Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
У Беларусі адсвяткавалі Дзень Незалежнасці – галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, сімвал нацыянальнага адраджэння. У гэты дзень і напярэдадні па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, удзел у якіх прынялі і філіялы Цэнтра.
28 чэрвеня, у Дзень вызвалення г. Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, калектыў РЦПІ Магілёўскай вобласці наведаў выставу «Беларусь вызваленая: запавет 1944-га», размешчаную ў музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі.
Выстаўка прысвечана вызваленню тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Работнікі філіяла Цэнтра азнаёміліся з творчасцю некалькіх пакаленняў мастакоў, кожнае з іх прыўнесла ў ваенную тэму сваё светаадчуванне, сваё разуменне, свой вопыт. «Выстава дазволіла ўбачыць жанравую разнастайнасць работ і множнасць спосабаў трактоўкі ваеннай тэмы ў выяўленчым мастацтве, прасачыць, як змянялася мова жывапiсу ад апавядальнасці ў творах ваенных і першых пасляваенных гадоў да больш складанага, філасофскага прачытання апошніх дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя», – падзяліліся сваімі ўражаннямі прадстаўнікі РЦПІ.
2 ліпеня работнікі РЦПІ Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у памятнай акцыі і наведалі ўнікальны перасоўны музей «Цягнік Перамогі». Тут кожны вагон – гісторыя асобнага часовага адрэзка. У храналагічным парадку прадстаўлены даваенныя гады, бязлітасны перыяд Вялікай Айчыннай вайны і доўгачаканая для савецкага народа Перамога: лёсы, успаміны, гістарычныя факты.
«Атмасфера экспазіцыі дазваляе адчуць усю трагедыю ваенных гадоў. Вялікая Айчынная вайна – самае страшнае выпрабаванне, якое выпала на долю беларускага народа. Нашы дзяды, прадзеды коштам вялізных намаганняў абаранілі права на наша мірнае жыццё. Абавязак кожнага беларуса – захаваць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне і перадаць яе маладому пакаленню», – адзначыла дырэктар РЦПІ Віцебскай вобласці Ларыса Дорагава.
У гэты ж дзень РЦПІ Гомельскай вобласці прыйшоў на плошчу Паўстання, адкрытую напярэдадні свята пасля рэканструкцыі. У гонар знамянальнай падзеі тут устанавілі памятны знак ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Скульптурная кампазіцыя атрымала назву «Дрэва жыцця» і ўяўляе сабой сціснутыя ад болю рукі, што вырываюцца з-пад зямлі.
«Страшны сюжэт, закладзены ў аснову стварэння помніка, заснаваны на рэальных падзеях. І галоўная яго мэта – увекавечыць памяць аб подзвігу беларускага народа, яго ахвярах падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пакуль мы памятаем, захоўваем нашу гісторыю, мы будзем жыць і далей у шчаслівым, спакойным грамадстве, з верай у заўтрашні дзень», – лічыць дырэктар філіяла Цэнтра Яўгенiя Маiсейкіна.
Пасля ўрачыстага адкрыцця прадстаўнікі РЦПІ Гомельскай вобласці ўсклалі кветкі да манумента.
Работнікі РЦПІ Гродзенскай вобласці таксама выказалі даніну павагі воінам, якія загiнулi у бітвах пры вызваленні Беларусі. Прадстаўнікі Цэнтра ўсклалі кветкі да помніка воінам 86-га Лідскага кавалерыйскага палка 32-й Смаленскай кавалерыйскай дывізіі, якія скалалi свае жыццi ў баях за вызваленне г. Гродна.
«Дзень Незалежнасці – гэта адно з самых значных святаў у гісторыі нашай краіны, – лічыць дырэктар абласнога філіяла Алена Капіца. – У гэтым годзе мы адзначаем важную дату – 80-годдзе вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нас перапаўняе пачуццё падзякі да тых, хто абараніў мір, і гонару за нашу краіну – прыгожую, паспяховую, мірную».
Калектыў РЦПІ г. Мінска на чале з дырэктарам філіяла Цэнтра Русланам Века прыняў удзел ва ўскладанні кветак да помніка маршалу Савецкага Саюза Георгію Канстанцінавічу Жукаву ў г. Мінску.
«Дзень Незалежнасці – гэта свята міру, дабра, стварэння. Гэта свята краіны, якая шмат чаго дасягнула, шмат што змагла. Краіны, што ганарыцца сваёй гісторыяй. Дзень Незалежнасці збліжае і аб'ядноўвае ўсіх нас. Мы ганарымся, што жывем у Беларусі!», – падзяліліся эмоцыямі работнікі РЦПІ г. Мінска.
3 ліпеня работнiкi РЦПІ Мінскай вобласці прынялi удзел у мерапрыемствах, арганізаваных Мінскім аблвыканкамам на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу «Курган Славы».
Работнікі РЦПІ ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла, а таксама сталі ўдзельнікамі тэматычных інтэрактыўных пляцовак, праца якіх была арганізавана ў гэты дзень.
У гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі РЦПІ Брэсцкай вобласці сумесна з прадстаўнікамі Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў і Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» здзейснілі аўтапрабег па маршруце «Брэст−Івацэвічы−вёска Карачын Івацэвіцкага раёна» з наведваннем адзінага ў Беларусі мемарыяльнага комплексу партызанскай славы «Хаваншчына». Аўтапрабег стаў данінай памяці і павагі тым, хто загінуў у жорсткіх баях за свабоду, гонар і незалежнасць нашай Радзімы.
3 ліпеня спецыяліст РЦПІ Марына Дубініч у складзе праекта «Атрад пакаленняў», створанага Моладзевым парламентам пры Брэсцкім гарадскім Савеце дэпутатаў, сумесна з прадстаўнікамі гарадской улады прыняла ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак да помніка, прысвечанага адной з юбілейных дат вызвалення Брэста ад нямецка-фашыскiх захопнiкаў, даніну памяці загiнулым абаронцам Айчыны.
З Днём Незалежнасці, любая Беларусь!