Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
10 кастрычніка ў НЦЗПІ адбыўся ўрачысты сход калектыву, прымеркаваны да 25-годдзя з дня заснавання рэгіянальных цэнтраў прававой інфармацыі.

Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар НЦЗПІ Андрэй Матэльскі павіншаваў калег з юбілеем, адзначыўшы значнасць і важнасць работы, што праводзіцца абласнымі філіяламі.

«Ажыццяўляючы сваю дзейнасць ужо больш за 25 гадоў, РЦПІ сталі праваднікамі інфармацыйна-прававой палітыкі дзяржавы ў рэгіёнах. Калектывы нашых філіялаў упэўнена крочаць у нагу з часам, эфектыўна выконваючы ўсе пастаўленыя задачы, – сказаў Андрэй Францавіч. – РЦПІ забяспечваюць узаемадзеянне з установамі адукацыі, прымаюць актыўны ўдзел у навучанні будучых юрыстаў, узаемадзейнічаюць з бібліятэкамі, забяспечваючы суправаджэнне створаных там публічных цэнтраў прававой інфармацыі, запатрабаваных грамадствам».
Распаўсюджанне прававой інфармацыі сярод насельніцтва Рэспублікі Беларусь і прадастаўленне якасных паслуг у прававой сферы – гэта тое, на што арыентавана сёння дзейнасць РЦПІ.

Андрэй Матэльскі адзначыў, што дзякуючы зладжанай рабоце калектываў філіялаў аператыўна забяспечваецца рост колькасці карыстальнікаў сістэм «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE», вядзецца ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі ў рамках рэалізацыі задач па прававой асвеце грамадзян, у тым ліку моладзі. Калектывы РЦПІ заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у спартыўным і грамадскім жыцці Цэнтра.
«Кожны з работнікаў нашых абласных філіялаў уносіць свой важкі ўклад у агульную справу. Іх прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы дае ўпэўненасць у тым, што разам мы абавязкова даб’емся намечаных мэт!» – падкрэсліў кіраўнік НЦЗПІ.
Прыемным вынікам мерапрыемства стала ўручэнне ўзнагарод.
За плённую працу і актыўны ўдзел у рашэнні актуальных задач, якія стаяць перад НЦЗПІ, дасягненне высокіх вынікаў у працоўнай дзейнасці шэраг работнікаў быў адзначаны Ганаровымі граматамі Цэнтра і Падзякамі дырэктара, а таксама ўзнагародамі ад Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, Міністэрства абароны; Віцебскага, Гомельскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама.




Віншуем калег!