Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
Прадстаўляем вашай увазе яшчэ адно інтэрв'ю ў рамках праекта «Жаночы твар НЦЗПІ». Наша сённяшняя суразмоўніца – Наталля Станкевіч, дырэктар рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Магілёўскай вобласці, дэпутат Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

– Наталля Уладзіміраўна, што Вам больш за ўсё падабаецца ў Вашай рабоце?
– Для мяне важна, што праца ў рэгіянальным цэнтры сумяшчае працу з людзьмі і сістэмнае партнёрства з дзяржаўнымі структурамі ў рамках рэалізацыі маштабных праектаў па дыстрыбуцыі прававых ведаў. Мяне матывуе ўдзел у прыярытэтных напрамках дзяржаўнай сацыяльна-культурнай палітыкі, у прыватнасці ў павышэнні прававой адукаванасці падрастаючага пакалення.
Рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі ўнікальныя, яны забяспечваюць эфектыўнае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў рэгіёнах, выступаюць сувязным звяном, якое ўкараняе актуальныя інфармацыйныя тэхналогіі для рэалізацыі дзяржаўных задач і павышэння прававой культуры грамадства. Наш рэгіянальны цэнтр ганарыцца шматгадовым і плённым супрацоўніцтвам з дзяржаўнымі структурамі, дапамагаючы ім аператыўна арыентавацца ў зменлівым заканадаўстве.
Адзначу, што наш філіял заваяваў бездакорную рэпутацыю і трывала зацвердзіўся ў статусе надзейнага партнёра. Мы супрацоўнічаем з больш чым 2500 арганізацыямі рэгіёну.
Шматзадачнасць. Дырэктар РЦПІ – гэта шматпрофільны кіраўнік, які паспяхова спалучае стратэгічнае кіраванне з рашэннем практычных задач (вырашае адміністрацыйныя пытанні, кіруе продажамі, кіруе камандай).
І, безумоўна, гэта каманда. Людзі, якія штодня са мной. Упэўнена магу сказаць, што ганаруся сваёй камандай. Наша праца – гэта сінэргія ўзаемадзеяння з грамадзянамі і партнёрства з дзяржаўнымі органамі, дзе кожны вынік увасабляецца ў канкрэтныя справы, а эфектыўнасць пацвярджаецца дакладнымі лічбамі і рэальным прыбыткам.
– Вы выказалі гонар за сваю каманду. Моцная каманда – складальнік поспеху кіраўніка. І гэта дасягненне. Скажыце, а якімі яшчэ дасягненнямі вы ганарыцеся?
– Я прайшла шлях ад юрысконсульта да кіраўніка філіяла. У гэтым годзе маёй любімай справе споўнілася 25 гадоў, з якіх 15 гадоў з'яўляюся дырэктарам рэгіянальнага цэнтра.
Мой прынцып – натхняць людзей, дапамагаць ім станавіцца лепшай версіяй сябе
Паўтаруся, што маім гонарам з'яўляецца калектыў і атмасфера ўнутры яго. Гэта моцная каманда, на якую я абапіраюся ў працы. Мы разам здольныя эфектыўна рэалізоўваць праекты, якія патрабуюць вялікіх намаганняў і рэсурсаў. Мой прынцып – натхняць людзей, дапамагаць ім станавіцца лепшай версіяй сябе. І магу сказаць, што адчуваю аддачу. Я вельмі цаню тую цеплыню, з якой мае калегі ставяцца адзін да аднаго і да мяне.
РЦПІ Магілёўскай вобласці дасягае стабільна высокіх вынікаў. Наш галоўны гонар – лідарства па суправаджэнні банкаў даных лакальных прававых актаў для дзяржаўных структур і арганізацый. Напрыклад, у першым паўгоддзі бягучага года мы апрацавалі 13 700 лакальных прававых актаў агульным аб'ёмам больш за 50 тысяч старонак для ўключэння ў інфармацыйна-пошукавую сістэму «ЭТАЛОН». Гэта вынік сістэмнай работы калектыву і пабудаванага партнёрства.
Шчыра лічу, што кожны чалавек – гэта каштоўны брыльянт, які я трымаю ў руках, адчуваючы адказнасць за яго
Шчыра лічу, што кожны чалавек – гэта каштоўны брыльянт, які я трымаю ў руках, адчуваючы адказнасць за яго. І калі мы аб'ядноўваем намаганні, нашы клопат і ўзаемадзеянне ператвараюцца ў вынік.

