Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
Мы працягваем праект «Жаночы твар НЦЗПІ» і прадстаўляем Вашай увазе інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права, уладальніцай Вышэйшай юрыдычнай прэміі «Феміда» ў 2025 годзе Анастасіяй Шумак.
– Анастасія Валянцінаўна, Вы займаеце адказную пасаду, кіруеце галоўным упраўленнем, скажыце, калі ласка, што больш за ўсё вабіць Вас у рабоце?
– Больш за ўсё вабіць і матывуе адказнасць за тую справу, якой я займаюся. Наша работа – гэта штодзённая карпатлівая праца: аналіз законаў, вывучэнне правапрымяняльнай практыкі, адточванне фармулёвак. Але менавіта так, крок за крокам, мы з калегамі ствараем праекты, важныя для ўсёй краіны. Нібы па цаглінцы ўзводзім падмурак, на якім будзе ладзіцца жыццё мільёнаў чалавек, – новыя законы, што вызначаюць будучыню дзяржавы.
У нашым упраўленні прыняты дыялог на роўных: мы не проста калегі, мы аднадумцы
Безумоўна, важныя людзі, з якімі я працую, каманда. Таму каманда для мяне не проста супрацоўнікі, а галоўныя саюзнікі.
У нашым упраўленні прыняты дыялог на роўных: мы не проста калегі, мы аднадумцы. Работа не абыходзіцца без спрэчак і прынцыповых рознагалоссяў, аднак менавіта ў сутыкненні меркаванняў нараджаюцца лепшыя рашэнні. Мы вучымся чуць адзін аднаго, шукаць кампраміс і знаходзіць часам невідавочныя, але дакладныя шляхі.
– Ці ўзнікаюць моманты, калі Вам як кіраўніку даводзіцца карыстацца правам вета і прымаць рашэнне аднаасобна?
– Безумоўна. Камандная работа важная, аднак у кіраўніка бываюць моманты, калі рашэнне трэба прыняць неадкладна. Мы працуем у прававым полі, дзе кожны крок абмежаваны Канстытуцыяй і законам, ад гэтага нікуды не сысці.
Але важна іншае: маё «вета» – гэта не жэст сілы і не ціск пасадай. У нашай справе немагчыма рухацца наперад без даверу да каманды. Кожны мае права – і абавязаны – сказаць тое, што думае, прывесці аргументы, узяць пад сумненне. Я слухаю, узважваю, сумняваюся. І толькі потым прымаю рашэнне, у якім улічана не толькі «трэба», але і «чаму».
– Пройдзены вялікі шлях у прафесіі, напэўна ёсць дасягненні, якімі Вы ганарыцеся. Раскажыце пра найбольш значныя.
– За амаль 25-гадовы стаж работы ў сферы нарматворчасці складана вылучыць нейкае найбольш значнае дасягненне ці праект. На канкрэтным этапе ўсе яны маюць вагу і захопліваюць прафесійную сферу цалкам. Дарэчы, у бягучым годзе спаўняецца 25 гадоў з моманту прыходу на работу ў цэнтр, маё першае і на цяперашні час адзінае працоўнае месца пасля заканчэння ўніверсітэта.
Па сваім маштабе і значнасці гэта, вядома ж, была работа над папраўкамі ў Асноўны Закон нашай краіны. Яна запатрабавала гранічнай канцэнтрацыі і глыбокіх ведаў практычна ва ўсіх галінах права. Ключавую ролю адыграў дыялог з экспертамі, членамі Канстытуцыйнай камісіі – людзьмі, якія ведаюць аб праве ўсё. Іх вопыт, іх патрабавальнасць да дэталяў задавалі нам вельмі высокую планку. І менавіта гэта дазволіла выканаць работу на ўзроўні, які, думаю, вытрымае праверку часам.
Удзельнічаць у такім праекце, быць датычнай да гістарычнай падзеі ў цэлым для дзяржавы – падарунак лёсу
Я лічу, што ўдзельнічаць у такім праекце, быць датычнай да гістарычнай падзеі ў цэлым для дзяржавы – падарунак лёсу.
