• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Instagram
  • Youtube
  • Telegram

Віншуем прафесара Рыгора Аляксеевіча Васілевіча з юбілеем!

Г.А. Василевич.jpg

13 лютага свой 70-гадовы юбілей адзначае Рыгор Аляксеевіч Васілевіч, доктар юрыдычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь (1997–2008 гг.), Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь (2008–2011 гг.), загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ).

Рыгор Аляксеевіч нарадзіўся ў г. Мінску. У 1980 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ, пасля чаго працягнуў вучобу ў аспірантуры (1980–1983 гг.).

У 1984 годзе ў Харкаўскім юрыдычным інстытуце абараніў кандыдацкую дысертацыю па працоўным праве на тэму «Працоўны дагавор з работнікамі гандлю». У 1994 годзе ў БДУ абараніў доктарскую дысертацыю па канстытуцыйным праве на тэму «Праблемы заканатворчай дзейнасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». У 1998 годзе Р.А.Васілевічу прысвоена вучонае званне прафесара.

Працоўны шлях Рыгора Аляксеевіча шматгранны. Сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў рабочым. Служыў у Савецкай арміі. У 1983–1986 гг. працаваў выкладчыкам на юрыдычным факультэце БДУ.

На працягу свайго жыцця Р.А.Васілевіч праяўляе выключную працавітасць і шчырае служэнне на карысць Беларусі.

З 1986 года працаваў у Сакратарыяце Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь: спачатку намеснікам, а ў 1989–1994 гг. – загадчыкам юрыдычнага аддзела.

Рыгор Аляксеевіч унёс важкі ўклад у распрацоўку Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: з моманту выбрання Канстытуцыйнай камісіі (ліпень 1990 года) і да сакавіка 1994 года з’яўляўся яе членам, намеснікам кіраўніка рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі.

Значным этапам прафесійнай біяграфіі Рыгора Аляксеевіча з’яўляецца работа ў Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь. У красавіку 1994 года ён выбраны суддзёй Канстытуцыйнага Суда, і на гэтай пасадзе праявіў настойлівасць і прынцыповасць у няпросты перыяд станаўлення інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне. З верасня 1997 года па 2008 год Р.А.Васілевіч – Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Мае вышэйшы кваліфікацыйны клас суддзі.

Г.А. Василевич.jpg

Важным перыядам прафесійнай дзейнасці Рыгора Аляксеевіча стала кіраўніцтва сістэмай органаў пракуратуры ў статусе Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь (2008–2011 гг.). Мае класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 1 класа.

З 2011 года і па цяперашні час Рыгор Аляксеевіч – загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ.

Навуковыя дасягненні Р.А.Васілевіча ўнікальныя. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 1000 навуковых работ, у тым ліку болей за 100 кніг і манаграфій, болей як 50 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. З 2017 года – член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Рыгор Аляксеевіч – кіраўнік навуковай школы. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана больш за 20 кандыдатаў і 4 доктары юрыдычных навук. На працягу многіх гадоў Рыгор Аляксеевіч з’яўляецца членам рэдакцыйных калегій шэрагу часопісаў, што выдаюцца ў Беларусі і Расіі, старшынёй Савета па абароне дысертацый Д 02.01.04 пры БДУ.

НЦЗПИ.jpg

З 2018 года Р.А.Васілевіч плённа ажыццяўляе навукова-даследчую дзейнасць у Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававой інфармацыі на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка. Ён з’яўляўся навуковым кіраўніком многіх навукова-даследчых работ, якія выконваюцца НЦЗПІ ў рамках навукова-тэхнічнага забеспячэння дзейнасці Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод такіх даследаванняў – «Нормотворческая деятельность органов исполнительной власти: содержание, процессуальные механизмы и направления совершенствования» (2018–2019 гг.), «Местное самоуправление и административно-территориальное деление в Республике Беларусь: направления развития конституционно-правового обеспечения» (2020–2021 гг.), «Публичное право в условиях цифровизации» (2022–2023 гг.), «Социальная ответственность в системе взаимодействия субъектов конституционно-правовых отношений» (2024–2025 гг.).

Рыгор Аляксеевіч актыўна ўдзельнічае ў рабоце рэдакцыйнай калегіі навукова-практычнага часопіса «Права.by», рэдакцыйных саветаў іншых навуковых прац, што выдаюцца НЦЗПІ.

Рыгор Васілевіч безупынна ўносіць свой уклад у канстытуцыйнае развіццё нашай краіны. Пры яго ўдзеле праходзілі асноўныя канстытуцыйныя пераўтварэнні і рэформы. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 2021 г. № 105 ён быў уключаны ў склад Канстытуцыйнай камісіі, якая распрацавала праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г.

Г.А. Василевич.jpg

Р.А.Васілевіч – адзін з аўтараў першага Навукова-практычнага каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падрыхтаванага пры выкананні даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ад 1 красавіка 2022 г. з мэтай тлумачэння канстытуцыйна-прававога сэнсу і зместу канстытуцыйных прынцыпаў і норм, правільнага разумення і няўхільнага выканання Канстытуцыі.

Г.А. Василевич.jpg

Акрамя таго, Р.А.Васілевіч вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. Рыгор Аляксеевіч – намеснік старшыні ОО «Беларуская асацыяцыя палітычных навук», член Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, член навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член навукова-кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь і інш.

Г.А. Василевич.jpg

Рыгор Васілевіч – пастаянны спікер дыялогавых пляцовак, актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў па прававой асвеце і прававым выхаванні навучэнцаў, студэнтаў, работнікаў БДУ і іншых арганізацый. Яго ўнікальны жыццёвы вопыт, выдатныя прафесіяналізм і кампетэнтнасць, прамоўніцкае майстэрства заўсёды захопліваюць аўдыторыю.

Г.А. Василевич.jpg

Рыгор Аляксеевіч актыўна ўзаемадзейнічае са сродкамі масавай інфармацыі, выступаючы па актуальных прававых, палітычных і гістарычных пытаннях.

Міжнародным біяграфічным цэнтрам Кембрыджа Рыгор Аляксеевіч уключаны ў спіс выдатных людзей XX і XXI стагоддзяў.

Яго неацэнны ўклад у дзяржаўны лад і заканатворчасць, правасуддзе і ахову правапарадку, юрыдычную навуку і адукацыю адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх:

  • званне «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь» (1994);
  • Ордэн Пашаны (2021);
  • нагрудны знак Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі» (2005);
  • юбілейны медаль «Да дзесяцігоддзя Канстытуцыі Рэспублікі Казахстан» (2005);
  • нагрудны знак «Ганаровы пракурор краін СНД» (2016);
  • ганаровы прафесар Інстытута заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры Урадзе Расійскай Федэрацыі (2016);
  • ганаровы доктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна (2017);
  • дзесяткі ведамасных медалёў, нагрудных знакаў, ганаровых грамат і інш.

Шчыра віншуем Рыгора Аляксеевіча з юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, новых творчых поспехаў і дасягненняў, удзячных студэнтаў і калег, а таксама невычэрпнай унутранай энергіі, дабра, міру і ўсялякага дабрабыту!

13 Лютага 2025 Г.
Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
Детский правовой сайт
Подняться наверх