• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Instagram
  • Youtube
  • Telegram

Менавіта ў імкненні да гармоніі паміж навукай, сям’ёй і пастаянным асабістым развіццём я бачу свой галоўны жыццёвы прынцып. Інтэрв’ю з намеснікам кіраўніка Інстытута прававых даследаванняў Вольгай Бакіноўскай

Прадстаўляем Вашай увазе чарговую гісторыю ў рамках праекту «Жаночы твар НЦЗПІ». Наша сённяшняя суразмоўніца – Вольга Бакіноўская, намеснік кіраўніка Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПІ – начальнік аддзела даследаванняў у галіне грамадзянскага, экалагічнага і сацыяльнага права.

Интервью с заместителем руководителя Института правовых исследований Ольгой Бакиновской в рамках проекта «Женское лицо НЦЗПИ»

– Вольга Аляксандраўна, што прываблівае больш за ўсё ў Вашай рабоце?

– Мяне прываблівае сама работа і яе магчымасці. Магчымасць уносіць уклад у вырашэнне значных для дзяржавы задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы, Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтвам Цэнтра, і, безумоўна, бачыць рэальны вынік сваёй работы.

Наш Інстытут не абмяжоўваецца навуковымі даследаваннямі. Выконваючы азначаныя даручэнні і ўдзельнічаючы ў рабочых групах па законапраектах, мы забяспечваем рэалізацыю прынцыпу навуковасці ў нарматворчасці. Менавіта спалучэнне тэорыі і практыкі дазваляе нам мадэляваць новыя падыходы ў механізме прававога рэгулявання і пашыраць прафесійныя гарызонты.

Асаблівы гонар – дачыненне да распрацоўкі знакавых для краіны праектаў законаў, у тым ліку па пытаннях дзяржаўных закупак і інвестыцый.

Асобна хачу адзначыць маё асяроддзе. Гэта выдатныя прафесіяналы. Актыўная пазіцыя супрацоўнікаў Інстытута, пастаянны абмен думкамі і сумесны пошук рашэнняў робяць нашу працу вельмі прадуктыўнай і заўсёды накіраванай на аптымальны вынік.

Разнапланавасць дзейнасці – ад каардынацыі даследаванняў да выканання прамых дзяржаўных даручэнняў – надае асаблівасць рабоце ў Цэнтры.

– Што Вас натхняе і прымушае не спыняцца, ісці наперад?

– Мяне натхняе жывая зваротная сувязь ад правапрымяняльнікаў. На навучальных, навукова-практычных мерапрыемствах нашага Цэнтра мы бачым, як прававыя нормы працуюць у рэальным асяроддзі.

Велізарная крыніца натхнення – мае калегі. У Інстытуце сабралася бліскучая каманда аднадумцаў, якія з энтузіязмам займаюцца навукай. Яскравым прыкладам таго, як мы змаглі праявіць свае магчымасці і даказаць эфектыўнасць сувязі навукі з практыкай, сталі маштабная рэвізія заканадаўства ў 2024 годзе і яго наступная мадэрнізацыя.

Интервью с заместителем руководителя Института правовых исследований Ольгой Бакиновской в рамках проекта «Женское лицо НЦЗПИ»

Рухавіком навуковай думкі служыць удзел у навуковых, навукова-практычных канферэнцыях як у Беларусі, так і за мяжой, а таксама магчымасць арганізоўваць такія падзеі на базе нашага Цэнтра. Гэта супрацоўніцтва мае велізарны патэнцыял і дае выдатныя вынікі.

Натхняе і грамадскае жыццё. Паездкі ў падшэфныя дзіцячыя ўстановы, падчас якіх мы з калегамі арганізуем сапраўдныя святы для дзяцей, іх усмешкі дораць асаблівую душэўную цеплыню. Усведамленне таго, што ты прыносіш карысць не толькі па службе, але і за межамі службовых абавязкаў, вельмі важнае для кожнага з нас.

І, вядома, знакавыя падзеі, што аб’ядноўваюць увесь калектыў. Напрыклад, маштабны турзлёт у рамках спартакіяды органаў дзяржкіравання – гэта ўнікальная пляцоўка, дзе нашы работнікі ярка праяўляюць свае таленты і энергію не толькі ў навуцы, але і ў спорце, творчасці.