Адзначу, што сфера канстытуцыйнага права, у якой я працую, – падмурак, на якім стаіць уся прававая сістэма краіны. Мы працуем над праектамі дакументаў, што вызначаюць парадак дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, рэалізацыі асноўных канстытуцыйных правоў грамадзян. Па сутнасці, самі па сабе канстытуцыйныя нормы – гэта толькі прынцыпы. Яны пачынаюць дзейнічаць па-сапраўднаму, калі рэалізуюцца ў законах. І быць часткай гэтага працэсу заўсёды і вельмі адказна, і неверагодна цікава.
– Анастасія Валянцінаўна, у мінулым годзе Вы сталі ўладальніцай высокай узнагароды – Вышэйшай юрыдычнай прэміі «Феміда». Што Вы адчувалі ў той урачысты момант?
– Атрымаць гэтую ўзнагароду – асаблівы гонар. Яе невыпадкова называюць «юрыдычным Оскарам».
Падобныя падзеі не проста дораць радасць, яны застаюцца ў памяці як важная частка прафесійнага шляху
Для любога правазнаўцы гэта вышэйшы знак прызнання прафесійных заслуг, аб якім многія ўпотай мараць.
Падобныя падзеі не проста дораць радасць, яны застаюцца ў памяці як важная частка прафесійнага шляху. Асабліва каштоўна і прыемна, што гэтую ўзнагароду мне ўручалі ў прысутнасці калег з іншых ведамстваў, з якімі мы працуем разам над рознымі праектамі.
– Калі атрымліваеш прызнанне, міжволі ў памяці ўсплывае пачатак дарогі. Маленькая Насця хацела быць юрыстам ці выбар спецыяльнасці звязаны з прафесійнай дзейнасцю Вашых бацькоў?
– Аб выбары прафесіі, як і многія, напэўна, я задумалася яшчэ ў дзявятым класе. І выбар на карысць права быў не «ну, кудысьці трэба паступаць», а абсалютна ўсвядомленым. Я любіла гуманітарныя навукі, але і матэматыка таксама была мне блізкай. А юрыспрудэнцыя ўнікальная тым, што злучае аналітыку дакладных навук з мастацтвам валодання словам.
Паступленне ва ўніверсітэт тады, як і сёння, суправаджалася жорсткім конкурсам. Бацькі выказвалі зразумелую асцярогу, але я стаяла на сваім: я добра абдумала сваё рашэнне. І ў выніку менавіта веды, упартасць дапамаглі мне паступіць.
Сёння магу з упэўненасцю сказаць: я на сваім месцы
Пяць гадоў навучання праляцелі незаўважна. Яны не здаваліся цяжкім выпрабаваннем, наадварот, у нас было насычанае студэнцкае жыццё і вучоба давалася досыць лёгка.
Сёння я магу з упэўненасцю сказаць: я на сваім месцы. Мяне захапляе шматграннасць юрыдычнай работы. Цяпер я знаходжу прывабнасць у кожнай задачы. І чым яны складаней, тым цікавей. Калі ставіцца чарговая мэта, хочацца яе якасна і прафесійна адпрацаваць, выдаць высокі вынік.
– Вы шмат дасягнулі, але поспех рэдка бывае адзіночным. Што, акрамя прафесіяналізму і мэтанакіраванасці, стаіць за Вашымі перамогамі? Хто тыя людзі, якія дапамагаюць Вам не зніжаць тэмп, і як Вы дасягаеце гармоніі паміж работай і асабістым жыццём?
– Вядома, гэта блізкія, сям’я, муж, дзеці. Без падтрымкі з іх боку было б вельмі складана. Ёсць хатнія клопаты, але яны дапамагаюць пераключыцца з рабочых задач. Адпачынак разам з сям’ёй вельмі важны. Мы любім сумесныя падарожжы, у тым ліку па нашай Беларусі. З дзецьмі нас яднаюць велапрагулкі. Словам, зняўшы дзелавы касцюм, я станаўлюся мамай, жонкай.
Блізкія, застаючыся заўсёды побач, адчуваюць сваю датычнасць.
