• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Instagram
  • Youtube
  • Telegram

Любая жанчына, дзе б яна ні працавала і якіх бы вышынь ні дасягнула, павінна заўсёды захоўваць сваю прыродную сутнасць. Інтэрв’ю з начальнікам упраўлення эталоннага банка даных прававой інфармацыі, прафсаюзным лідарам НЦЗПІ Таццянай Рэуцкай

Прадстаўляем Вашай увазе чарговую гісторыю ў рамках праекту «Жаночы твар НЦЗПІ». Наша сённяшняя суразмоўніца – Таццяна Рэуцкая, начальнік упраўлення эталоннага банка даных прававой інфармацыі, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Цэнтра.

НЦЗПИ

– Таццяна Васільеўна, раскажыце, што Вам больш за ўсё падабаецца ў Вашай рабоце?

– У кожнага чалавека ў жыцці ёсць сваё прызначэнне. Мне падабаецца накірунак, якому я прысвяціла сваю прафесійную дзейнасць. Праз яе я дапамагаю людзям набываць веды ў пытаннях прававой інфармацыі. Важна адчуваць дачыненне да місіі, што выконвае наша арганізацыя.

Прыемна кожны дзень сустракацца з калегамі, з многімі амаль за чвэрць стагоддзя сумеснай працы мы сталі сябрамі.

Мая каманда – гэта прафесіяналы, здольныя паглыбляцца ў рэалізацыю пастаўленых мэтаў, разумеючы іх важнасць.

Не так важна, якую работу ты выконваеш, важны сэнс, які ты ў яе ўкладаеш

Сіла прыцягнення Цэнтра аб’яднала прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў: юрыстаў, праграмістаў, філолагаў, эканамістаў, дызайнераў і іншых.

Але не так важна, якую работу ты выконваеш, важны сэнс, які ты ў яе ўкладаеш. Гэта маё жыццёвае крэда і, упэўнена, маіх калегаў.

– Падзяліцеся, чаму Вы сталі юрыстам. Гэта звязана з сямейнымі традыцыямі, можа быць, уплывам прафесійнага шляху бацькоў або адыгралі ролю рысы характару?

– Выбар прафесіі быў абсалютна ўсвядомленым. Я ўжо мела дзве спецыяльнасці ў арсенале. У нейкі момант прыйшло разуменне таго, што права працінае наша жыццё, няма ніводнай сферы ўзаемаадносін, якую б яно не закранала.

Да таго ж па складзе характару я вельмі скрупулёзная, педантычная. Юрыспрудэнцыя – найстаражытная навука, вядомая з дагістарычных часоў. Усё гэта мяне ўражвала і, больш за тое, захапляла. Я прыняла рашэнне атрымаць прафесію юрыста. Самастойна за два месяцы падрыхтавалася, паспяхова здала ўступныя экзамены і паступіла ў Акадэмію кіравання тады яшчэ пры Савеце Міністраў БССР (у 1995 годзе перайменавана ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, – заўв.).

НЦЗПИ

Што да маёй альма-матар, лёс яшчэ тройчы вяртаў мяне туды. Я праходзіла ў Акадэміі павышэнне кваліфікацыі па вельмі цікавым курсе «Прыняцце эфектыўных рашэнняў», прайшла перападрыхтоўку па новай кіраўнічай спецыяльнасці і скончыла магістратуру.

– Раскажыце, калі Вы прыйшлі на работу ў Цэнтр.

– У Цэнтр я прыйшла студэнткай-трэцякурсніцай, якраз у той год, калі па рашэнні Кіраўніка дзяржавы ён быў створаны. Гэта была новая арганізацыя – Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Але ўжо тады з улікам пастаўленых задач, планаў кіраўнічай каманды быў зразумелы маштаб дзейнасці. І было ясна, якая цікавая работа будзе ва ўсіх, хто тут працуе.

– Па сутнасці, Вы стаіце ля вытокаў нашага Цэнтра. І непасрэдна ўдзельнічалі ў працэсе станаўлення і развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі і яе рэсурсаў, стварэнне якіх з’яўлялася рэвалюцыйным крокам для прававой сістэмы дзяржавы.

Прафесійны шлях даўжынёю ў 30 гадоў звязаны з Цэнтрам

– Бясспрэчна, мне пашчасціла быць часткай гэтага гістарычнага працэсу. Мой прафесійны шлях даўжынёю ў 30 гадоў звязаны з Цэнтрам: ад юрысконсульта, спецыяліста да сур’ёзнай кар’еры дзяржаўнага служачага і кіраўніка структурнага падраздзялення. Я застала час, калі ў складзе нашага ўпраўлення было чатыры падраздзяленні і працавалі 35 чалавек. Сёння ў маёй камандзе 17 чалавек.