– Вядома, што Вы доўгі час працавалі ў акадэмічным асяроддзі, займаліся выкладчыцкай дзейнасцю і вось ужо больш за 10 гадоў працуеце ў Цэнтры. Увесь Ваш кар’ерны шлях звязаны са служэннем навуцы. Скажыце, як усё пачыналася? Вы заўсёды хацелі стаць юрыстам, навукоўцам ці ўсё вырашыў выпадак?

– Азіраючыся на больш чым 30 гадоў назад, я называю свой кар’ерны шлях «гісторыяй шчаслівых выпадковасцяў». Я нарадзілася ў сям’і ўрачоў. Мая мама – урач з 50-гадовым стажам, цёця – кандыдат медыцынскіх навук, мая сястра таксама доктар. Мой шлях здаваўся перадвызначаным. Аднак лёс распарадзіўся інакш: не здаўшы экзамен па біялогіі ў медыцынскі, я забрала дакументы і замест таго, каб рыхтавацца да паступлення на наступны год, я прыслухалася да парады бабулінай сяброўкі-адваката, вырашыўшы паспрабаваць сябе ў юрыспрудэнцыі.

Интервью с заместителем руководителя Института правовых исследований Ольгой Бакиновской в рамках проекта «Женское лицо НЦЗПИ»

Гэтая «спроба» аказалася ўдалай. Так я стала студэнткай, будучым юрыстам і першым юрыстам у нашай сям’і.

У далейшым мой шлях заканамерна прывёў у навуку. Мяне запрасілі выкладаць, я абараніла кандыдацкую дысертацыю і працавала ў ВНУ, у тым ліку ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, дзе каля трох з паловай гадоў была загадчыкам кафедры. Ёсць у мяне і невялікі досвед практычнай работы юрысконсультам. Калі ж мне прапанавалі перайсці на дзяржаўную службу, пасля некаторых ваганняў я прыняла гэтую прапанову. І ўжо больш за 10 гадоў працую ў Інстытуце прававых даследаванняў.

– Вольга Аляксандраўна, вядома, што ў адрозненне ад практыкаў вучоныя-даследчыкі – людзі творчыя, часта пагружаныя ў свой унутраны навуковы свет. Пры гэтым работа нашага Інстытута вельмі дынамічная: трэба не толькі весці даследаванні і ўдзельнічаць у рабочых групах, але і арганізоўваць канферэнцыі і іншыя практычныя мерапрыемствы. Як Вам удаецца з’яднаць калектыў і збалансаваць такія розныя накірункі работы, каб каманда дзейнічала як адзінае цэлае?

– Я з радасцю магу сказаць: аддзел, якім я кірую, – гэта высокапрафесійная, магутная і зладжаная каманда. І я шчыра ганаруся сваімі навуковымі супрацоўнікамі: і тымі, хто працаваў са мной раней, і тымі, хто працуе цяпер.

Зладжаная работа каманды – гэта ўжо 70 адсоткаў поспеху любога кіраўніка

Ведаеце, зладжаная работа каманды – гэта ўжо 70 адсоткаў поспеху любога кіраўніка. Ты абапіраешся на людзей і збіраеш гэтую каманду. Да нас прыходзяць выдатныя спецыялісты, мы стараемся іх дбайна падбіраць, але галоўнае нават не ў гэтым. Кожны мой навуковы супрацоўнік не проста тэхнічна выконвае даручэнне. Ён заўсёды шукае новыя ідэі, прапануе сваё ўнікальнае рашэнне той ці іншай праблемы. Я часта падкрэсліваю: людзі навукі – гэта людзі тонкай арганізацыі.

Бываюць, вядома, сітуацыі, калі даследчык глыбока апускаецца ў сваю тэму і ў яго часова няма ідэй. Значыць, яму неабходна перазагрузіцца. І ў такі момант як раз можа прыйсці нейкае новае практычнае даручэнне або задача па арганізацыі мерапрыемства. Гэта служыць выдатным пераключэннем і дае свежы імпульс для новых ідэй, не дазваляючы чалавеку зацыкліцца.

