Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
3 красавіка ў абласных цэнтрах і сталіцы падвялі вынікі абласнога этапа рэспубліканскай інтэлектуальна-прававой гульні «Сіла закона: мы і права». Суарганізатарамі мерапрыемстваў выступілі рэгіянальныя філіялы НЦЗПІ.
У гульні прымалі ўдзел каманды з 5 чалавек з ліку навучэнцаў 2–4-х курсаў неюрыдычных спецыяльнасцяў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і студэнтаў 2–4-х курсаў (акрамя юрыдычных факультэтаў) устаноў вышэйшай адукацыі.
Рабяты дэманстравалі веды па тэмах, у тым ліку: дзяржаўны лад і ўлада; суверэнітэт; прававыя асновы дзяржавы (нарматыўныя прававыя акты); гісторыя права; асноўныя дакументы аб правах дзіцяці і грамадзяніна; правы і абавязкі; адказнасць за правапарушэнні; грамадскія маладзёжныя аб'яднанні; маладзёжная палітыка; працаўладкаванне; грамадзянскае заканадаўства; сямейныя адносіны; адукацыя; міжнародныя арганізацыі па абароне дзяцінства.
Знаўцам трэба было выканаць 35 заданняў.
На Брэстчыне абласны этап гульні праходзіў на пляцоўцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
У складзе журы разам з прадстаўнікамі універсітэта, абласной калегіі адвакатаў працавала вядучы спецыяліст РЦПІ Брэсцкай вобласці Ала Кравец.
У спаборніцтве прынялі ўдзел 110 чалавек у складзе 22 каманд, з іх 8 каманд устаноў вышэйшай адукацыі (УВА) і 14 каманд сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі (ССУА).
Пераможцамі сталі каманды «Сувязісты» Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі і «Валадар» Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі таксама азнаёміцца з друкаванай прадукцыяй НЦЗПІ у ходзе выстаўкі, арганізаванай РЦПІ Брэсцкай вобласці.
У інтэлектуальнай схватцы ў Гомельскім рэгіёне сышліся 33 каманды навучальных устаноў. Абласны этап гульні прайшоў у анлайн- і афлайн- фарматах: каманды УВА змагаліся вочна ў будынку суда Навабеліцкага раёна г. Гомеля, а прадстаўнікі ССУА падключыліся анлайн.
Пытанні былі прадстаўлены ў двух варыянтах: простыя тэставыя, на якія можна было адказаць «Так» або «Не», і адкрытыя, якія патрабуюць разгорнутых адказаў.
У выніку напружанай барацьбы пераможцамі сталі каманда «Маланка» Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф.Скарыны і каманда навучэнцаў установы адукацыі «Гомельскі гандлёва-эканамічны каледж» Белкаапсаюза.
Эксперты права Віцебскага рэгіёну спаборнічалі на пляцоўцы Віцебскага філіяла ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі». У спаборніцтве прынялі ўдзел 15 каманд.
Пераможцы – каманды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і філіяла Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж».
На Гродзеншчыне ўдзельнікаў паўфіналу ў маладзёжным цэнтры «Гродна» віталі першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэй Есін, вядучы спецыяліст РЦПІ Гродзенскай вобласці Людміла Танцярова, намеснік старшыні Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Наталля Ганчарук.
За званне лепшых змагаліся 14 каманд. Рабяты паказалі высокую зацікаўленасць у перамозе і прадэманстравалі выдатныя веды па заяўленых арганізатарамі тэмах.
Пераможцамі сталі каманды «Варты закона» Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы і «Лісы» Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Мінскі абласны этап прайшоў у навучальным цэнтры Мінскай абласной калегіі адвакатаў. На адкрыцці турніру словы пажадання ўдзельнікам выказалі першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Таццяна Клішэвіч, дырэктар РЦПІ Мінскай вобласці Руслан Трухан і старшыня Мінскай абласной калегіі адвакатаў Таццяна Бачарова, якія ўвайшлі ў склад журы.
У напружанай інтэлектуальнай барацьбе лепшы вынік на Міншчыне паказала каманда «Мысліцелі» з Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа.
Мінскі гарадскі этап гульні прайшоў у атрыуме гандлёвага цэнтра «Сталіца». Лепшыя веды прадэманстравалі каманда «Veritas» Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і рабяты з каманды Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання.
Пераможцаў павіншавалі першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Раман Бандарук і дырэктар РЦПІ г. Мінска Руслан Века, якія адзначылі важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў як з пункта гледжання развіцця прававой пісьменнасці, так і выяўлення таленавітай моладзі.
Рабяты з усёй Магілёўскай вобласці праходзілі праверку ведаў на базе Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа.
Удзельнікаў віталі прадстаўнікі арганізатараў, у ліку якіх была і спецыяліст РЦПІ Магілёўскай вобласці Жанна Зязюліна.
У гульні спаборнічалі 100 чалавек у складзе 20 каманд. Ім, як і іх равеснікам з другіх рэгіёнаў, трюба было адказаць на 35 пытанняў.
Пераможцамі сталі каманда «Сацкам» Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.А.Куляшова і каманда «Сільва» філіяла УА «Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт «Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж».
Віншуем рабят з перамогай і жадаем поспехаў ў фінальным паядынку!
Даведачна:
Рэспубліканская інтэлектуальна-прававая гульня «Сіла закона: мы і права» праходзіць з 3 па 10 красавіка ў нашай краіне ў чацвёрты раз.
Праект рэалізуецца з мэтай прававой асветы і накіраваны на павышэнне інтарэсу да заканадаўства, прапаганду прававой культуры, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, якія датычацца правоў і абавязкаў грамадзян.
Арганізатарамі выступаюць БРСМ, Міністэрства адукацыі, установа адукацыі «Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь» пры падтрымцы НЦЗПІ і Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.