Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
17 верасня ў нашай краіне адзначаецца дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. У гэты дзень адбыўся ўрачысты сход калектыву Цэнтра, удзел у якім прыняла Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вольга Чупрыс.
Вітаючы калектыў Цэнтра, Вольга Іванаўна нагадала, што сённяшняе дзяржаўнае свята мы адзначаем з 2021 года ў адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы. Ён азнаменаваны пачаткам вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе ў заходнія беларускія землі, вынікам якога стала ўз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, падзеленай па ўмовах Брэсцкага мiра.
«Дзякуючы гэтаму ўз'яднанню мы выстаялi ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Рэспубліка Беларусь, на той момант Беларуская ССР, заявіла аб сабе на міжнароднай арэне, стала адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і паўнапраўным яе ўдзельнікам», – сказала Вольга Чупрыс.

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дапоўніла, што 17 верасня сімвалізуе адзінства беларускага народа, непахіснасць асноў Беларусі, яе самастойнасць, незалежнасць як нацыі, як дзяржавы:
«Гэтае свята, акрамя таго, сведчыць аб тым, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь прыналежны да яе вялікіх спраў, прыналежны да яе вялікіх, значных дзяржаўных і грамадскіх вынікаў. Таму ў гэты дзень ужо стала традыцыяй віншаваць адно аднаго, прымяркоўваць да гэтай даты правядзенне грамадска-палітычных, патрыятычных акцый».
Яшчэ адной добрай традыцыяй Дня народнага адзінства стала ўшанаванне людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Рэспублікі Беларусь у ходзе сваёй прафесійнай дзейнасці.
Таму ў гэты святочны дзень Вольга Іванаўна выканала ганаровую місію – уручэнне ўзнагарод Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь работнікам нашай арганізацыі за шматгадовую плённую работу па ўдасканаленні прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь, а таксама высокі прафесіяналізм.
Так, Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны намеснік дырэктара НЦЗПІ Валерый Гайдучонак.

Падзякі Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлены начальніку аддзела даследаванняў у галіне нацыянальнай бяспекі, праваахоўнай дзейнасці і міжнароднага права Інстытута прававых даследаванняў Ірыне Лапцэвіч і саветніку аддзела заканадаўства аб праваахоўнай і судовай дзейнасці галоўнага ўпраўлення заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы, праваахоўнай і судовай дзейнасці Юрыю Рудзеню.


Вольга Іванаўна пажадала работнікам НЦЗПІ моцнага здароўя, поспехаў у асабістым жыцці і ў прафесійнай дзейнасці на карысць Рэспублікі Беларусь!
Да віншаванняў далучыўся кіраўнік Цэнтра Андрэй Матэльскі. Ён падкрэсліў, што дзяржаўнае свята сімвалізуе агульнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, адзінства нашай арганізацыі, якое дае магчымасць працаваць больш зладжанай, дружнай камандай і якасна выконваць задачы, якія стаяць перад НЦЗПІ. «Хачу пажадаць шчасця і дабрабыту вам, вашым родным і блізкім, – сказаў дырэктар Цэнтра. – Працоўных вышынь і дасягненняў, за якія, упэўнены, будзе яшчэ шмат ганаровых і значных узнагарод».
У Цэнтры стала традыцыяй пачынаць святочную раніцу 17 верасня з акцыі «Роднае-народнае», падчас якой работнікам арганізацыі на запясці павязваецца стужачка з беларускім арнаментам, якая сімвалізуе сілу адзінства.
У гэтым годзе стала вялікім гонарам уручыць такую стужачку і Вользе Чупрыс у завяршэнне сходу з нагоды свята.

Сёння работнікі НЦЗПІ і яго рэгіянальных філіялаў прымуць удзел у шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня народнага адзінства.