Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
НЦЗПІ прыняў удзел у XXVI Міжнародным навукова-практычным форуме «Юртэхнетыка» на тэму «Эксперымент у прававым рэгуляванні (дактрына, практыка, тэхніка)», які праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе з 25 па 28 верасня.

Удзельнікі мерапрыемства – вядучыя вучоныя-правазнаўцы і прадстаўнікі юрыдычнай практыкі Расійскай Федэрацыі. Цэнтр прадставіла Алена Перапяліца, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела даследаванняў у галіне дзяржаўнага ладу і інфармацыйнага права Інстытута прававых даследаванняў, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.

Даклад Алены Васільеўны быў прысвечаны тэарэтыка-прыкладным аспектам ужывання тэхналогій штучнага інтэлекту ў нарматворчасці. Былі раскрыты асаблівасці выкарыстання сучасных рашэнняў у галіне электроннай апрацоўкі прававой інфармацыі і лічбавага ўзаемадзеяння адпаведных дзяржаўных органаў. Асаблівая ўвага нададзена ўмовам дапушчальнасці ўвядзення алгарытмічных сістэм у нарматворчую дзейнасць і рызыкам, звязаным з гэтым працэсам. Дакладчык адказала на пытанні, датычныя інфармацыйна-тэхналагічнага забеспячэння нарматворчай дзейнасці Беларусі і навуковых даследаванняў, што праводзіць у сувязі з гэтым НЦЗПІ.
На форуме ўдзельнікі абмеркавалі пытанні эксперыментальнага рэгулявання ў механізме праваўтварэння, праватворчага эксперыменту як метаду праверкі арганізацыйна-кіраўнічых і навуковых гіпотэз, замежны вопыт увядзення тэхналогій штучнага інтэлекту ў розныя віды юрыдычнай дзейнасці, у тым ліку ў праватворчасць, праблемы інтэграцыі ў дзяржаўнае кіраванне машыннага навучання, аналізу вялікіх даных, эксперыментаў у сферы робататэхнікі і іншыя.

Мерапрыемства прайшло ў атмасферы жывых зносін, адбылося актыўнае абмеркаванне прадстаўленых дакладаў у канструктыўным жанры дыскусіі.
Даведачна:
Міжнародны навукова-практычны форум «Юртэхнетыка» арганізуецца Ніжагародскай акадэміяй МУС Расійскай Федэрацыі з 1998 года. Кіраўніком акрэсленага праекту з’яўляецца доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, ганаровы работнік вышэйшай прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі, памочнік начальніка Ніжагародскай акадэміі МУС Расіі па інавацыйным развіцці навуковай дзейнасці, прэзідэнт Ніжагародскага даследчага навукова-прыкладнога цэнтра «Юрыдычная тэхніка» Уладзімір Баранаў.
Форум «Юртэхнетыка» – значнае міжгаліновае мерапрыемства, прысвечанае канкрэтнай актуальнай юрыдычна-тэхнічнай і адначасова змястоўнай праблеме прававога рэгулявання.
Арганізатары: Ніжагародская акадэмія МУС Расійскай Федэрацыі , Саратаўская дзяржаўная юрыдычная акадэмія, Нацыянальны даследчы навукова-прыкладны цэнтр «Юрыдычная тэхніка».