Для обеспечения удобства пользователей данный сайт использует файлы cookie
Наша суразмоўніца ў чарговым інтэрв’ю праекту «Жаночы твар НЦЗПІ» – Аляксандра Міхнюк, навуковы супрацоўнік аддзела даследаванняў у галіне дзяржаўнага ладу і інфармацыйнага права Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПІ, шматдзетная маці, уладальніца ордэна Маці.

Улічваючы выбар гераіні і час выхаду матэрыялу – напярэдадні святкавання Тыдня бацькоўскай любові, мы пачалі інтэрв’ю не з традыцыйнага пытання аб прафесійнай рэалізацыі.
– Аляксандра Ігараўна, некаторыя дзяўчынкі ўжо з пэўнага ўзросту разумеюць, што хочуць мець вялікую сям’ю. Скажыце, а Вы меркавалі, што станеце шматдзетнай маці?
– Не магу сказаць, што ў юнацтве ў мяне было імкненне мець вялікую сям’ю. Аднак лічу натуральным, уступаючы ў шлюб з каханым мужчынам, марыць аб працягу вашай любові ў дзецях. І я, і муж любім дзяцей, і неяк натуральна атрымалася, што нас стала больш у два з паловай разы.
Некаторым можа падацца, што ўсё лёгка даецца. Не, гэта нялёгка. І не так важна, колькі ў сям’і дзяцей: адзін, два ці пяцёра, – у любым выпадку гэта вялікая адказнасць.
Калі ты вырашаеш нарадзіць дзіця, то павінен усведамляць: неабходна прысвячаць дзіцяці сваё жыццё
І самае галоўнае. Калі ты вырашаеш нарадзіць дзіця, то павінен усведамляць: неабходна прысвячаць дзіцяці сваё жыццё, як бы высакамоўна гэта ні гучала, несці адказнасць не толькі за тое, каб яно было сытым, апранутым і абутым, але і за яго духоўнае развіццё, адукацыю. Таму мы прыкладалі і прыкладаем максімум намаганняў. Усе дзеці займаюцца спортам, музыкай, наведваюць разнастайныя гурткі і секцыі. Важна, каб дзіця расло і разумела, што яно не адно, у яго ёсць падтрымка бацькоў.
– Вам удаецца сумяшчаць шматдзетнае мацярынства з рэалізацыяй у прафесіі, навуковай дзейнасцю. Што больш за ўсё прываблівае ў рабоце?
– Перш-наперш, гэта пастаянная работа над сабой. Часам здаецца, што складаную задачу немагчыма рэалізаваць, але пачынаеш дзейнічаць – і разумееш, што ўсё магчыма.
Падабаецца і тое, што навуковая праца – гэта бесперапынны працэс пазнання. Цэнтр займаецца нарматворчай дзейнасцю, з гэтай прычыны тэмы навукова-даследчай работы, вядома ж, звязаны ў першую чаргу з найбольш важнымі задачамі, што стаяць перад беларускай дзяржавай: гэта і праблемы лічбавізацыі нарматворчага працэсу, і супрацьдзеянне міжнародным санкцыям, і ўвядзенне штучнага інтэлекту.
Работа – гэта таксама людзі, мае калегі, якія заўсёды побач. Яны прафесіяналы высокага ўзроўню. Створаная атмасфера абмену вопытам і падтрымкі вельмі каштоўная.
Мне ўдаецца натхняць, абуджаць цягу да ведаў, імкненне да інтэлектуальнага пошуку
Для мяне гэтыя складнікі работы важныя яшчэ і таму, што я з’яўляюся прыкладам для сваіх дзяцей. Мне ўдаецца іх натхняць, абуджаць цягу да ведаў, імкненне да інтэлектуальнага пошуку. З самага пачатку вучобы ва ўніверсітэце дачка і сын удзельнічаюць у канферэнцыях (старэйшая дачка вучыцца на пятым курсе біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, сын – на другім курсе факультэта міжнародных адносін – заўв.). Вядома, я ім дапамагаю і падтрымліваю. У сваю чаргу, дзеці бачаць на маім прыкладзе, што займацца навукай цікава.

