Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
Сёння ў Мінску адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада «Фарміраванне прававой культуры моладзі», арганізаваны Цэнтральнай выбарчай камісіяй. У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік дырэктара НЦЗПІ Ірына Чупракова.

«Наш семінар накіраваны на актуалізацыю значнасці работы па прававой асвеце дзяцей і моладзі, вывучэнне лепшай практыкі, вызначэнне галоўных задач у гэтым накірунку дзейнасці», – сказаў Старшыня ЦВК Ігар Карпенка, адкрываючы мерапрыемства.

Ігар Васільевіч акцэнтаваў увагу, што прававое выхаванне вырашае сацыяльныя, педагагічныя і палітыка-прававыя задачы, ад рэалізацыі якіх залежыць поспех развіцця дзяржавы, грамадства і кожнага канкрэтнага чалавека.
Адным са спікераў семінару-нарады выступіла Ірына Чупракова па тэме «Дзіцячы прававы сайт у экасістэме прававой асветы навучэнцаў».
«У нашай краіне правакультурны чалавек заўсёды ў цэнтры ўвагі дзяржаўнай палітыкі. Тым больш калі размова ідзе аб маладым пакаленні. Парадак сённяшняга дня такі, што прававая работа вымушана перабудоўвацца, бо грамадства само дыктуе запыт на якасна новыя формы – смелыя і прывабныя, якія далучаюць да вырашэння важных пытанняў.Стымуляцыйная прававая самаадукацыя, што выхоўвае нароўні з павагай да правоў таксама і сур’ёзныя адносіны да абавязкаў», – адзначыла намеснік дырэктара Цэнтра.
У ходзе выступлення былі асветлены накірункі і формы работы НЦЗПІ па прававой асвеце грамадзян, ключавыя эфекты экасістэмнага падыходу ў гэтай сферы, які, паводле слоў спікера, можа стаць новым трэндам у планаванні адпаведнай работы:
«Уваход Цэнтра ў экасістэму прававой асветы адкрывае перад ёй вялікія перспектывы ў частцы ўзбагачэння яе такім важным сэнсам, як развіццё інфармацыйна-прававой культуры асобы. Гэта ўменне разбірацца ў відах і рэквізітах прававых актаў, веданне крыніц прававой інфармацыі, іх разнастайнасці, навыкі работы з прававымі рэсурсамі, эфектыўны пошук прававой інфармацыі».

Падчас выступлення былі прадэманстраваны магчымасці Дзіцячага прававога сайта – дзяржаўнага інфармацыйна-прававога рэсурсу для непаўналетніх.
«Гэтая работа вядзецца на сур’ёзнай прафесійнай аснове. У ёй мы ўлічваем і тэндэнцыі медыяспажывання сучаснай моладзі. А лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць нам выяўляць прававыя патрэбы дзяцей, што задае вектары кантэнтнага развіцця», – падкрэсліла Ірына Адамаўна.
У межах мерапрыемства таксама былі прадстаўлены даклады па пытаннях прававога выхавання моладзі як залогу электаральнага суверэнітэту краіны, прававой асветы моладзі ў кантэксце рэалізацыі прававой палітыкі дзяржавы, навукова-метадычнага забеспячэння фарміравання прававой культуры навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, работы з будучымі выбаршчыкамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, прававога выхавання дзяцей і моладзі з дапамогай кніжных выданняў сацыяльна-значнай накіраванасці і інш.

Удзельнікамі семінару-нарады сталі больш за 400 чалавек – педагагічныя работнікі з усіх рэгіёнаў краіны.

У рамках мерапрыемства былі арганізаваны выставачная экспазіцыя друкаванай прадукцыі НЦЗПІ і прэзентацыя дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, вядзенне якіх ажыццяўляе Цэнтр.