– Гэта вялікі калектыў. Як атрымліваецца матываваць работнікаў і ўмацоўваць камандны дух?

– Так, Вы маеце рацыю, калектыў сапраўды вялікі. І гэта, перш за ўсё, кампетэнтныя калегі, аднадумцы, якія з пачуццём высокай адказнасці выконваюць пастаўленыя задачы.

Мой ключавы прынцып важна адчуваць чалавека, бачыць яго моцныя бакі

Што датычыцца матывацыі і ўмацавання каманднага духу, мой ключавы прынцып – важна адчуваць чалавека, бачыць яго моцныя бакі. Гэта дазваляе слушна наладзіць арганізацыю працы і размяркоўваць задачы. Для прыкладу, калі спецыяліст валодае аналітычным мысленнем, умее фармуляваць прычынна-выніковыя сувязі і гатовы працаваць з даведачна-аналітычнымі матэрыяламі, я давяраю яму менавіта такія праекты. Іншым калегам бліжэй накірункі, што патрабуюць уседлівасці, дакладнасці і ўвагі да нюансаў.

Калі кожны займаецца тым, што ў яго атрымліваецца лепш за ўсё, гэта павышае і асабістую эфектыўнасць, і задаволенасць ад работы. Супрацоўнікі адчуваюць сваю каштоўнасць, разумеюць, як іх уклад уплывае на агульны вынік. У такіх умовах камандны дух фарміруецца сам сабой і пануе атмасфера ўзаемнай павагі.

– Таццяна Васільеўна, акрамя выканання працоўных абавязкаў начальніка ўпраўлення, ужо 15 гадоў Вы прысвячаеце служэнню людзям, з’яўляецеся старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі НЦЗПІ. Як атрымліваецца сумяшчаць?

– Сапраўды, ужо 15 гадоў я кірую прафсаюзнай арганізацыяй Цэнтра. Перш за ўсё хочацца сказаць, што быць лідарам прафсаюза – гэта вельмі вялікі давер калектыву. І я ўдзячная за аказаны гонар. Паўтара дзясятка гадоў – досыць доўгі тэрмін. За гэты час ужо прыйшоў вопыт новага ўзроўню. З улікам сваёй адукацыі і атрыманых ведаў у галіне псіхалогіі я навучылася разбірацца ў людзях і разумею іх патрэбы.

Адзначу, што самым блізкім партнёрам у гэтай рабоце з’яўляецца наймальнік. Усе пытанні, якія мы вырашаем па прафсаюзнай лініі, паспяхова рэалізуюцца дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва Цэнтра. Мы знаходзім узаемаразуменне, дамаўляемся.

Вядома, усе людзі розныя. Разам з тым, прыходзячы на работу, мы разумеем, што ў кожнага ёсць базавыя патрэбы. Наша сумесная работа (з наймальнікам, – заўв.) і заключаецца ў стварэнні такіх умоў, каб работнік прыходзіў з добрым настроем, з жаданнем рэалізаваць сябе на прафесійнай ніве.

– Заўважым, што ў нашай арганізацыі створаны добрыя ўмовы працы, дзейнічае сацыяльны пакет. І ўсё гэта дасягнута ў тым ліку дзякуючы эфектыўнай рабоце прафсаюзнай каманды НЦЗПІ, якую ўзначальвае Таццяна Васільеўна.

– Так склалася, што ў мяне ў жыцці дзве сям’і: першая – гэта мае блізкія, а другая – рабочая і прафсаюзная сям’я. І я вельмі ўдзячная сваім родным за тое, што яны з разуменнем ставяцца да маёй працоўнай нагрузкі і грамадскай місіі. Без іх падтрымкі было б складана.

– Таццяна Васільеўна, раскажыце, якімі дасягненнямі Вы больш за ўсё ганарыцеся?

– Улічваючы, што мая прафесійная дзейнасць, кар’ера непарыўна звязаны з Цэнтрам, мае дасягненні – гэта ўдзел у важных для нашай краіны праектах, якія мы рэалізавалі разам з камандай.

НЦЗПИ

Я ганаруся і шчаслівая, што ўсе тыя праекты, якія можна назваць дасягненнямі, сапраўды значныя для ўсёй краіны ў цэлым.

Пачатак майго прафесійнага шляху супаў з пачаткам дзейнасці Цэнтра, развіццём дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі, стварэннем новых рэсурсаў.

Упершыню ў краіне быў створаны адзіны эталонны банк даных прававой інфармацыі (тады яшчэ і на папяровых носьбітах). Гэта было прынцыпова новае для краіны рашэнне, што патрабавала распрацоўкі тэхналогіі па сістэматызацыі, па прывядзенні тэкстаў (нарматыўных прававых актаў, – заўв.) у кантрольны стан, таму калектыў юрыстаў, праграмістаў, навуковых работнікаў працаваў над яго рэалізацыяй. Стварэнне новай сістэмы ўліку прававых актаў – Нацыянальнага рэестра, удзел у інвентарызацыі заканадаўства – усё гэта вельмі значна для мяне.

Было вельмі цікава. Дзякуючы нашай дзейнасці ўжо некалькі пакаленняў юрыстаў могуць працаваць з сістэматызаваным у электронным выглядзе заканадаўствам. А я адчуваю гонар, што стаяла ля вытокаў гэтых працэсаў і да гэтага часу мая работа звязана з развіццём важных у маштабах краіны накірункаў.

Наш Цэнтр заўсёды ішоў у авангардзе ўвядзення ў дзеянне тэхналагічных рашэнняў у прававой сферы, ствараючы праекты, што дакладна адказвалі запытам грамадства. Запомніўся мой удзел у рабоце над запатрабаванымі ў той час (пачатак 2000-х гадоў, – заўв.) тэматычнымі банкамі даных прававой інфармацыі («Бізнес», «Адміністрацыйныя працэдуры», «Дэпутат», «Індывідуальны прадпрымальнік», «Свет Права», «Я і Закон» і інш.).

На самым пачатку кар’еры мне давялося ўдзельнічаць у яшчэ адным па-сапраўднаму значным пачынанні. Упершыню ў краіне падрыхтавалі зборнік дзейных актаў Кіраўніка дзяржавы. Пасля ён быў перавыдадзены ў трох тамах.

НЦЗПИ

Асаблівы гонар выклікаюць унікальныя рэсурсы, створаныя ў рамках праекту «Спадчына права Беларусі». Гэта банкі даных па гісторыі права Беларусі, канстытуцыйным і крымінальным праве, а таксама прававых актаў БССР. У электронныя выданні трапілі рэдкія гістарычныя дакументы, што дазваляюць літаральна прасачыць эвалюцыю галін права і дакрануцца да першакрыніц. Для юрыста і даследчыка гэта неацэнна.

Важна адчуваць сябе часткай вялікай агульнай справы і ўсведамляць сваё дачыненне да фарміравання дзяржаўнай прававой сістэмы.

Работа была маштабнай і вялася ў цесным супрацоўніцтве з навукоўцамі, Прэзідэнцкай і Нацыянальнай бібліятэкамі Беларусі. Да аблічбоўкі крыніц актыўна далучаліся студэнты-практыканты з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце (многія з іх пазней сталі надзейнымі і паспяховымі спецыялістамі нашага падраздзялення). Прыемна ўзгадаць, што электроннае выданне «Помнікі гісторыі права Беларусі» ўручалася лаўрэатам прэстыжнай юрыдычнай прэміі «Феміда».

Азіраючыся назад, я асабліва востра разумею, як важна адчуваць сябе часткай вялікай агульнай справы і ўсведамляць сваё дачыненне да фарміравання дзяржаўнай прававой сістэмы.

– Таццяна Васільеўна, наступнае пытанне стала традыцыйным у рамках нашага праекту. Вы кіраўнік, грамадскі дзеяч, але яшчэ і прыгожая жанчына, жонка, мама, бабуля. Падзяліцеся сакрэтам, вопытам: як атрымліваецца захоўваць баланс, каб усе сферы жыцця заставаліся ў фокусе Вашай увагі? Можа быць, ёсць хобі, што служыць своеасаблівым спосабам пераключэння і адпачынку?

– Пытанне вельмі цікавае, я думаю, кожны чалавек імкнецца да дасканаласці. І я не выключэнне. Важна глядзець наперад, бо жыццё – гэта бесперапыннае абнаўленне. Прырода надзяліла нас званнем Жанчыны, і мы проста абавязаны несці яго з гонарам, гарманічна рэалізуючы сябе ва ўсіх увасабленнях: і ў прафесіі, і ў сям’і.