Па вопыце ведаю (Аляксандра Ігараўна 6 гадоў адпрацавала выкладчыкам юрыдычнага факультэта БДУ – заўв.), што моладзі, за рэдкім выключэннем, патрэбны стымул для таго, каб пачаць займацца навуковымі даследаваннямі. Сваім прыкладам я стараюся паказаць дзецям, як важна займацца навукай і што для гэтага трэба, таму што без навукі немагчыма ўявіць развіццё сучаснага грамадства. Больш за тое, я перакананая, што ў нарматворчай дзейнасці менавіта трывалы навуковы падмурак адыгрывае галоўную ролю ў выбары правільнага вектару развіцця.
Як навуковы супрацоўнік аддзела дзяржаўнага ладу і інфармацыйнага права я штодня паглыбляюся ў актуальныя праблемы гэтых сфер. Інфармацыйнае права дынамічна развіваецца, гэта галіна стала новай і для мяне, і для многіх калег-юрыстаў. Работа ў Цэнтры істотна трансфармуе мае навуковыя інтарэсы. Я ўспрымаю такі працэс як велізарны плюс: гэта не толькі значна пашырае кругагляд, але і прыносіць шчырае задавальненне.
Асаблівае маральнае задавальненне прыносіць усведамленне маштабу задач, што мы вырашаем, і дачыненне да значных праектаў
Асаблівае маральнае задавальненне прыносіць усведамленне маштабу задач, што мы вырашаем, і дачыненне да значных праектаў. Аднак самае каштоўнае – магчымасць прамога ўзаемадзеяння з вядомымі, прызнанымі навукоўцамі сучаснасці. Мы рэгулярна ўдзельнічаем у міжнародных мерапрыемствах і канферэнцыях. Жывыя зносіны з аўтарамі навуковых прац, магчымасць пачуць іх і асабіста абмеркаваць ідэі аказваюць непараўнальна большы эфект, чым проста чытанне іх работ. Такі вопыт літаральна мяняе светапогляд, і я бясконца ўдзячная Цэнтру за прадастаўленыя магчымасці.
– Аляксандра Ігараўна, Вы ўзгадвалі вопыт выкладання на юрыдычным факультэце БДУ, а цяпер паглыбіліся ў навуку. Раскажыце пра шлях у прафесію.
– Сапраўды, выкладанне займае важнае месца ў маім жыцці. Раней я паспяхова сумяшчала яго з асноўнай работай, але ў перыяд маштабнай інвентарызацыі заканадаўства аб’ём задач вырас настолькі, што давялося зрабіць выбар на карысць апошняй. Цяпер, калі маё малодшае дзіця пайшло ў першы клас, часу таксама няшмат, але я не губляю надзеі вярнуцца да педагогікі. Я глыбока перакананая, што выкладаць павінны менавіта практыкі. Важна дзяліцца рэальным вопытам і расказваць, як працэсы адбываюцца на самай справе.

Калі ж гаварыць пра тое, як я прыйшла ў прафесію, то шчыра прызнаюся: у школе я вучылася добра і спачатку вельмі хацела стаць лекарам. Па сённяшні дзень часам успамінаю пра гэта, таму што адчуваю: мой склад характару і стаўленне да людзей маглі б выдатна раскрыцца ў медыцыне.
Захапленне дакладнымі навукамі, аналітычны склад розуму шмат у чым прадвызначылі мой прыход менавіта ў юрыдычную навуку, дзе аналітычныя здольнасці адыгрываюць першарадную ролю
Аднак выбар юрыдычнага факультэта быў шмат у чым прадыктаваны парадай бацькоў. Пры гэтым я ні секунды не перажывала, што стала юрыстам. Юрыспрудэнцыя – гэта ўнікальная сфера. З аднаго боку, яна гуманітарная, але з другога – без жалезнай логікі добрым спецыялістам стаць немагчыма. У дзяцінстве я вельмі любіла матэматыку, і гэтае захапленне дакладнымі навукамі, аналітычны склад розуму шмат у чым прадвызначылі мой прыход менавіта ў юрыдычную навуку, дзе аналітычныя здольнасці адыгрываюць першарадную ролю.
У сям’і нада мной дагэтуль жартуюць: «Мама, ты не стала лекарам, але нішто не перашкаджае табе стаць доктарам навук». І гэты жарт трапляе ў цэль. Любы навуковец рухаецца па пэўнай траекторыі, і цяпер мне трэба будзе пераадолець важны этап – абарону кандыдацкай дысертацыі. Паколькі тэма майго даследавання ляжыць у некалькі іншай плоскасці, чым мае бягучыя рабочыя задачы, працаваць даводзіцца паралельна. Але, як кажуць, усё ў нашых руках.

– Вы актыўна ўдзельнічаеце ў навуковых мерапрыемствах. Як удаецца сумяшчаць навуковую дзейнасць з мацярынствам, пакідаючы час для самаразвіцця?
– Я па прыродзе вельмі актыўны чалавек. Многія, даведаўшыся, што ў мяне пяцёра дзяцей, здзіўляюцца. Кажуць, што гэта складана. Я ж лічу, што складаней з адным дзіцем, а потым у цябе працэсы наладжаныя. Ты ведаеш, што рабіць, і ўсё атрымліваецца як па інструкцыі (усміхаецца – заўв.).
Калі захоўваць пазітыўны настрой – адбываецца ўсё лёгка
У мяне такі падыход да жыцця: калі ўзнікаюць складаныя абставіны, я стараюся ва ўсім бачыць пазітыўныя моманты. Перакананая: калі думаць пра тое, што дрэнна, цяжка, – рукі апускаюцца. Калі захоўваць пазітыўны настрой – адбываецца ўсё лёгка.
Люблю займацца спортам. Па натуры я азартны чалавек, таму для мяне важныя ўдзел у спаборніцтвах, магчымасць адчуць дух суперніцтва, выкід адрэналіну. Я бяру ўдзел у спаборніцтвах па плаванні, бадмінтоне, спартыўным арыентаванні, дартсе.
Акрамя таго, рэгулярна наведваю басейн. Прызнаюся, першапачаткова плаванне не было маім любімым заняткам, але я вырашыла не губляць бонусу, прадастаўленага нашай арганізацыяй. Вось ужо тры гады я рэгулярна прыходжу на трэніроўкі да 7 раніцы і атрымліваю ад гэтага занятку задавальненне. Дзякуючы магчымасцям, даступным работнікам Цэнтра, мне ўдаецца не толькі рэалізавацца ў навуковай дзейнасці, але і дасягнуць пэўных спартыўных вынікаў.
– Магчыма, ёсць хобі, якое натхняе і дазваляе перазагрузіцца?
– Я вельмі люблю падарожнічаць. Наведала 42 краіны. Безумоўна, большасць падарожжаў арганізавана без дзяцей, таму што гэта складаная лагістыка. Аднак дзякуючы рабочым (удзел у розных навуковых мерапрыемствах у розных гарадах – заўв.) і карпаратыўным паездкам я адкрыла для сябе Беларусь і часта туды, дзе была ў камандзіроўках або з калектывам, вяртаюся з сям’ёй. Так я знаёмлю дзяцей з Беларуссю. І скажу, што гэта лепшае выхаванне патрыятызму, любові да краіны, дзе ты расцеш. Ёсць цікавы факт, які я заўважыла: калі мы разам падарожнічаем за межы Беларусі, дзеці заўсёды ацэньваюць, параўноўваюць, дзеляцца меркаваннем аб тым, што падабаецца ці не падабаецца ў іншай краіне. І часта гучыць думка: «Дома добра!»
Мы любім актыўны адпачынак, таму, акрамя турыстычных падарожжаў, ходзім у паходы.
Старэйшыя дзеці ўжо жывуць асобна, але мы рэгулярна збіраемся сям’ёй у нашым загарадным доме і разам ходзім у лазню.
Гуляем у настольныя гульні. Такое сумеснае баўленне часу зараз папулярнае. А для сябе я адзначыла, што сучасныя настолкі дапамагаюць раскрыцца і дарослым, і дзецям.
Скажу, што ўсе гэтыя захапленні сталі сямейнымі традыцыямі.
– Наколькі важная для Вас падтрымка сям’і ў Вашых занятках?
– У маёй актыўнасці ёсць адваротны бок: я заўсёды імкнуся ўсё рабіць сама. Аднак у выхаванні дзяцей мы з мужам удзельнічаем у роўнай ступені, праводзім з імі шмат часу. Стараемся падзяляць іх захапленні і далучаць да сваіх. Напрыклад, муж разам са старэйшым сынам займаецца барацьбой.
Мы далучаем дзяцей да здаровага ладу жыцця, таму што для мяне гэта прынцыпова важна. Са здаровым харчаваннем усё проста: што мама прыгатуе, тое сям’я і з’есць. А вось матывацыю да спорту і самаразвіцця так проста не перадасі. Тут трэба паказваць асабісты прыклад і ствараць умовы, каб дзеці маглі гэтым займацца.
Я ўпэўнена, што дзеці – гэта мая адказнасць. Я прывяла іх у гэты свет – і адказваць за іх павінна я
Пры гэтым дзеці заўсёды гатовыя дапамагчы. Улетку мы жывем за горадам, і малодшы сын (яму, дарэчы, 16) узяў на сябе пакос травы – гэта яго ўклад. Дачка сама падахвоцілася дапамагаць з малодшай сястрой: водзіць яе на маляванне, у басейн, забірае з прадлёнкі. Але я стараюся гэтым не злоўжываць: у старэйшых не было і няма абавязку даглядаць малодшых. Я ўпэўнена, што дзеці – гэта мая адказнасць. Я прывяла іх у гэты свет – і адказваць за іх павінна я.

Мы з мужам шмат аддаем нашым дзецям, і яны выраслі вельмі таленавітымі асобамі. У 2019 годзе, калі ў нас было чацвёра дзяцей, гімназія запрасіла нас паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую шматдзетную сям’ю Савецкага раёна сталіцы, і мы занялі першае месца. Пазней у нас нарадзілася пятае дзіця.
Важнае прызнанне майго ўкладу ў выхаванне дзяцей – ордэн Маці.
Для мяне ордэн Маці – афіцыйнае прызнанне таго, што на гэтай ніве я ўсё раблю правільна
Калі ў нашай краіне ўручаюць гэтую пачэсную ўзнагароду, вельмі строга правяраюць умовы ў сям’і і тое, як бацькі выконваюць свае абавязкі. Яна даецца не проста за факт наяўнасці пяцярых дзяцей, а за іх правільнае выхаванне. Для мяне ордэн Маці – афіцыйнае прызнанне таго, што на гэтай ніве я ўсё раблю правільна. І я гэтым вельмі ганаруся.
– Развіваючы гэтую тэму, якой Вы бачыце ролю жанчыны ў грамадстве?
– У сучасным грамадстве жанчына – гэта ўжо не толькі захавальніца сямейнага ачага, але і высакакласны прафесіянал у любой сферы. На шчасце, сёння бытавыя пытанні вырашаюцца значна прасцей і статус маці больш не з’яўляецца перашкодай для кар’ернага росту. Мне шчыра хочацца, каб у кожнай беларускай жанчыны была магчымасць паспяхова сумяшчаць розныя ролі, пастаянна развівацца і быць шматграннай. І ў гэтым, на мой погляд, заключаецца асаблівая жаночая сіла: мы валодаем унікальнай здольнасцю да шматзадачнасці.
Хачу пажадаць кожнай беларускай жанчыне адчуць жаночую сілу, а таксама апору і падтрымку мужчын. Вядома, пажадаю ўсім нам верыць у сябе, быць шматграннымі. Не трэба выбіраць паміж сям’ёй і прызнаннем – можна паспяваць быць і мамай, і прафесіяналам, і проста сабой.
Мы дзякуем Аляксандры Ігараўне за цёплую і змястоўную гутарку!
Новае інтэрв’ю праекту «Жаночы твар НЦЗПІ» хутка на нашым сайце. Сачыце за навінамі.
Па тэме: