Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
15 мая ў НЦЗПІ адбыўся круглы стол, прысвечаны зместу пашпарта навуковай спецыяльнасці 12.00.01 – тэорыя і гісторыя права і дзяржавы; гісторыя вучэнняў аб праве і дзяржаве.
Мерапрыемства адкрыў дырэктар Андрэй Матэльскі. Андрэй Францавіч адзначыў, што неабходнасць разгляду пытання аб змесце пашпарта навуковай спецыяльнасці 12.00.01 звязана з пачаткам функцыянавання пры НЦЗПІ савета па абароне дысертацый Д 07.02.01, упаўнаважанага разглядаць па гэтай навуковай спецыяльнасці доктарскія і кандыдацкія дысертацыі.
З уступным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнулася Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Вольга Чупрыс. Вольга Іванаўна падкрэсліла важнасць своечасовага абнаўлення пашпарта навуковай спецыяльнасці 12.00.01 як для падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў нашай дзяржаве, так і для эфектыўнай работы савета па абароне дысертацый Д 07.02.01 пры НЦЗПІ.

Старшыня савета па абароне дысертацый Д 07.02.01, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Леанід Рабцаў у сваім уступным слове ўказаў на праблемны характар пытання аб змесце пашпарта навуковай спецыяльнасці 12.00. Прывёў прыклады, якія ілюструюць складанасць экспертных рашэнняў па размежаванні спецыяльнасці 12.00.01 са сумежнымі спецыяльнасцямі юрыдычнай галіны навукі.

Праект прапанаваных Інстытутам прававых даследаванняў НЦЗПІ змяненняў у пашпарт спецыяльнасці 12.00.01 прадставіла ў сваім дакладзе намеснік дырэктара - кіраўнік Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПІ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Алена Сямашка.


Пры ўдзеле членаў савета па абароне дысертацый Д 07.02.01, прадстаўнікоў юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь адбыўся канструктыўны дыялог, які дазволіў вызначыць напрамкі ўдасканалення нарматыўнага дакумента, які апісвае змест і межы адной з галоўных у юрыдычнай навуцы спецыяльнасцяў.