Захапленні, як вядома, фарміруюць асобу

Што датычыцца захапленняў, то яны заўсёды адпавядалі ўзроставым інтарэсам: гурткі творчасці (народжаныя ў савецкі перыяд памятаюць секцыі ў дамах культуры, – заўв.), фігурнае катанне, заняткі спортам (фітнес, аэробіка), фотастудыя і многае іншае. Захапленні, як вядома, фарміруюць асобу, і з узростам кола інтарэсаў пашыраецца.

Але ёсць тое, што праходзіць праз гады нязменна, – гэта кнігі. Я вельмі многа чытаю: у маёй дамашняй бібліятэцы прадстаўлены і філасофія, якую я люблю з дзяцінства, і працы Алены Блавацкай, і навукова-папулярная літаратура. Шмат чытаю пра гісторыю, перачытваю класіку, сачу за творчасцю сучасных аўтараў. Паглабляючыся ў свет літаратурных герояў, я бяру пад увагу і ўбіраю ў сябе ўсё лепшае, што могуць даць зносіны з разумнымі кнігамі.

Менавіта ў чытанні я знаходжу своеасаблівы адпачынак. Яно дапамагае пераключацца, перавесці дух, але адначасова – чэрпаць натхненне, новыя ідэі і жыццёвы вопыт.

І, вядома, нельга не сказаць пра калектыў. Мы ўсе жывем у соцыуме, і ўсё, што мы робім, – навідавоку: схаваць шчырыя эмоцыі або сапраўдныя якасці немагчыма. Таму любыя пазітыўныя тэндэнцыі, зоны росту адразу становяцца прыкметнымі. Гэта дысцыплінуе і матывуе працаваць над сабой, культываваць лепшыя якасці. Падтрымка каманды, узаемная павага і агульныя каштоўнасці дапамагаюць утрымліваць баланс і рухацца наперад.

– Калектыў нашага Цэнтра ў большасці складаюць прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва. Падзяліцеся меркаваннем, якая роля жанчыны ў нашай арганізацыі і ў беларускім грамадстве.

– Жанчына па сваёй прыродзе – крыніца жыцця на Зямлі. Важная якасць, што павінна быць і ёсць у жанчыне, – культура, яна ў нас «зашытая» прыродай.

Што датычыцца жанчыны як работніка, кіраўніка, вядома, кожнай неабходна рэалізаваць усе свае мэты, рухацца па кар’ернай лесвіцы, быць адукаванай, мудрай. Жанчына як маці, як сяброўка, вядома ж, павінна адчуваць сваіх блізкіх, захоўваць цеплыню і ўтульнасць хатняга агменю, несці прыгажосць сваёй душы.

Безумоўна, жанчыне варта ладзіць сваю будучыню, не забываючы пра мінулае, ёй павінны быць уласцівыя такія фундаментальныя якасці, як сумленнасць, шчырасць, любоў, справядлівасць, сіла волі і, вядома ж, высокія маральныя прынцыпы.

Хацелася б сказаць яшчэ, што любая жанчына для паспяховай рэалізацыі і ў кар’еры, і ў сям’і павінна быць шчаслівай, ведаць сваё прызначэнне ў жыцці, умець думаць і дзейнічаць.

Я б сказала, што беларуская жанчына гарманічна спалучае ўсё гэтае. Яе роля ў грамадстве і складаецца ў гэтым уменні. Мы рэалізуем сябе як жонкі, маці, уносім важкі ўклад у развіццё нашай Айчыны, умацоўваем дэмаграфічную бяспеку. Тут не магу не адзначыць палітыку нашай дзяржавы, пазіцыю Прэзідэнта краіны ў дачыненні да сям’і, аховы і падтрымкі мацярынства.

З другога боку, у большасці сваёй нашы жанчыны імкнуцца атрымаць адукацыю, рэалізавацца ў прафесіі, прынесці карысць грамадству, выконваюць ролю рухальнай сілы ў многіх галінах.

Я перакананая: любая жанчына, дзе б яна ні працавала і якіх бы вышынь ні дасягнула, павінна заўсёды захоўваць сваю прыродную сутнасць

Жанчыны ў нашым Цэнтры складаюць большую частку калектыву і, безумоўна, адыгрываюць вядучую ролю. Пры ўсёй гендарнай роўнасці ў прафесійнай рэалізацыі ім удаецца галоўнае – заставацца Жанчынамі з вялікай літары.