Раней наша каманда займала камерны, утульны офіс, але дынамічны рост цэнтра прадыктаваў неабходнасць пашырэння. Я знайшла новыя плошчы. Была праведзена маштабная рэканструкцыя, якая цалкам перафарматавала іх пад сучасныя стандарты. Сёння РЦПІ Магілёўскай вобласці працуе ў прасторы, дзе ідэальна спалучаюцца эрганоміка і камфорт. І гэта таксама падстава для гонару.
Магу сказаць, што прадметам гонару з'яўляецца і тое, што я ўваходжу ў абласную групу па прававой асвеце грамадзян і інфармацыйна-прапагандысцкую групу. З прадстаўнікамі Магілёўскага аблвыканкама я выязджаю ў працоўныя калектывы. Гэта частка маёй працы, да якой стаўлюся з хваляваннем і павагай.
– Наталля Уладзіміраўна, па-за рамкамі працоўных працэсаў, напэўна ёсць моманты, якія выклікаюць пачуццё глыбокага задавальнення і гонару?
– Найбольш значным дасягненнем лічу прызнанне заслуг і давер – абранне дэпутатам Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў у лютым 2024 года. Гэта перш за ўсё сур'ёзная грамадская праца, высокая адказнасць за свой рэгіён і магчымасць рэальна ўплываць на жыццё людзей. Статус дае грамадскае прызнанне, разам з тым патрабуе рэгулярнай, карпатлівай працы на грамадскіх пачатках.

Прызнаюся, першы год сумяшчаць з асноўнай працай было няпроста: сацыяльная сфера, якой я займаюся як намеснік старшыні камісіі, вельмі чуллівая і патрабуе карпатлівай, у тым ліку папяровай, працы. Але я знаходжу ў гэтым прызначэнне і натхненне.
Хачу адзначыць: людзі давяраюць дэпутатам, а органы ўлады, у сваю чаргу, заўсёды гатовыя пайсці насустрач
Яскравы прыклад: па звароце жыхара мы вырашылі шматгадовую праблему і ўсталявалі «ляжачага паліцэйскага» і папераджальны знак ля школы. Пытанне патрабавала міжведамаснага ўзаемадзеяння і бюджэту, але бяспека дзяцей не трывае кампрамісаў. Хачу адзначыць: людзі давяраюць дэпутатам, а органы ўлады, у сваю чаргу, заўсёды гатовыя пайсці насустрач.
На прыёмах грамадзян я стараюся не проста выслухаць чалавека, а дапамагчы перавесці ідэі на дакладную мову закона. Надаць ім статус грамадзянскіх ініцыятыў для наступнага ўключэння ў абласныя праграмы.
Дэпутацкія запыты на адрас дзяржаўных органаў за подпісам «Станкевіч» – не рэдкасць.
– Займаючыся прававой асветай, вы не проста інфармуеце грамадзян, але і актыўна спрыяеце ўкараненню іх прапаноў у нарматыўную-прававую базу, выконваючы важную задачу па ўзаемадзеянні грамадства і ўлады.
– Так. Я знайшла ідэальны баланс паміж сваёй прафесіяй і грамадскай місіяй. Дэпутацкую дзейнасць можна параўнаць з працай лекара або педагога. Таму што ва ўсіх выпадках бачыш вынік сваіх намаганняў.
– Акрамя кар'ерных вышынь, якія асабістыя дасягненні вы шануеце больш за ўсё? Якія жыццёвыя ўрокі або перамогі ў балансе паміж працай, сям'ёй і самарэалізацыяй лічыце сваімі галоўнымі дасягненнямі?
– Жыццё шматграннае. Сапраўднае шчасце, сапраўдная сіла, маё дасягненне і натхненне – ў мацярынстве. Я – мама, жонка.
Я заўсёды адчувала асаблівую сувязь з замежнымі мовамі і хацела нават стаць перакладчыкам. Лёс распарадзіўся інакш, я выбрала строгую логіку юрыспрудэнцыі. Але вельмі ганаруся тым, што мая мара рэалізавалася ў дачцэ. Яна з адзнакай скончыла рамана-германскае аддзяленне БДУ. Сваю акадэмічную англійскую мову я выкарыстоўваю, прымаючы экзамены ў замежных студэнтаў (на працягу шэрагу гадоў Наталля Уладзіміраўна ўзначальвае дзяржаўную экзаменацыйную камісію на факультэце эканомікі і права Магілёўскага дзяржуніверсітэта. – Прым.).