Важна разумець, што навука – гэта не штосьці сухое. Навуковае даследаванне – працэс працяглы. У адрозненне ад практыкаў, навукоўцы не могуць адразу атрымаць хуткую зваротную сувязь або тую самую «порцыю дафаміну» ад закрыцця бягучай задачы. У гэтым і заключаецца складанасць і нестандартнасць навуковага мыслення.

Интервью с заместителем руководителя Института правовых исследований Ольгой Бакиновской в рамках проекта «Женское лицо НЦЗПИ»

Кожны супрацоўнік унікальны. Я перакананая: у любым чалавеку ёсць талент відавочны або схаваны. Часам задача кіраўніка як раз у тым, каб дапамагчы гэты талент раскрыць. І калі раптам у кагосьці не ладзіцца работа выключна ў фундаментальнай навуцы, ён можа бліскуча праявіць сябе ў практычным накірунку. Напрыклад, тыя, хто звольніліся ад нас, цяпер займаюць пасады як у нашым Цэнтры, так і ў іншых органах дзяржаўнага кіравання.

Так, людзі навукі – натуры складаныя, але ўсе яны выдатныя, таму што ў іх адкрытае сэрца

Так, людзі навукі – натуры складаныя, але ўсе яны выдатныя, таму што ў іх адкрытае сэрца. Менавіта на гэтым даверы, падтрымцы і ўменні бачыць у чалавеку лепшае нам і ўдаецца дзейнічаць як адзінае цэлае, вырашаючы любыя задачы.

– Вольга Аляксандраўна, калі азірнуцца назад, якія дасягненні Вы лічыце для сябе самымі значнымі? Пры гэтым хацелася б выйсці за рамкі выключна кар’ерных поспехаў. Мы жывем у грамадстве, дзе ад жанчыны часта негалосна чакаюць паспяховай рэалізацыі адразу ва ўсіх сферах: і ў прафесіі, і ў сям’і, і ў асабістым плане. Як Вам удаецца знаходзіць гэты баланс? Магчыма, Вы захочаце падзяліцца не толькі прафесійнымі перамогамі, але і нейкай асабістай гісторыяй або прынцыпам, што дапамагае Вам захоўваць гэтую гармонію?

– Напэўна, я ўсё ж пачну з таго, што маё галоўнае дасягненне – гэта каманда, з якой я працую. Мне хочацца яшчэ раз з радасцю адзначыць поспехі, дасягнутыя непасрэдна ў нашым аддзеле. Яны сталі важным і прыкметным вынікам у рабоце ўсяго Інстытута.

Калі ж гаварыць пра асабістыя дасягненні, я б нават не назвала гэта нейкімі асаблівымі здзяйсненнямі. Хутчэй, гэта нармальны, аптымальны шлях сучаснай беларускай жанчыны. Мы ўсе хочам паспяваць, мы хочам, каб у нас была цудоўная, моцная сям’я. У мяне двое дарослых дзяцей, яны ўжо практычна самастойныя. Сын, напрыклад, ажаніўся летась, а дачка скончыла трэці курс механіка-матэматычнага факультэта. Ці з’яўляецца гэта дасягненнем? Я б сказала, што гэта тая самая здаровая нармальнасць, якая павінна прысутнічаць у жыцці. Муж працуе, мы ідзем па гэтым шляху разам. Усё як у многіх, і ў гэтым свая каштоўнасць: стандартна, але з душой – пабудавалі кватэру, уладкавалі лецішча, разбілі клумбы, пасадзілі дрэвы.

