Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
У Дзень народнага адзінства і напярэдадні падзеі па ўсёй Беларусі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, удзел у якіх прынялі і філіялы НЦЗПІ – рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі. Падрабязнасці – у нашым фотарэпартажы.
Правялі дыялогавую пляцоўку
РЦПІ Мінскай вобласці ў Дзень народнага адзінства выступіў арганізатарам дыялогавай пляцоўкі ў г. Смалявічы. Яна сабрала больш за 200 удзельнікаў – старшакласнікаў школ горада і навучэнцаў Смалявіцкага дзяржаўнага каледжа. У ходзе адкрытага дыялогу быў раскрыты гістарычны аспект памятнай даты, абмяркоўваліся пытанні станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Спікерамі мерапрыемства выступілі кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч, дырэктар РЦПІ Мінскай вобласці Руслан Трухан і першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Таццяна Клішэвіч.

Таксама Руслан Іванавіч у рамках Адзінага дня інфармавання сустрэўся з навучэнцамі і педагогамі сярэдняй школы №1 г. Салігорска, ключавой тэмай якога стаў Дзень народнага адзінства.
Праехалі па маршруце патрыятычнага аўтапрабегу
17 верасня РЦПІ Віцебскай вобласці сумесна з прадстаўнікамі адміністрацыі, працоўных калектываў горада, студэнцкай моладзі прыняў удзел у патрыятычным аўтапрабегу «Сіла ў адзінстве», у рамках якога адбылося ўскладанне кветак да памятнага знака «Ордэн Перамогі» і іншыя мерапрыемствы.
Прэзентавалі НЦЗПІ на выставе-кірмашы
РЦПІ Брэсцкай вобласці прадставіў НЦЗПІ падчас выставы-кірмашу ў г. Кобрыне. Яна стала адным з самых яскравых і маштабных рэгіянальных мерапрыемстваў, арганізаваных у гонар Дня народнага адзінства. Спецыялісты Цэнтра правялі прэзентацыю дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, адказалі на пытанні гасцей свята, уручылі сувенірную прадукцыю.
Павіншавалі актывістаў моладзi
Напярэдадні свята дырэктар РЦПІ Гомельскай вобласці Яўгенія Майсейкіна павіншавала дзяцей, якія ўступаюць у рады ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». У гэты дзень актывістам, спартсменам і выдатнікам вучобы з усёй вобласці ля помніка камсамольцам Гомельшчыны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, былі ўручаны білеты саюза моладзі і выданнi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Тут таксама адбылося ўрачыстае завяршэнне чэленджа поціскаў рукі, які праходзіць пад дэвізам «Толькі разам! Толькі наперад!», удзельнікаў якога аб'ядналі сяброўства, павага і падтрымка.
Прынялі ўдзел ва ўрачыстым сходзе
РЦПІ г. Мінска
напярэдадні Дня народнага адзінства прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе, арганізаваным адміністрацыяй Маскоўскага раёна г. Мінска ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
Ушанавалі памяць герояў
РЦПІ Брэсцкай вобласці ўсклаў кветкі да мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на месцы пахавання воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1939 годзе за аднаўленне адзінства беларускага народа.
Работнікі РЦПІ Гродзенскай вобласці выказалі даніну павагі загінуўшым воінам, якія прымалі ўдзел у бітвах пры вызваленні Беларусі, ля падножжа Кургана Славы.
Яны таксама наведалі экспазіцыі «Генацыд беларускага народа» і «80 мірных гадоў», прадстаўленыя ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка–археалагічным музеі.

Работнікі РЦПІ Мінскай вобласці 17 верасня аддалі даніну памяці і ўсклалі кветкі да скульптурнай кампазіцыі «Брама памяці», размешчанай у Мемарыяльным комплексе «Трасцянец».
Наведалі прэм'еру патрыятычнага фільма
У Дзень народнага адзінства і напярэдадні работнікі асобных філіялаў Цэнтра наведалі прэм'еру дакументальна-гульнявога фільма «Культурны код». Гэта 35-хвілінная кінастужка, у якой дакументальнае апавяданне арганічна злучана з мастацкім сюжэтам, распавядае пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі — герб, сцяг і гімн.
Як адзначылі нашы калегі, прагляд фільма дазволіў дакрануцца да багатай спадчыны нашай краіны і ўсвядоміць, як важна захоўваць і развіваць сваю ідэнтычнасць у сучасным свеце.



Мы – адзіныя, і ў гэтым наша сіла!