Я перакананая: любая жанчына, дзе б яна ні працавала і якіх бы вышынь ні дасягнула, павінна заўсёды захоўваць сваю прыродную сутнасць. Быць часам слабой – не недахоп, а мудрасць.

Шчыра ганаруся тым, што працую ў Цэнтры, дзе абсалютна кожная жанчына – годны прафесіянал сваёй справы. Усе яны не проста паспяхова вырашаюць складаныя задачы, але і беражліва захоўваюць той асаблівы статус, тую місію, што робіць наш калектыў па-сапраўднаму гарманічным і моцным.

Дапоўню, што жанчыны павінны жыць у гармоніі з сабой, з навакольным светам.

– У працяг Вашага апошняга тэзісу пытанне: што б Вы пажадалі сабе, сваім калегам, усім нашым жанчынам у Год беларускай жанчыны?

– Хацелася б, вядома, пажадаць перш за ўсё складаць планы, фарміраваць у сабе мару, імкнуцца да яе рэалізацыі.

Моладзі хачу сказаць: гэта ваш час! Вучыцеся, у вас для гэтага ёсць усе ўмовы, бо новыя веды – гэта інвестыцыі ў ваша заўтра. Адукацыя і веды пакажуць вам шлях у жыцці. Рабіце кар’еру, арыентуючыся на сумленнасць і логіку.

Усім жанчынам жадаю: жывіце ў гармоніі з сабой, з навакольным светам, будзьце здаровымі эмацыйна і фізічна. Натхняйце мужчын на ўчынкі, дазвольце ім любіць, шанаваць і абараняць вас. Пазнайце цудоўную радасць мацярынства і памятайце, чыё дзіця трэцяе. Паўтаруся, што не ведаю ніводнай краіны ў свеце, дзе створаны такія спрыяльныя ўмовы па ахове мацярынства і дзяцінства.

Любіце сваю работу, захоўвайце Спадчыну. Мы тое пакаленне, якое 81 год жыве пад мірным небам, таму пачуццё патрыятызму, развітае ў нас, вельмі важна перадаваць маладому пакаленню.

Захоўваеце цеплыню і ўтульнасць хатняга агменю. Будзьце шчаслівыя і жывіце доўга!

За рамкамі пытанняў, якія мы планавалі задаць і задалі нашай суразмоўніцы, Таццяна Васільеўна сказала, што, нягледзячы на выпрабаванні лёсу, насуперак усяму (часам, каб паступіць правільна даводзілася ад многага адмаўляцца) яна застаецца ўпэўненай у дасканаласці свету, які грунтуецца на фундаментальных законах Сусвету: мы ёсць нашы думкі, словы і ўчынкі. І дапоўніла: «Удзячная лёсу за тое, што мае шляхі сышліліся з вялікімі людзьмі, настаўнікамі жыцця, чый унутраны свет глыбокі, з якімі лёгка і проста, і я ўдзячная ім за сяброўства».

Наша суразмоўніца яшчэ раз падкрэсліла, што шчаслівая нарадзіцца і жыць у мірнай прыгожай Беларусі:

«У мяне выдатная сям’я. Бацькі выхоўвалі мяне ў любові, вучылі быць шчырай, дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, верыць, як бы проста гэта ні гучала, у сяброўства і дабро.

Па сканчэнні многіх гадоў я прыйшла да разумення, што ўжо тады, у раннім дзяцінстве, быў закладзены падмурак эмпатыі і альтруізму.

Я ганаруся сваімі продкамі працаўнікамі роднай зямлі. І наша місія – захоўваць памяць, берагчы традыцыі, прывіваць моладзі сапраўдныя каштоўнасці».

На гэтай высокай ноце мы завяршылі нашу размову. Дзякуем Таццяне Васільеўне за цёплую цікавую гутарку.

Новае інтэрв’ю праекту «Жаночы твар НЦЗПІ» хутка на нашым сайце. Сачыце за навінамі.

Па тэме:

Роля сучаснай жанчыны – у спалучэнні асабістай самарэалізацыі, кар’еры і захаванні жаноцкасці, а любы поспех – работа ў камандзе з прафесіяналамі. Інтэрв’ю першага намесніка дырэктара НЦЗПІ Галіны Падразёнак

Быць беларускай жанчынай – значыць быць моцнай, мудрай і прыгожай, ствараючы будучыню сваімі рукамі! Інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права Анастасіяй Шумак

4 Чэрвеня 2026 Г.
Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
Детский правовой сайт
Подняться наверх