Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
28 мая НЦЗПІ сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам юрыстаў правёў круглы стол «Інтэлектуальная ўласнасць і нядобрасумленная канкурэнцыя», накіраваны на абмеркаванне спрэчных пытанняў, абмен думкамі экспертаў і прафесійнай супольнасці.

З уступным словам на адкрыцці мерапрыемства выступілі Вольга Бакіноўская, намеснік кіраўніка Інстытута − начальнік аддзела даследаванняў у галіне грамадзянскага, экалагічнага і сацыяльнага права Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПІ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, і Ірына Арлоўская, выканаўчы дырэктар Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў.

Наяўныя гарызантальныя сувязі права інтэлектуальнай уласнасці і інстытута нядобрасумленнай канкурэнцыі асвятліла Іванова Дыяна, вядучы спецыяліст упраўлення прававога і кадравага забеспячэння Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела даследаванняў у галіне грамадзянскага, экалагічнага і сацыяльнага права Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПІ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.
Практыкай спынення нядобрасумленнай канкурэнцыі, звязанай з выкарыстаннем аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, зыходзячы з вопыту МАРГ, у сваім выступленні падзялілася Яна Пятрушына, начальнік аддзела прамысловасці, будаўніцтва і прыродных рэсурсаў упраўлення гандлю, аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, будаўніцтва і прыродных рэсурсаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі.
Праблемы, якія ўзнікаюць пры разглядзе судовых спрэчак, звязаных з рэгістрацыяй і выкарыстаннем сродкаў індывідуалізацыі (гандлёвых знакаў) і нядобрасумленнай канкурэнцыяй, агучаны Алегам Латышэвічам, суддзёй Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Рознабаковы погляд на пытанні, якія ўзнікаюць пры сумесным прымяненні заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці і антыманапольнага заканадаўства, дазволіў абмяняцца вопытам, выявіць існуючыя цяжкасці. У прыватнасці, спікеры звярнулі ўвагу на аспекты, звязаныя са спагнаннем абаротных штрафаў за парушэнні пры нядобрасумленнай канкурэнцыі, кампетэнцыяй антыманапольнага органа і суда, а таксама наднацыянальнага органа – Еўразійскай эканамічнай камісіі пры трансгранічным парушэнні агульных правілаў канкурэнцыі на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза.
Бягучая эканамічная сітуацыя, дзеянні недружалюбных краін таксама патрапілі ў поле зроку ўдзельнікаў круглага стала, у сувязі з чым у кантэксце заяўленай тэматыкі прапанаваны варыянты аптымальнага ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ва ўмовах забеспячэння канкурэнцыі і добрасумленнага выкарыстання інтэлектуальных правоў.
Дыскусія з удзелам спікераў і гасцей круглага стала паказала, што не толькі дакладна выверанымі нарматыўнымі фармулёўкамі, але і правільным прымяненнем розных галін заканадаўства для рэгулявання адносін, што ўзнікаюць, абумоўлены належны ўзровень абароны правоў і законных інтарэсаў праваўладальнікаў.