Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
Радасць, падарункі і звонкі дзіцячы смех – вось што такое сапраўднае свята! Прытрымліваючыся добрай шматгадовай традыцыі, прадстаўнікі НЦЗПІ наведалі сваіх падшэфных. Візіты адбыліся ў Клецкі, Нясвіжскі і Барысаўскі раённыя сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дзе жывуць і выхоўваюцца хлапчукі і дзяўчынкі, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце.
Прыезд гасцей стаў для дзяцей прыемным і доўгачаканым сюрпрызам. Сустракаючы прадстаўнікоў Цэнтра, дзеці шчыра радаваліся ўвазе і цёплым словам, якія гучалі ў іх адрас.
Да свята выхаванцы цэнтраў атрымалі выдатныя падарункі: новае адзенне і зручны абутак, яркія цацкі і, вядома ж, салодкія пачастункі. Усяго святочныя наборы былі ўручаны 32 падапечным. Акрамя таго, падшэфным арганізацыям былі перададзены мэбля і інвентар, а таксама санітарна-гігіенічныя сродкі, неабходныя для камфортнага знаходжання дзяцей.
Сродкі на набыццё падарункаў былі сабраныя сумеснымі намаганнямі НЦЗПІ, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, работнікаў Цэнтра і пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ».
«Мы вельмі рады павіншаваць вас сёння з гэтым цудоўным дзіцячым святам, – звярнуўся да рабят начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі і кантролю Вячаслаў Бякета. – Міжнародны дзень абароны дзяцей – гэта не толькі весялосць і забаўкі, але і напамін усім дарослым аб тым, як важна пастаянна клапаціцца аб дзецях, абараняць іх правы і ствараць спрыяльныя ўмовы для гарманічнага развіцця. Мы шчыра жадаем, каб кожнае дзіця адчувала сябе абароненым, каханым і мела ўсе магчымасці для рэалізацыі свайго патэнцыялу».
Прадстаўнікі раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў выказалі падзяку НЦЗПІ і ўсім, хто прыняў удзел у арганізацыі свята. Яны адзначылі, што такая падтрымка, асабліва напярэдадні летніх канікулаў, вельмі важная для дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе і клопаце.