Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
Сёння, напярэдадні Дня жанчын, мы прадстаўляем першае інтэрв’ю медыйнага праекта Цэнтра «Жаночы твар НЦЗПІ» з першым намеснікам дырэктара НЦЗПІ Галінай Падразёнак.
– Галіна Пятроўна, раскажыце, што Вам больш за ўсё падабаецца ў Вашай рабоце?
– Адказваючы на гэтае пытанне, падкрэслю, што любы поспех, поспех любой работы – гэта работа ў камандзе. Калі ты працуеш не адзін, ты можаш выканаць любую самую складаную задачу. Першае – гэта людзі.
Людзі, якія працуюць у нашай камандзе, – бліскучыя спецыялісты, і ў кожнага ёсць свая перавага. Таму сумесная работа з прафесіяналамі высокага ўзроўню – гэта перш за ўсё.
Другое – шматзадачнасць. Я люблю шматпрофільную дзейнасць, што патрабуе складаных рашэнняў. Невыпадкова абрала такую складаную сферу, як нарматворчасць.
Яна закранае ўсе аспекты жыцця. Гэтым яна і цікавая. Менавіта работа ў акрэсленай сферы дапамагае мне рэалізоўваць сябе як прафесіянала.
Нарматворчасць – гэта рух
На пэўным этапе работы ў Міністэрстве юстыцыі (да НЦЗПІ Галіна Падразёнак каля 20 гадоў адпрацавала на розных пасадах у Міністэрстве юстыцыі. – Заўв.) мая дзейнасць часова зрушылася з нарматворчасці ў вобласць вядзення Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта быў зусім новы накірунак, «галіновы» перыяд у кар’еры, завяршэннем якога стаў вялікі вынік – увядзенне сістэмы электроннай рэгістрацыі ў краіне. Калі я закрыла гэтую задачу, то зразумела: мне не хапае шматзадачнасці, што ёсць у нарматворчасці. Нарматворчасць – гэта пастаянны працэс, рух. Мне цяжка кожны дзень займацца чымсьці аднастайным.
– Якія дасягненні Вы лічыце найбольш значнымі?
– Калі я ўспамінаю свае найбольш значныя дасягненні за амаль трыццацігадовы стаж на дзяржслужбе, першае, што прыгадваецца, – гэта ўвядзенне ў краіне электроннай рэгістрацыі пры каардынацыі Міністэрства юстыцыі. Менавіта тады ўпершыню быў ужыты заяўны прынцып рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання. Гэта было зроблена фактычна «маімі рукамі», пад маім непасрэдным кіраўніцтвам, і я, вядома, гэтым ганаруся.
Безумоўна, гэта рэалізаваныя заканатворчыя ініцыятывы. Мы працуем на планавай аснове: фарміруем план законапраектаў на чарговы год і выконваем яго. Я практычна 15 гадоў адказвала за разгляд пытанняў, адносных да сацыяльнай сферы (падчас работы ў Міністэрстве юстыцыі. – Заўв.), і цяпер таксама курырую ўказаны кірунак. Тэмы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны і культуры сталі для мяне роднымі. Гэта маё стварэнне, і я шчыра ганаруся ўсімі заканатворчымі ініцыятывамі, якія былі падтрыманы ў акрэсленай галіне.
– Вы акцэнтавалі ўвагу на найбольш значных падзеях у прафесійнай дзейнасці, але, магчыма, ёсць такія, якімі Вы маглі б падзяліцца як жанчына, жанчына-кіраўнік?
– Вельмі ганаруся тым, што мне ўдалося сумясціць ролю мамы і кіраўніка. Калі я стала начальнікам упраўлення, мне было 32 гады, майму сыну на той момант – восем месяцаў. І я ганаруся тым, што пад маім кіраўніцтвам выраслі прафесіяналы высокага ўзроўню: два намеснікі міністра і больш за дзесяць начальнікаў упраўленняў.

Галіна Пятроўна разам з сынамі Аляксеем і Сяргеем
– Іншымі словамі, гэта магчыма, быць жанчынай і кіраўніком?
– Нягледзячы на тое, што ў мяне двое сыноў, я не дапусціла перапынкаў у стажы. Я рана вярталася да работы пасля дэкрэтных водпускаў (калі дзецям было паўтара года і восем месяцаў). Аднак галоўнае, трэба любіць тое, чым займаешся. Толькі так можна з задавальненнем ісці на работу і таксама радасна спяшацца дадому да блізкіх. Я шчаслівая, што мне ўдалося захаваць гэты баланс.
З задавальненнем ісці на работу і радасна спяшацца дадому да блізкіх
Безумоўна, я вельмі ўдзячная сваёй сям’і, іх падтрымцы. Асаблівую ролю адыграла мая свякроў, яна дзеля дапамогі з дзецьмі пераехала ў Мінск. Без яе справіцца было б складана. У гэтым годзе яе не стала, але я захоўваю светлую памяць пра яе і падзяку.
Бацькі Галіны Падразёнак Надзея Міхайлаўна и Пётр Нікіціч
– А калі нехта з жанчын сумняваецца, які ж выбар зрабіць: сям’я ці работа?
– Дрэнна, калі паўстае такі выбар. Думаю, жанчына павінна сумяшчаць і работу, і сям’ю. Справа і ў фінансавай незалежнасці, і ў самарэалізацыі.
Таму калі ўзнікае такое пытанне, давярайце пачуццям. Але памятайце: нельга зацыклівацца на чымсьці адным: прафесійных задачах ці хатніх справах. Можна сказаць сабе: «Добра, я зараз адыду, але, выканаўшы пэўную задачу, вярнуся туды, дзе мне таксама добра і дзе мне камфортна». На мой погляд, толькі так, рэалізуючыся і як мама, і як прафесіянал, жанчына можа быць шчаслівай.
А калі жанчына шчаслівая, то шчаслівыя і яе блізкія.
– Галіна Пятроўна, давайце пагаворым пра ролю жанчыны ў нашым Цэнтры і ў грамадстве. У чым яна заключаецца?
– Разважаючы пра тое, у чым складаецца роля сучаснай жанчыны, для сябе вывела такую формулу. Роля сучаснай жанчыны – у спалучэнні асабістай самарэалізацыі, кар’еры і захаванні жаноцкасці.
– Падзяліцеся, як, маючы такія моцныя якасці, Вам удаецца заставацца такой лёгкай і жаноцкай?
– Любоў да сябе і абкружэння, душэўная шчодрасць – гэта залог захавання жыццёвага балансу.
Я строгі і патрабавальны кіраўнік. Але я люблю і цаню людзей. Калі людзі бачаць, што справы ідуць правільна, яны адчуваюць мой клопат і становяцца вернымі паплечнікамі. Я ўпэўнена: там, дзе ёсць шчырая любоў і дабро, здрада немагчымая.
Імкненне да самаўдасканалення, жаданне расці, не спыняючыся ні на секунду, – гэта таксама складнікі маёй асабістай формулы. Калі свет пайшоў наперад, а ты адстаў, ніхто не вінаваты. Ты сам павінен імкнуцца рухацца ў такт.
– Што б Вы пажадалі жанчынам у Год беларускай жанчыны?
– Усім жанчынам нашага вялікага Цэнтра перш за ўсё хачу пажадаць веры ў сябе. Няма нічога немагчымага. Жыццё паказвае, што мы можам усё, часам нават не ўсведамляючы, наколькі многа.
Не бойцеся, рабіце крок наперад і рухайцеся, усё астатняе далучыцца потым. Нельга недаацэньваць першы крок, нават калі ён здаецца нязначным. Ён вельмі важны ў любой справе, хоць часам самы цяжкі.
У любой справе важны першы крок
Толькі той прабяжыць дыстанцыю, хто пачне бегчы. І аглядаючыся на сваю жыццёвую дыстанцыю, ты ўбачыш, колькі ўдалося зрабіць. Напрыклад, я кожную раніцу хаджу ў басейн і не змяняю гэтую звычку ўжо больш за 10 гадоў. Але каб пайсці на першую трэніроўку, трэба было зрабіць крок, пераадолець сябе.
Вучыцца ніколі не сорамна. Калі толькі Вы перастаяце вучыцца, Вы спыняецеся.
Калі толькі Вы перастаяце вучыцца, Вы спыняецеся
Уся адказнасць ляжыць на Вас. Памятайце гэта. Падтрымлівайце ў сабе энтузіязм. Ён важны.
Шукайце ўнутраныя рэсурсы і захоўвайце аптымізм. Радуйцеся нават сваім няўдачам, таму што любая няўдача – гэта вопыт, няхай і не заўсёды станоўчы.
Хачу падкрэсліць важную ісціну: заўсёды імкніцеся зрабіць больш, чым ад Вас чакаюць. Аддавайце максімум у кар’еры, дружбе і асабістых адносінах. Не шкадуйце намаганняў і пачуццяў. Будзьце шчодрымі, і жыццё абавязкова ўзнагародзіць Вас – усё дабро вернецца ў шматкратным памеры.
Я люблю сваю работу і не разумею, што такое не працаваць. Але пры гэтым я памятаю і ўсім рэкамендую не забываць у чарадзе спраў заставацца жанчынай. Мы павінны быць прыгожымі, любімымі, цікавымі ў першую чаргу самім сабе. Толькі ў гэтым выпадку мы будзем падабацца і іншым.
Таксама пажадаю паспяваць рабіць сотні абавязковых спраў і не забываць чуць свае жаданні.
Жадаю нашым жанчынам унутранай мяккасці, знешняй упэўненасці. Строгасці і патрабавальнасці – у рабоце, клопату і пяшчоты – дома.
Калі мы будзем гэта ўсё сумяшчаць, то з’явіцца задавальненне жыццём. Прыходзячы дадому пасля работы, мы павінны заставацца чароўнымі клапатлівымі, пяшчотнымі, прыгожымі і любімымі.
Прынцыпы, сфармуляваныя нашай суразмоўніцай, дазволілі ёй вырасці, стаць кіраўніком высокага ўзроўню, дасягнуць поспеху. Як адзначыла Галіна Пятроўна, у рабоце часта бывае складана, але ёсць слова «трэба», якое шмат у чым вызначаецца савецкім выхаваннем і фарміруе яе стаўленне да сябе, людзей, жыцця.
За рамкамі нашага інтэрв’ю Галіна Пятроўна дапоўніла, што асабістым прыкладам мы натхняем наша абкружэнне, выхоўваем у нашых дзецях стаўленне да працы, да людзей, да роднай зямлі. Яны ганарацца табой і разумеюць: «Мама змагла, значыць, і ў нас атрымаецца».
Мы дзякуем Галіне Пятроўне за цікавую і змястоўную гутарку.
Сачыце за навінамі. Наступнае інтэрв’ю праекта ўжо хутка на нашым сайце.