І менавіта ў гэтым імкненні да гармоніі паміж навукай, сям’ёй і пастаянным асабістым развіццём я бачу свой галоўны жыццёвы прынцып

Не ведаю, чым гэта было наканаванае, але ўсё сваё жыццё я бесперапынна вучылася. Пасля базавай юрыдычнай у мяне ёсць педагагічная адукацыя, паколькі я пачынала з выкладання. Потым, калі я стала глыбока займацца праблемамі грамадзянскага і гаспадарчага права, зразумела: мне не хапае эканамічных ведаў, і атрымала другую вышэйшую эканамічную адукацыю. Прыйшоўшы на работу ў Цэнтр, я ўсвядоміла неабходнасць узмацніць свае кіраўнічыя кампетэнцыі і атрымала яшчэ адну адукацыю, ужо ў сферы кіравання персаналам. Цяпер, напрыклад, стараюся падтрымліваць англійскую мову як мінімум на ўзроўні B2, таму што валоданне замежнай мовай непасрэдна неабходнае для нашай прафесійнай дзейнасці.

Усё павінна быць збалансавана і ўзважана. Мне здаецца, калі ты пачынаеш дзесьці, скажам так, празмерна канцэнтраваць намаганні толькі на адной сферы, непазбежна пацерпіць іншая. Ці павінна жанчына паспяваць абсалютна ўсё? Можа быць, і не павінна. Але яна стараецца. Менавіта ў імкненні да гармоніі паміж навукай, сям’ёй і пастаянным асабістым развіццём я бачу свой галоўны жыццёвы прынцып.

– Пытанне, што стала ўжо традыцыйным: якой Вы бачыце ролю жанчыны ў нашай арганізацыі і ў грамадстве ў цэлым?

– Я б сказала так: на шчасце, мы жывем у той краіне, дзе не трэба даказваць, што ў жанчын ёсць нейкія правы. У кожнай з нас ёсць магчымасць атрымаць адукацыю, выбраць працу, знайсці сябе ў розных сферах. Стварыць сям’ю, нарадзіць дзіця, пры жаданні не адно. Калі ёсць амбіцыі, памкненні, іх цалкам па сілах рэалізаваць. Таму што мы ўсе жывем там, дзе не вядуцца ваенныя дзеянні, а ў цяперашніх умовах гэта велізарная каштоўнасць і перавага.

Галоўнае – здолець захаваць тое, што ёсць, і прымножыць. Варта быць адданай тым ідэям, якія складаюць сэнс жыцця любой жанчыны.

Калі гаварыць аб ролі жанчыны ў нашым грамадстве, то я бачу тэндэнцыю на яе ўзмацненне, як бы на мяне ні крыўдзіліся мужчыны

Калі гаварыць аб ролі жанчыны ў нашым грамадстве, то я бачу тэндэнцыю на яе ўзмацненне, як бы на мяне ні крыўдзіліся мужчыны (усміхаецца, – заўв.). На адной з лекцый я пачула фразу, яе сэнс заключаецца ў наступным: «Чаму мы дзівімся, што наш свет такі ваяўнічы? Ён ваяўнічы, таму што яго калісьці будавалі мужчыны. Жанчыны па сваёй унутранай прыродзе імкнуцца ўсё аберагаць, ахоўваць, клапаціцца. Яны ствараюць умовы для жыцця. Жанчыны хутчэй будавалі б масты і дамы, а не крэпасці».

Жанчыны хутчэй будавалі б масты, дамы, а не крэпасці

У гэтым мне бачыцца стваральная роля жанчыны. І менавіта гэтую асаблівасць мы зараз назіраем у нашым грамадстве. А такая стваральнасць – гэта заўсёды падмурак любога праекту, за які бярэцца жанчына, аб гэтым сведчаць гісторыі нашых знакамітых суайчынніц.

Адказваючы на пытанне аб ролі жанчын у Цэнтры, скажу наступнае. Не пабаюся гэтага слова, яна галоўная, калі мы, вядома, бярэм у якасці крытэрыю колькасць работнікаў-жанчын у нашай арганізацыі. Аднак усе працоўныя функцыі выконваюцца на высокім узроўні (і работнікамі-жанчынамі, і работнікамі-мужчынамі).

Мой погляд можа быць абсалютна суб’ектыўным, але я думаю, што ідэйна крэатыўны цэнтр нашага Цэнтра складае менавіта жаночая частка. Доказ гэтаму – мерапрыемствы, да якіх дакранаецца жаночая рука (а жаночая рука, акрамя Восьмага сакавіка, дакранаецца да ўсіх мерапрыемстваў, – заўв.). Хацелася б у далейшым гэтую ролю захаваць, прымножыць і выконваць яе з задавальненнем.

Интервью с заместителем руководителя Института правовых исследований Ольгой Бакиновской в рамках проекта «Женское лицо НЦЗПИ»

– Дзякуем за Ваша меркаванне. Падводзячы вынік нашай гутаркі, што б Вы пажадалі жанчынам у Год беларускай жанчыны?

– Жадаць буду доўга, таму што навука не ўмее гаварыць коратка. Асабістага прафесійнага росту, адкрытасці новаму. Быць смелай, рашучай, адданай сям’і, Радзіме, справе.

Быць маяком для сваіх дзяцей, сям’і, для калегаў, пуцяводным агнём, у святле якога ўсё становіцца на свае месцы.

Быць той, у чыёй прысутнасці вырашаюцца самыя складаныя пытанні.

Быць прыкладам для сваіх дзяцей. Памятаць, што за жанчынамі будучыня, і памятаць аб мінулым, аб тых выпрабаваннях, праз якія прайшлі пакаленні нашых беларускіх жанчын. Памятаць аб народнай сіле, адвазе, мужнасці.

Жадаю падарожнічаць, перш за ўсё па нашай краіне. Беларусь – гэта казачная кніга, на старонках якой разгортваецца цікавая гісторыя. Мы бачым, якія прыгожыя ў нас мясціны. Яны ажыўляюць душу.

Знаёміцца з новымі людзьмі, таму што людзі – гэта невычэрпная скарбніца інфармацыі, прыклады для натхнення.

Натхняць самой. Няма нічога лепш, калі ты бачыш, як ад жаночага погляду нешта мяняецца альбо мяняецца тое, да чаго дакранаюцца жаночыя рукі.

І напрыканцы я хачу падзяліцца адной са сваіх формул. Трэба заўсёды шукаць рашэнне, яно ёсць. Галоўнае – думаць і дзейнічаць.

За рамкамі нашай размовы мы папрасілі Вольгу Аляксандраўну выказаць меркаванне па пытанні, што выклікае шмат дыскусій: жанчына павінна імкнуцца да поўнай эмансіпацыі ці ёй лепш захоўваць больш вядзёную, традыцыйную ролю ў жыцці?

Суразмоўніца адзначыла, што на гэтую тэму можна весці шматгадзінную гутарку-разважанне. На яе погляд, кожны павінен мець магчымасць ісці тым шляхам, які ён абраў:

«Калі жанчына абрала шлях эмансіпацыі, значыць, эмансіпацыя. Калі ж ёй падабаецца быць вядзёнай, – гэта яе выбар, і рана ці позна знойдзецца той мужчына, які возьме яе за руку і павядзе па гэтым жыцці. Затым яны, узяўшы за рукі сваіх дзетак, пойдуць разам. Жаночая натура складаная: перыядычна яна хоча быць моцнай, але з такой жа перыядычнасцю яна хоча быць слабой – у самым добрым сэнсе гэтага слова».

Мы дзякуем Вользе Аляксандраўне за цікавую гутарку.

Новае інтэрв’ю праекту «Жаночы твар НЦЗПІ» хутка на нашым сайце. Сачыце за навінамі.

Па тэме:

Роля сучаснай жанчыны – у спалучэнні асабістай самарэалізацыі, кар’еры і захаванні жаноцкасці, а любы поспех – работа ў камандзе з прафесіяналамі. Інтэрв’ю першага намесніка дырэктара НЦЗПІ Галіны Падразёнак

Быць беларускай жанчынай – значыць быць моцнай, мудрай і прыгожай, ствараючы будучыню сваімі рукамі! Інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права Анастасіяй Шумак

Любая жанчына, дзе б яна ні працавала і якіх бы вышынь ні дасягнула, павінна заўсёды захоўваць сваю прыродную сутнасць. Інтэрв’ю з начальнікам упраўлення эталоннага банка даных прававой інфармацыі, прафсаюзным лідарам НЦЗПІ Таццянай Рэуцкай

 

3 Жнiўня 2026 Г.
Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
Детский правовой сайт
Подняться наверх