– Вы згадалі пра захапленне замежнымі мовамі, аднак у выніку выбралі шлях юрыста. Як адбыўся гэты выбар?
– Я вырасла ў сям'і афіцэра, таму дысцыпліна і пачуццё адказнасці былі прывіты мне з самых ранніх гадоў. Першапачаткова я марыла стаць перакладчыкам, але абставіны склаліся інакш і я выбрала на юрыспрудэнцыю. Дарэчы, на сваю першую працу ў рэгіянальны цэнтр прававой інфармацыі я прыйшла літаральна на наступны дзень пасля атрымання дыплома (усміхаецца. – Прым.). Пазней я з адзнакай скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне і самакіраванне». І вось сёлета маёй любімай справе спаўняецца 25 гадоў.
– Разважаючы пра ролю жанчыны, якой вы бачыце яе ў грамадстве і ў нашым цэнтры?
– Для мяне жанчына – гэта перш за ўсё захавальніца сямейнага ачага, тая, хто выхоўвае дзяцей і перадае культурныя каштоўнасці.
Спалучэнне розуму, эмацыйнага інтэлекту, жаноцкасці і ўнутранай сілы – гэта фундаментальныя якасці беларускай жанчыны
Але ў той жа час жанчыны адыгрываюць каласальную ролю ў грамадскім і палітычным жыцці краіны, і ў нас сапраўды шмат моцных жанчын-кіраўнікоў. Спалучэнне розуму, эмацыйнага інтэлекту, жаноцкасці і ўнутранай сілы – гэта фундаментальныя якасці беларускай жанчыны. У нашым калектыве, дзе жанчын большасць, мы, мабыць, задаем тон сваёй трываласцю, цярпеннем і шматзадачнасцю.
Аднак мужчыны для нас, безумоўна, незаменныя. Падкрэслю, што ў нашым філіяле без мужчын-праграмістаў мы б проста не справіліся. Яны – наша энергія, тэхнічная сіла, наш галоўны падмурак, дзякуючы якому ўсё працуе зладжана, надзейна і бесперабойна. Няма сэнсу вымяраць, чыя роля галоўней. Мужчыны – гэта наша апора і надзейная абарона, побач з імі мы адчуваем сябе ў бяспецы.
– Не магу не задаць вам традыцыйнае пытанне да ўдзельніц нашага праекта. У сутках 24 гадзіны, як вы ўсё паспяваеце? Падзяліцеся сакрэтам, магчыма, асабістым крэда.
– У мяне асаблівага сакрэту няма. Але магу сказаць, што я вельмі дысцыплінаваны чалавек. Я планую свой дзень па гадзінах, нават па хвілінах. Ведаю, што буду рабіць у абед, чым будзе заняты мой вечар, і заўсёды планую загадзя выхадныя.

Я займаюся фітнесам, ён дае сілы і трываласць, а ёга павышае стрэсаўстойлівасць. Ды і культурны ўдзел карысны для здароўя нароўні з фізічнымі практыкаваннямі. Натхняюся мастацтвам, лічу, што чалавеку проста неабходна займацца любым яго відам: музыкай, спевамі, танцамі, акцёрствам, маляваннем, скульптурай, паэзіяй, прозай. Усё роўна, добра ці дрэнна. Каб даведацца, што ўнутры нас, каб наша душа расла. Люблю наведваць выставы. Музеі – маё месца сілы. Чэрпаю натхненне ў жывапісе, гісторыі. Я і калег заразіла гэтым захапленнем.
– І апошняе пытанне ў нашай сённяшняй размове: што б вы пажадалі жанчынам у Год беларускай жанчыны?
– Поспехаў. Прызнання на працы. І новых перамог! Хачу сказаць: любіце, будзьце сумленныя з сабой і тымі, хто вас акружае. Будзьце добрымі і захоўвайце ўнутранае цяпло.
На заканчэнне Наталля Уладзіміраўна дадала, што «сапраўдная жанчына пакідае пасля сябе не ўспамін, а лёгкі шлейф акрыляючага натхнення і непарушную ціхую надзейнасць, у якой так мае патрэбу свет. Стан гармоніі, парадак у душах тых, хто побач, і ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра. Побач з ёй хочацца жыць, верыць у сябе».
Завяршаючы сённяшняе інтэрв'ю, хочам выказаць падзяку нашай суразмоўніцы за вычарпальныя адказы і змястоўную размову.
Новае інтэрв'ю праекта «Жаночы твар НЦЗПІ» хутка на нашым сайце. Сачыце за навінамі.
Па тэме: