Дзень ведаў – гэта асаблівае свята, якое сімвалізуе пачатак новага навучальнага года для мільёнаў школьнікаў і студэнтаў. Філіялы Цэнтра па традыцыі прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных гэтай падзеі, правялі адкрытыя ўрокі, наведалі ў якасці ганаровых гасцей урачыстыя лінейкі.
У Дзень ведаў дырэктар РЦПІ Брэсцкай вобласці Іна Савянок прыняла ўдзел у лінейцы ў Ганцавіцкай спецыяльнай школе-інтэрнаце.
Вядучы спецыяліст абласнога філіяла Цэнтра Ала Кравец сумесна з прадстаўнікамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці правяла першы адкрыты ўрок «Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы!» у сярэдняй школе № 5 г. Брэста для навучэнцаў профільнага 10 класа. Дзеці даведаліся аб дзяржаўнай сістэме прававой інфармацыі, створанай у нашай краіне, а таксама інфармацыйна-прававых рэсурсах, якія фарміруюцца НЦЗПІ.
Спецыяліст РЦПІ Гомельскай вобласці Кацярына Чарнейка 2 верасня сустрэлася з навучэнцамі спецыяльнасці «Правазнаўства» Гомельскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза.
На першым уроку ў новым навучальным годзе хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з дзейнасцю і рэсурсамі, якія фарміруюцца НЦЗПІ. Адказваючы на пытанні, Кацярына Іванаўна адзначыла важнасць выкарыстання дакладных крыніц інфармацыі спецыялістамі юрыдычнага профілю: «Уменне кіравацца актуальнымі крыніцамі прававой інфармацыі з'яўляецца залогам дасягнення высокіх вынікаў у прафесіі».
У гэты ж дзень навучэнцы гімназіі № 2 г. Гродна правялі першы ўрок, падарожнічаючы па старонках Дзіцячага прававога сайта разам са спецыялістам РЦПІ Гродзенскай вобласці Таццянай Свіршчэўскай. Дзеці наведалі раздзел «Прававая бібліятэка», навучыліся карыстацца прававой інфармацыяй у банку даных «Мир Права». «ДПС можа быць карысны і ў вучобе, і ў жыцці. Ён быў створаны, каб дапамагчы дзецям і падлеткам атрымаць юрыдычныя веды, адказаць на «дарослыя» пытанні, даць параду ў складаных сітуацыях, расказаць аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і правах грамадзян нашай краіны», – распавяла спецыяліст Гродзенскага філіяла НЦЗПІ.
Пра правы і абавязкі непаўналетніх і кірункі юрыдычнай прафесіі рабятам прававога класа Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна распавёў дырэктар РЦПІ Мінскай вобласці Руслан Трухан.
На адкрытым уроку абмеркавалі важнасць прафарыентацыйнай работы з моладдзю, удзелу ў грамадскім жыцці класа, а таксама альтэрнатыўныя спосабы вырашэння канфліктных сітуацый.
Для навучэнцаў таксама была праведзена прэзентацыя Дзіцячага прававога сайта, Нацыянальнага прававога Партала, Прававога форуму Беларусі. У завяршэнне падлеткі задалі пытанні аб рэсурсах НЦЗПІ.
Дырэктар РЦПІ г. Мінска Руслан Века ў якасці ганаровага госця прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў сталічнай сярэдняй школе № 118.
Займальны і пазнавальны ўрок прававога выхавання «Дзеці маюць правы» правяла для вучняў 5 класа сярэдняй школы № 23 г. Магілёва дырэктар РЦПІ Магілёўскай вобласці Наталля Станкевіч. Наталля Уладзіміраўна ў гульнявой форме расказала рабятам пра іх правы, абавязкі, віды адказнасці, а таксама нагадала, што лепшым навігатарам у сферы права для дзяцей і падлеткаў з'яўляецца Дзіцячы прававы сайт, дзе дзеці могуць атрымаць прававыя веды, уяўленне аб дзяржаўным ладзе, сімволіцы нашай краіны, асновах бяспечных паводзін на вуліцы і ў сетцы Інтэрнэт і многае іншае. У завяршэнне мерапрыемства рабяты пагулялі ў «Прававы кракадзіл».
А першакурснікі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта пачалі навучальны год крыху раней з удзелу ў інфармацыйным мерапрыемстве «Моладзь за бяспеку!». Яго арганізавалі напярэдадні новага навучальнага года РЦПІ Віцебскай вобласці і ДАІ аблвыканкама.
Работнікі РЦПІ расказалі студэнтам, як можна атрымаць афіцыйную прававую інфармацыю пры дапамозе дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў. Моладзь змагла выявіць эрудыцыю і веданне правілаў дарожнага руху ў прававой віктарыне, пераможцы якой атрымалі ў падарунак ад НЦЗПІ афіцыйнае друкаванае выданне «Правілы дарожнага руху».
Віншуем усіх навучэнцаў і студэнтаў з пачаткам новага навучальнага года! Наперад да новых вяршыняў ведаў!