Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
20 лістапада навуковыя работнікі Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПІ Дар'я Гапоненка, Вольга Русак і Сняжана Белавусава прынялі ўдзел у XV Міжнародным кангрэсе параўнальнага правазнаўства «Фрагментацыя правы і праблемы яе пераадолення», праведзеным Інстытутам заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі.

У ходзе мерапрыемства было адзначана, што развіццё сучаснага міжнароднага і нацыянальнага права характарызуецца тэндэнцыяй да фрагментацыі, якая адначасова мае станоўчыя і адмоўныя праявы. З аднаго боку, яна можа выступаць адной з эфектыўных формаў адаптацыі права да новых грамадскіх рэалій. З іншага – спараджаць адрывачнасць, неаднастайнасць, раздробленасць і нявызначанасць прававога рэгулявання. У сувязі з гэтым удзельнікамі кангрэса абмяркоўваліся магчымыя рашэнні праблемы негатыўнай фрагментацыі і стратэгічныя напрамкі па развіцці прававой прасторы з улікам спектраў пазітыўнай фрагментацыі.
Праграма Кангрэса ўключала працу плянарнага пасяджэння і 14 круглых сталоў, у навуковых дыскусіях трох з якіх удзельнічалі работнікі Цэнтра. Дар'я Гапоненка асвятліла спецыфіку ўдзелу дзяржаўных органаў, юрыдычных асоб і грамадзян, якія ад уласнага імя абараняюць правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, у грамадзянскім судаводстве на прыкладзе палажэнняў Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь. Вольга Русак выступіла на тэму «Сацыяльная адказнасць бізнэс-суб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь як прыкмета канстытуцыйнай ідэнтычнасці». Сняжана Белавусава прадставіла даклад «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб некамерцыйных арганізацыях у сацыяльна-культурнай сферы». Да мерапрыемстваў кангрэса далучыліся навукоўцы і дзяржаўныя дзеячы з Расіі, Беларусі, Ірана, Казахстана, Малайзіі, Узбекістана, Кітая і іншых краін.

Удзельнікі і госці міжнароднага форуму ўшанавалі хвілінай маўчання памяць выдатнага расійскага вучонага-прававеда, доктара юрыдычных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Міжнароднай акадэміі параўнальнага права, Заслужанага дзеяча навукі Расійскай Федэрацыі, галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі Юрыя Аляксандравіча Ціхамірава, які пайшоў з жыцця 17 лістапада 2025 г.

Юрый Аляксандравіч унёс неацэнны ўклад у развіццё тэорыі дзяржавы і права, канстытуцыйнага і адміністрацыйнага права, параўнальнага правазнаўства. Вучоны пашырыў навуковае ўяўленне аб сістэме публічнага права, абгрунтаваў тэорыю кіравання на аснове права, заклаў навуковыя асновы прававога маніторынгу і інш. Яго навуковыя працы (налічваецца амаль 800) атрымалі прызнанне як у Расіі, так і за яе межамі. Калектыў Цэнтра выказвае глыбокія спачуванні родным, блізкім, калегам Юрыя Ціхамірава. Гэта незаменная страта для ўсёй юрыдычнай супольнасці. Светлая памяць пра Юрыя Аляксандравіча назаўжды застанецца ў нашых сэрцах.