва і намеснік дырэктара, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 горада Лепеля Алена Куц.
Падчас абмеркавання тэмы гістарычнай важнасці падзей 17 верасня 1939 года спікеры акцэнтавалі ўвагу на тым, што аб'яднанне Беларусі стала падмуркам для пабудовы сучаснай дзяржавы, развіцця правоў і свабодаў кожнага беларускага грамадзяніна.
У працягу тэмы Ларыса Дарогава акцэнтавала ўвагу на дасягненнях нашай краіны ў прававой сферы. Яна расказала аб дзеючай дзяржаўнай сістэме прававой інфармацыі, яе рэсурсах. Дзякуючы апошнім кожны чалавек можа рэалізаваць сваё права, замацаванае ў Асноўным Законе краіны на доступ да праўдзівай інфармацыі.Пры гэтым Ларыса Мікалаеўна падкрэсліла, што дакладныя крыніцы інфармацыі, асабліва прававой, адыгрываюць найважнейшую ролю ў сучасных рэаліях:
«Адным з галоўных складнікаў у рэалізацыі мер па фармаванні прававой культуры моладзі з'яўляецца далучэнне падрастаючага пакалення да крыніц прававой інфармацыі, якія заслугоўваюць даверу. Маладыя грамадзяне павінны свядома падыходзіць да пытанняў прававой пісьменнасці, ведаць, дзе знайсці праўдзівую прававую інфармацыю, а таксама разумець, як дадзенай інфармацыяй карыстацца».
Спецыяліст Цэнтра Юлія Дзірка пазнаёміла прысутных з Дзіцячым прававым сайтам. Асаблівая ўвага была звернута на банк даных «Мір Права», дзе ў актуальным стане змяшчаюцца ўсе асноўныя акты заканадаўства, якія датычацца правоў дзяцей і моладзі ў нашай краіне. Таксама Юлія Мікалаеўна падрабязна спынілася на праекце «Правы па гадах», распавяла аб асобнай падборцы дакументаў «Маладзёжная палітыка», у тым ліку аб сямейным, грамадзянскім і працоўным заканадаўстве для моладзі.