Магу сказаць, што і дзеці, і муж (муж Анастасіі Валянцінаўны таксама юрыст, – заўв.) з разуменнем ставяцца да маёй занятасці. Яны цікавяцца маёй работай, асабліва падчас удзелу ў знакавых праектах. Таму блізкія, застаючыся заўсёды побач, адчуваюць сваю датычнасць.
Што да гармоніі, не скажу, што ёсць нейкі сакрэт. Адзначу, што неабходна падзяляць работу і асабістыя хатнія задачы, знаходзіць час для захапленняў, спорту, а таксама рабіць усё з задавальненнем і энтузіязмам. Тады ўсё складваецца, як пазл: на рабоце ты сябе рэалізаваў як прафесіянал, дома як сем’янін. І калі ад усіх сфер жыцця атрымліваеш задавальненне, то здаецца, што ў сутках не 24 гадзіны, а значна больш.
Я стараюся глядзець на ўсё з аптымізмам, і гэта, відаць, маё крэда
Кажуць, прыгажосць – у вачах таго, хто глядзіць. Я стараюся глядзець на ўсё з аптымізмам, і гэта, відаць, маё крэда.
– Анастасія Валянцінаўна, у нашага Цэнтра ў цэлым і ў падраздзялення, якім Вы кіруеце, у прыватнасці жаночы твар. На Ваш погляд, якая роля жанчыны ў НЦЗПІ і ў беларускім грамадстве?
– Жанчыны ў Беларусі сёння – гэта магутная стваральная сіла, што спалучае высокі прафесіяналізм з прыроднай мудрасцю.
Быць беларускай жанчынай – значыць быць моцнай, мудрай і прыгожай, ствараючы будучыню сваімі рукамі!
Нашы жанчыны – працаўніцы, яны не чакаюць ідэальных абставінаў, а ствараюць іх. Яны не баяцца працаваць, браць на сябе адказнасць, актыўна рэалізуюць сябе ў розных сферах.
У жаночых руках іх лёс, лёс іх сям’і, прафесійны лёс. Адзначу, што быць беларускай жанчынай – значыць быць моцнай, мудрай і прыгожай, ствараючы будучыню сваімі рукамі!
Мы злучаем прафесійны падыход з жывым разуменнем людзей
У нашым Цэнтры жанчыны – аснова каманды. Кожная з іх – профі з вялікай літары: разумная, чулая, умее знаходзіць нестандартныя рашэнні. І ў юрыспрудэнцыі гэта асабліва каштоўна.
Наш сакрэт просты: мы злучаем прафесійны падыход з жывым разуменнем людзей. Калі закон пішацца не толькі з галавой, але і з душой, – атрымліваюцца дакументы, што рэальна мяняюць жыццё да лепшага.
– Кіраўнік дзяржавы, зрабіўшы сімвалічны падарунак жанчынам, абвясціў 2026 Годам беларускай жанчыны. З аднаго боку, гэта вельмі прыемна, з другога – вялікая адказнасць. Што б Вы пажадалі жанчынам?
– Калі пад бой курантаў Прэзідэнт абвясціў год беларускай жанчыны, было нечакана і прыемна. І ў той жа час вельмі адказна. Фокус увагі засяродзіўся на жаночай палове нашага грамадства.
Я хачу пажадаць жанчынам прафесійнага прызнання. Няхай уклад у развіццё справы, якой займаецца кожная з нас, і ў цэлым Беларусі будзе заўважаны і належным чынам ацэнены.
Гармоніі. Я жадаю лёгка спалучаць кар’ерныя дасягненні з утульнасцю ў доме і шчасцем у сям’і, самаразвіццём, хобі, падарожжамі, забавамі.
Упэўненасці. Жадаю ніколі не сумнявацца ў сваёй жаночай сіле, таленце і важнасці таго, што Вы робіце.
Няхай гэты год стане годам новых магчымасцяў, натхнення і рэалізацыі самых смелых праектаў!
Мы дзякуем Анастасіі Валянцінаўне за цікавую і змястоўную гутарку.
Сачыце за навінамі. Наступнае інтэрв’ю праекту ўжо хутка на нашым сайце.
Па тэме: